Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНСАЦЫЯ Ў МІЧЫГАНЕ: ДАГЭТУЛЬ ЯЗВУ СТРАЎНІКА ЛЯЧЫЛІ НЯПРАВІЛЬНА


Сяргей Абламейка, Прага

Што такое язва страўніка ці дванаццаціпалай кішкі – ведае, бадай, кожны беларус. Сёньня гэта адна з самых распаўсюджаных у Беларусі хваробаў. Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя, калі чалавек хварэў на язву, яго па 8-9 месяцаў лячылі ў шпіталях і давалі яму інваліднасьць ІІ групы. Пасьля інваліднасьць даваць перасталі, язву пачалі даволі пасьпяхова лячыць за месяц-два, а зараз язьвенікаў, часам, нават не кладуць у лякарню – лечаць таблеткамі дома. Гэтак сама і на Захадзе. Праблема ў тым, што залячыць непасрэдна рану ў страўніку лёгка, а вось запабегчы яе паўторнаму зьяўленьню – цяжка. Язва – хранічная хвароба.

У 1980-х гадах аўстралійскія навукоўцы адкрылі бактэрыю, якую ад таго часу лічаць адказнай за ўзьнікненьне язвы страўніка. Гэта так званая Helicobacter pylory. Сёньня людзей, якія яе маюць, даволі пасьпяхова вылечваюць камбінацыяй звычайных лекаў і антыбіётыкаў.

І вось нядаўна амэрыканскія навукоўцы апублікавалі вынікі двух дасьледаваньняў, якія дазваляюць зусім інакш паглядзець на прычыны ўзьнікненьня язвы і раку страўніка. Хоць дасьледаваньні былі пакуль што праведзеныя толькі на мышах, але яны пераканаўча сьведчаць, што Helicobacter pylory адказная за большасьць выпадкаў ня толькі язвы, але і раку страўніка. Прычым уласна Helicobacter толькі адна з многіх бактэрыяў, якія спараджаюць у людзей праблемы.

Ёсьць і іншы сэнсацыйны вынік. Аказваецца, прыём так званых антацыдаў – лекаў, якія паніжаюць кіслотнасьць страўніку – можа рабіць наш страўнік значна больш падатлівым для росту бактэрыяў. Атрымліваецца як бы зачараванае кола: бактэрыі падвышаюць кіслотнасьць і спараджаюць пякотку, людзі пачынаюць браць лекі супраць кіслотнасьці, а гэтыя лекі правакуюць новы рост бактэрыяў... І антыбіётыкі – адзіны сродак, які можа перашкодзіць гэтаму росту і разарваць зачараванае кола.

Адна з парадаў лекарам і хворым, якую выказала перад журналістамі кіраўнічка калектыву навукоўцаў, доктарка Хуаніта Мёрчант зь Мічыганскага ўнівэрсытэту, – гэта адмова ад вельмі доўгага прыняцьця лекаў для паніжэньня кіслотнасьці, бо гэта можа спарадзіць яшчэ большыя праблемы. Прычым найбольш небясьпечны доўгі прыём самых моцных на сёньняшні дзень антыкіслотных лекаў. Цяпер гэтыя лекі выкарыстоўваюцца і ў Беларусі – гэта амепразол, вядомы беларускім хворым пад рознымі назвамі – адна зь іх, напрыклад, Амез.

Падчас мічыганскага экспэрымэнту выкарыстоўваліся амепразол і яго аналяг лансапразол. У мышэй, якім давалі амепразол два месяцы, гэта значыць, падаўлялі ім кіслотнасьць, разьвілася паўторнае запаленьне страўніку. У другой групы мышэй пры дапамозе геннай інжынэрыі выдалілі гармон гастрын, які адказвае за выпрацоўку кіслаты ў страўніку. У выніку ў гэтай другой групы мышэй бактэрыяў у страўніку разьвялося столькі, што іх не змаглі заразіць Helicobacter pylory – для яе проста не знайшлося месца! Доктарка Хуаніта Мёрчант лічыць, што язва і рак страўніка непасрэдна зьвязаныя з адказам арганізму на хуткі і бескантрольны рост у страўніку шкодных бактэрыяў. Прычым яна сказала, што гэта ня толькі ўжо добра вядомая Helicobacter, але і так званыя лактабацылы, кішэчныя бактэрыі, стафілакокі і іншыя. Адказ гэты – падвышэньне кіслотнасьці.

Вынікі дасьледаваньня дазволілі навукоўцам зрабіць выснову, што некаторыя людзі маюць генэтычную схільнасьць менавіта да такога адказу на дзейнасьць шкодных бактэрыяў у страўніку – бо толькі гэтым можна вытлумачыць, што бактэрыі выклікаюць язву не ва ўсіх, хто іх мае.

Аўтары экспэрымэнтаў у Мічыгане выказалі заклапочанасьць з прычыны таго, што моцныя антацыды або лекі супраць кіслотнасьці страўніка могуць свабодна прадавацца ў аптэках – нагэтулькі відавочныя і трывожныя вынікі досьледу. Доктарка Хуаніта Мёрчант сказала, што асабліва небясьпечныя антацыды тады, калі іх браць доўга – шмат месяцаў або некалькі год. Адносна кароткіх тэрмінаў лячэньня – напрыклад, аднаго, двух або трох месяцаў – вялікіх засьцярогаў няма.

Выйсьце для мільёнаў хворых на язву людзей, паводле амэрыканскіх навукоўцаў, толькі ў прыёме адпаведных антыбіётыкаў, каб перашкодзіць росту бактэрыяў і аднавіць нармальны кіслотны балянс у страўніку.

***

Cёньня, хіба, мала ўжо знойдзецца людзей, што нічога ня чулі пра сою. Цяпер вырабы з соі прадаюцца і ў Беларусі. Соя належыць да расьлінаў сям’і стручковых і зьяўляецца сваячкай беларускай фасолі. Гэтая расьліна паходзіць зь Кітаю, адкуль яна ў ХІХ стагодзьдзі трапіла ў Амэрыку. Сёньня якраз ЗША ёсьць найвялікшым вытворцам соі і прадуктаў зь яе. Існуе больш за 1000 відаў соі, напрыклад, соя чорная, жоўтая, чырвоная. Шмат каму вядомыя соевыя кубікі вырабляюцца з роднасных соі расьлінаў, а сапраўдная соя – гэта жоўтыя бабы. Папулярнасьць соі ва ўсім сьвеце грунтуецца на яе вельмі прывабных з пункту гледжаньня здаровага харчаваньня складніках. Соя ўтрымлівае 40% бялку, які вельмі добра засвойваецца чалавекам. Соя зусім ня ўтрымлівае халестэролу і мае вельмі дадатны для чалавека склад так званых тлушчавых кіслотаў. Іншыя складнікі соі вельмі дабратворна ўплываюць на стан нэрвовай і судзіннай сыстэмы чалавека. Таму экстракт з соі вельмі шырока ўжываецца як сродак для паляпшэньня агульнага стану арганізму, для падвышэньня спартовых вынікаў, як сродак супраць старэньня нэрвовай сыстэмы. Соя таксама ўтрымлівае 10% расьліннай клятчаткі, карысьць якой агульнавядомая. У соі таксма ўтрымліваюцца вітаміны групы В, вітамін Г- біятын, фосфар, магній, цынк і медзь. А таксама ў вельмі высокай колькасьці так званыя эстрагены – рэчывы, вельмі падобныя да гармонаў чалавека, якім прыпісваюць засьцярогу ад раку грудзей і прастаты.

Соя спажываецца сёньня ва ўсім сьвеце у выглядзе як непасрэдна апрацаваных пладоў, гэтак і шматлікіх харчовых вырабаў зь яе, напрыклад сасісак ці соевай мукі. Соя ёсьць выдатным замяняльнікам мяса для вэгетарыянцаў. Яна вельмі надаецца для тых, хто хоча рацыяналізаваць і разнастаіць свой рацыён, а з увагі на высокі працэнт расьліннага бялку соя ёсьць яшчэ і дыетычным прадуктам, бо расьліннага бялку людзям асабліва не хапае.

Соя можа быць таксама сыравінай для шматлікіх соевых соўсаў, якія трымаюць лідэрства ў сьвеце па папулярнасьці сярод гурманаў і аматараў усходняй кухні.

І яшчэ адной вельмі карыснай якасьцю соі зьяўляецца яе, так бы мовіць, антыалергічнасьць – менавіта сою і так званае соевае малако раяць спажываць лекары тым, хто мае алергію на малочныя бялкі.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы ў паважным веку і думаеце, што ўжо ніколі не дагоніце ў сваёй фізычнай кандыцыі маладых людзей, вы памыляецеся. Падчас нядаўняга экспэрымэнту людзі ва ўзросьце ад 25 да 70 гадоў на працягу шасьці месяцаў рабілі фізычныя практыкаваньні з нагрузкай. У выніку аказалася, што ўсе зь іх, незалежна ад узросту, дасягнулі значнага росту аб’ёму цягліцаў. RealAge сьведчыць, што фізычныя практыкаваньні з нагрузкай могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзей.

2. Давайце сабе часьцей фізычную нагрузку. Няважна, гэта будзе звычайная гімнастыка, практыкаваньні з гантэлямі або прагулкі вакол вашага кварталу – галоўнае, што рэгулярнае пераадоленьне сябе дапаможа вам ставіцца да сябе з большай павагай і адчуваць большае псыхалягічнае задавальненьне. RealAge сьведчыць, што ў выніку ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць аж на 9 год маладзей.

3. Калі вы хочаце зьменшыць рызыку сардэчнага прыступу – ешце звычайны зялёны гарох. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што дыета з прадуктаў, багатых на фоліевую кіслату, зьмяншае верагоднасьць хваробаў сэрца. Адзін слоік кансэрваванага зялёнага гарошку ўтрымлівае 75 мікраграмаў фоліевай кіслаты. Іншыя багатыя на гэтую кіслату прадукты – гэта іншыя бабовыя культуры, спаржа (або па-беларуску спараг) і цытрусавыя. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце атрымліваць з усімі прадуктамі 700 мікраграмаў фоліевай кіслаты ў дзень, гэта зробіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,2 года маладзей.

4. Дасьледаваньні паказваюць, што кальцый і бялок разам аказваюць на косткі вельмі добры ўплыў і захоўваюць іх у здаровым стане. Падчас нядаўняга экспэрымэнту людзі, якія бралі адэкватныя колькасьці кальцыя і бялку, мелі самую высокую шчыльнасьць мінэралаў у костках. RealAge сьведчыць, што атрыманьне штодзень 1200 міліграмаў кальцыя і 400 умоўных адзінак вітаміна D можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,1 года маладзей.
XS
SM
MD
LG