Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦУ КУРАПАТАЎ ВАСІЛЯ ПАРФЯНКОВА ПАКАРАЛІ ШТРАФАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Між тым, Васіль, зважаючы на мінімальны памер штрафу, лічыць гэтае рашэньне сваёй маральнай перамогай:

(Парфянкоў: ) “Гэта ён зрабіў, выконваючы патрабаваньні міліцыянтаў, каб на яго не было ціску. Проста папярэджаньне ён ня мог вынесьці, бо гэта была б параза зь іхнага боку. А так цягам усяго працэсу судзьдзя спрабаваў разабрацца больш-менш аб’ектыўна, задавальняў хадайніцтвы, выклікаў сьведкаў, добра ставіўся”.

Васіль Парфянкоў па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым. Ён сьцьвярджае, што 16 красавіка, калі яго разам зь яшчэ трыма абаронцамі Курапатаў затрымалі міліцыянты, ён не рабіў нічога незаконнага. Абаронцаў Курапатаў тады завезьлі ў пастарунак, папярэдне ўзяўшы ў іх кроў для аналізу на ўтрыманьне алькаголю. Аналіз паказаў, што ўсе чацьвёра былі цьвярозыя. Гэта разбурала вэрсію пра тое, быццам абаронцы мэмарыялу п’яныя абражалі патрульных міліцыянтаў лаянкай і хуліганскімі дзеяньнямі.

(Парфянкоў: ) “Іх трэба было судзіць, а ня нас. У пратаколе міліцыянтаў была напісаная лухта, там нічога не было з таго, што насамрэч адбывалася тады ў Курапатах. Уявіце: Антон Шкурынскі толькі выйшаў са шпіталю, у Поклада была рука зламаная. Ну, што мы маглі зрабіць супраць васьмі здаровых мужыкоў з дубінкамі? Лухту яны напісалі”.

Нягледзячы на нязгоду з прысудам, Васіль Парфянкоў ня будзе ігнараваць рашэньне судзьдзі, бо лічыць сябе законапаслухмяным грамадзянінам. Днямі Парфянкоў уладкаваўся аўтасьлесарам у аўтобусны парк і кажа, што цяпер зможа за некалькі месяцаў сплаціць 20 тысяч рублёў штрафу. Пры гэтым юнак заяўляе, што ня кіне і свайго ўдзелу ў абароне Курапатаў.

Такі ж пратакол паводле падзеяў 16 красавіка быў складзены і на Алеся Поклада. Але ён ляжыць у шпіталі з апёкамі скуры, таму ягоная справа адкладзеная. Ці стане суд на бок чалакева, які пацярпеў, абараняючы Курапаты? Гэтае пытаньне я задаў лідэру Партыі свабоды Сяржуку Высоцкаму, які ад пачатку бярэ ўдзел у абароне абароне мэмарыялу.

(Высоцкі: ) “Гэта будзе ясна пасьля таго, як Поклад выйдзе са шпіталю, але я мяркую, што яны яго ў спакоі таксама не пакінуць. Калі два месяцы цягалі Парфянкова, то я ня ведаю, колькі яшчэ будуць цягаць Поклада. Мы маем справу ня з той уладай, якая можа праявіць высакароднасьць, мы маем справу зь іншай мэнтальнасьцю”.

Дарэчы, стан Алеся Поклада значна палепшыўся. Ён ужо самастойна ходзіць, хутка яго могуць выпісаць са шпіталю. Але магчыма, што хлопцу яшчэ спатрэбяцца апэрацыі перасадкі скуры.
XS
SM
MD
LG