Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШАПІКАХ “БЕЛСАЮЗДРУКУ” ЗЬЯВІЎСЯ БЕЛАРУСКІ ВЫПУСК РАСЕЙСКАЙ ГАЗЭТЫ “МАСКОЎСКІ КАМСАМОЛЕЦ”


Галіна Абакунчык, Менск

“Маскоўскі камсамолец” у Беларусі плянаваў зьявіцца яшчэ пры канцы мінулага году. Але па розных прычынах рэгістрацыя й перарэгістрацыя выданьня доўжыцца й па сёньня. Таму, у адпаведнасьці зь міждзяржаўным пагадненьнем, беларускі выпуск расейскай газэты будзе выходзіць паводле ліцэнзіі, атрыманай у Маскве.

Як і ў Расеі, гэта рэгіянальны выпуск, які друкуецца па прынцыпу: 32 старонкі газэты, зь іх 22 фармуе маскоўская рэдакцыя і 10 — рэгіён. Затое газэта будзе ня так вызначацца вастрынёй і палітычнай скіраванасьцю, як расейскі аналяг. Гаворыць рэдактар выданьня Ігар Асінскі:

(Асінскі: ) “Калі штодзённая газэта “Маскоўскі камсамолец” — гэта газэта грамадзка-палітычная, яна вострая й нават рэзка рэагуе на актуальныя падзеі, то рэгіянальныя выпускі палітыку толькі закранаюць. У нас ёсьць некаторыя гарантыі, што будзе павялічвацца колькасьць беларускай інфармацыі, а не расейскай. Яна ўзбагаціць наш інфармацыйны рынак. Пагадзіцеся — ён дастаткова бедны сёньня”.

Першы нумар беларускага выданьня “Маскоўскага камсамольца” выйшаў накладам 10 тысяч экзэмпляраў у чорна-белым афармленьні. Але ўжо з наступнага году выдаўцы думаюць істотна павялічыць наклад і зрабіць газэту каляровай і агульнанацыянальнай. У Міністэрстве інфармацыі не змаглі паведаміць, якім па ліку расейскім выданьнем у Беларусі стаў “Маскоўскі камсамолец”, але іх каля дзесяці. Да прыкладу, “Камсамольская праўда”, “Аргумэнты й факты”, “Труд” і некаторыя іншыя.

Новае расейскамоўнае выданьне на айчыннай інфармацыйнай прасторы зьявілася на тле перасьледу незалежнай беларускай прэсы. Дастаткова ўзгадаць закрыцьцё газэты “Свабода”, гарадзенскай “Пагоні”, крычаўскай “Вольны горад”, аршанскай “Куцейны” ды іншых.

Асабліва востра праблема выданьня газэтаў стаіць у рэгіёнах. У гэтым на ўласным вопыце пераканаўся журналіст і кіраўнік аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту ў Пінску Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) “У нас у Пінску за тры апошнія гады пяць газэтаў не далі зарэгістраваць. Падаваў сам, падавалі іншыя людзі, і вось апошні адказ: “Выканкам прыняў рашэньне пакінуць вашую просьбу без задавальненьня”. Вось і ўсё. Я бы не назваў газэту “Маскоўскі камсамолец” такой ужо праўрадавай газэтай. Але ж нам навязваюць усё расейскае: чытайце расейскае, хвалюйцеся за расейскія праблемы, хварэйце за расейскія каманды — мы частка іх. Вось так пакрысе прывучаюць, каб мы, беларусы, забываліся, што мы самастойныя, што мы нармальная незалежная дзяржава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG