Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЧУВАНЬНЕ ПАТРЭБЫ СВАБОДЫ


Сяргей Харэўскі, Вільня

(Сяргей Харэўскі: ) “Беларускі рынак мастацтва займае ў нацыянальнай эканоміцы мізэрны сэгмэнт, што нават не трапляе ў статыстычныя памылкі. Тым часам у нашых суседзяў гэта істотная частка вялікага бізнэсу. Апроч мноства мастацкіх галерэяў у Польшчы, Расеі, Латвіі, Літве йснуе разгалінаваная сетка адмысловых выданьняў, што дазваляюць патэнцыйным пакупнікам ці крытыкам арыентавацца як ва ўласных рынках, гэтак і ў сусьветных. Гэтыя выданьні і ёсьць шкілетам артыстычнага бізнэсу, заканадаўцамі модаў і коштаў. У адной Польшчы, прыкладам, існуе больш за два дзясяткі такіх пэрыёдыкаў, ад дзяржаўнага кансэрватыўнага часопіса“Zdabytki” да выключна камэрцыйнага “Art & business”, дзе адразу пад рэпрадукцыямі ставяць кошты.

Цяпер адныя беларускія бізнэсоўцы купляюць гравюры Пікаса ў Барсэлёне, іншыя – што-небудзь Рэпіна ў Маскве. То бок, купляюць тое, пра што пэўна ведаюць. Зь беларускім мастацтвам справы выглядаюць па іншаму. Днямі адзін мой грашавіты знаёмец папрасіў пра дапамогу ў набыцьці твораў Алеся Пушкіна. На маё пытаньне, ці бачыў ён ягоныя творы, той адказаў адмоўна. Але, кажа, я пра яго чытаў, ён выдатны хлопец, такіх трэба падтрымоўваць. Натуральна, мой знаёмы прапрымальнік чытаў пра Алеся Пушкіна не ў афіцыёзнай газэце “Культура”. У гэтай трагікамічнай сытуацыі нічога дзіўнага няма. Насамрэч, як дазнацца пра вартасьці твораў таго ці іншага мастака? Дзе прачытаць, хто зь іх меў ці мае посьпех у сьвеце? І колькі каштуюць творы?

У вялікім двухмільённым Менску, зрэшты, як і па ўсёй Беларусі, каб падлічыць колькасьць мастацкіх галерэяў, пальцаў хопіць. А пэрыёдыкі пра мастацтва лічыць наагул не выпадае. Стары часопіс “Мастацтва”, які ледзьве ліпее за дзяржаўныя грошы, ды адзіны нумар часопісу “pARTyzan”, які ліпее за грошы спонсараў.

Тымчасам у Менску нядаўна адкрылася новая, цалкам камэрцыйная мастацкая галерэя “Зямля людзей”, што на вуліцы Рэвалюцыйнай. Яе ўладальнік француз Іў Прудом (Yves Prud'homme), які разам са сваёй жонкаю Вольгаю, пасьля доўгіх ваганьняў, наважыўся заняцца галерэйным бізнэсам на беларускім цаліку. Зрэшты, пачалі яны ня порстка, выставіўшы да ўвагі публікі па чарзе творы выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў: спачатку Савіча, затым Герасімава, пасьля Хілько й Зінкевіча. Памыліцца з акадэмічнымі настаўнікамі ў кансэрватыўным нерасьпешчаным праблемаю выбару Менску, бадай, немагчыма. Кожную выставу наведвалі пад тры сотні гледачоў. Цяпер у галерэі выстаўленыя творы іх навучэнцаў. Што далей? Высьвяліць гэта ў самога Іва Прудома я папрасіў Севярына Квяткоўскага.

(Севярын Квяткоўскі: ) “Зьяўленьне ў Менску “Зямлі людзей” выклікала ў дасьведчанай публікі зьдзіўленьне: укладаць у Беларусі грошы ў такі няпэўны бізнэс як гандаль мастацтвам! У краіне фактычна няма культурніцкіх выданьняў, існуе мізэрная колькасьць галерэяў, прыватныя можна пералічыць па пальцах рукі. Самы хадавы тавар – “матрошкі” на “разлогах” гандляроў за Палацам Рэспублікі. Ды й большасьць галерэяў нагадваюць “базары”, дзе ў адной залі рэпрэзантавана ўсяго патроху: крыху жывапісу, крыху графікі, трошкі плястыкі, крыху “рэалізму”, каліва “абстракцыянізму”…

Іў Прудом і ягоная жонка Вольга хочуць давесьці, што ў Беларусі можна рабіць бізнэс на мастацтве і ствараць прастору для разьвіцьця мастацкіх кірункаў. Калі мастакі ня будуць спадзевы на разьвіцьцё й заробак зьвязваць адно з Захадам. У галерэйнае працы Іў Прудом арыентуецца ня толькі на мастакоўскую й калямастакоўскую тусоўку, але на шырокую публіку, якую зьбіраецца паціху адукоўваць. Працу сваю ў Беларусі француз акрэсьлівае сьціплым словам “пазытыўна”:

(Іў Прудом: ) “La travalle positive…Пазытыўна, таму што за чатыры месяцы 1500 наведнікаў прайшлі праз нашую галерэю. Пазытыўна, бо ня толькі рэалістычныя карціны ў нас рэпрэзантаваныя. Вельмі радуе, што наведнікі імкнуцца зразумець тое, што ў нас выстаўляецца: чым ёсьць жывапіс, чым ёсьць графіка, чым ёсьць тэматычнае мастацтва”.

(Квяткоўскі: ) “Спадар Прудом кажа пра тое, што бізнэс у галерэі “Зямля людзей” рушыў. Да заснаваньня галерэі, дзеля “асьветы” публікі й падтрымкі аrt-прасторы ў Беларусі Іў Прудом замысьліў стварыць часопіс. Не вузкаспэцыялізаваны, але з ахопам усіх відаў мастацтва. Каб цікаўны да жывапісу чытач заахвоціўся якім іншым відам art’у, апрача ўлюблёнага.

У Францыі існуе адзінаццаць галоўных мастацкіх часопісаў і безьліч лякальных. Прынцыповым для ўсіх часопісам лічыцца “La Gazette de L’Hotel Drouot” (“Газэта гатэлю Друо”), дзе зьмяшчаюцца аб’явы на продаж і набыцьцё твораў сучаснага мастацтва. Падобны ж часопіс пад назвай “Antiquites”. Яшчэ адзін важны часопіс – “Art Actuel”, дзе зьмяшчаюцца абвесткі пра навіны мастацтва ўсяго сьвету. Найбольш цікавы для Іва Прудома часопіс пад назвай “Artans!on”. У назве закладзеная гульня словаў “art” – мастацтва, і “attantion” – увага. Часопіс рэпрэзэнтуе навінкі, робіць агляды, прамоцыі, дыскусіі й абавязкова – крытычныя артыкулы. У ідэі стварэньня беларускага мастацкага часопісу Прудом арыентуецца на “Artans!on”.

(Харэўскі: ) “Бадай, нічога нечаканага ў тым, што менавіта францускі грамадзянін задумаў стварыць у Беларусі мастацка-крытычны часопіс, няма. Мастацкая крытыка й зарадзілася ўва Францыі, у сярэдзіне XVIII стагодзьдзя. Ля яе вытокаў стаяў сам Дэні Дыдро. А ў сярэдзіне ХІХ стагодьдзя тамсама, у Францыі ўжо існавала багата спэцыялізаваных пэрыёдыкаў. У іх зьяўляліся артыкулы па мастацтву Стэндаля, Бадлера, Заля. Таму павучыцца нам у французаў ёсьць чаму. Але з-за чаго спадар Прудом пакуль марудзіць з пачаткам свайго новага праекту? І як, дарэчы, будзе звацца ягоны часопіс?

Працягвае Севярын Квяткоўскі...

(Квяткоўскі: ) “Новы часопіс будзе звацца проста “Art”. Чаму Іў Прудом дагэтуль не запускае праект свайго мастацкага часопісу ў Беларусі? Праблема ня ў грошах і не ў арганізацыі:

(Прудом: ) “L’idee de ce magazine… Ідэя часопісу нарадзілася на пачатку году. Я размаўляў са многімі мастакамі й мастацтвазнаўцамі, каб заахвоціць да супрацы. Вельмі спадабаўся Артур Клінаў. Вельмі творчы чалавек. Але, на жаль, такіх людзей мала. Я ведаю, пра што казаць у часопісе, але праблема ў тым, каб знайсьці журналіста, які б мог пісаць карэктна. Бо, каб крытыкаваць, патрэбныя добрыя веды. Цяпер у Беларусі папросту бракуе людзей, якія б маглі пісаць у часопіс”.

(Квяткоўскі: ) “Людзі, якія б маглі пісаць у часопіс, ствараць творы, пра якія б можна было пісаць, жывуць у Францыі ды іншых краінах. Гаворка вядзецца пра сыход творчых асобаў зь Беларусі. Але Прудому бліжэй пазыцыя мастака Сяргея Рымашэўскага, які ня хоча пакідаць Беларусь з тае прычыны, што на Захадзе ён цікавы як менавіта беларускі мастак. Бо ў той жа Францыі творцаў вельмі шмат. Іў і Вольга Прудомы мяркуюць, што толькі на сваёй зямлі творца можа стварыць штосьці цікавае для людзей зь іншых краінаў. “Таму й назву для галерэі ўзялі адпаведную з клясыкі – “Зямля людзей”, – тлумачыць Іў Прудом.

І шыльду, і праспэкты выставаў Прудомы сьвядома робяць з абавязковай прысутнасьцю беларускага тэксту. Меркаваны часопіс “Art” замысьлены як дзьвюхмоўны, расейска-ангельскі. “Гэта рацыянальна, трэба заахвочваць як людзей з Захаду, гэтак людзей з Усходу”, – тлумачыць галерэйнік.

Іў Прудом у захапленьні ад часопісу Артура Клінава “pARTisan”. На думку Прудома, “у Францыі падобных часопісаў шмат, але для Беларусі гэта сапраўдная бомба”. Але “Партызан” ня можа зацікавіць шырокае кола, бо гэта цалкам элітарны праект”, – кажа Прудом. Ці мусіць чытач мастацкага часопісу быць усеядным? На думку Іва Прудома, “цяпер немагчыма маляваць, як у 18-м стагодзьдзі. Цяпер мастацтва існуе для ўсіх. Нават асадка, якой вы пішаце, – гэта плён працы дызайнэраў. Іншая справа – выбар. Першае адчуваньне, калі чалавек зірнуў на карціну: падабаецца – не падабаецца. Наступныя ўражаньні залежаць ад адукацыі”, – мяркуе Іў Прудом.

А пакуль мастацкай асьветаю аматараў мастацтва займаецца часопіс “Мастацтва”, які ледзьве дыхае. Іў Прудом мяркуе, што гэта нармальная постсавецкая сытуацыя, якую можна й трэба выпраўляць:

(Прудом: ) “C’est normal, c’est le nivau du pays… Гэта сьведчыць пра ўзровень краіны, які трэба ўздымаць. Журналісту цяжка пісаць аб’ектыўна, бо патрэбныя адпаведныя веды. Гэта праблема школы, праблемы савецкага мінулага. Па-другое, каб быць вольным, калі пішаш, трэба мець сьмеласьць: быць падрыхтаваным да таго, што займееш ворагаў. Крок за крокам трэба выпраўляць сытуацыю. У апошняй выставе "5 жанчын" (Аўтары – навучэнцы Акадэміі мастацтваў Алена Іванова, Дзяніс Хімарода й Тацяна Кандраценка) я працую з трыма маладымі крытыкамі, я адчуваю, што ім патрэбная свабода, калі яны пішуць. Ім толькі па 22 гады, і ў іх зьмяняецца мэнталітэт, які быў нармальны для гэтае краіны”.

(Харэўскі: ) “Гэткім чынам, неўзабаве ў Беларусі мусіць зьявіцца яшчэ адзін часопіс, прысьвечаны мастацтву, трэці ў краіне. Часопіс мае мець трывіяльную назву “Арт”, то бок, у беларускім перакладзе, яшчэ адзін часопіс “Мастацтва”. Ягоным стваральнікам, аднак, будзе не беларус, а француз... Іў Прудом, уладальнік галерэі “Зямля людзей”, што ў Менску. Ён не хавае таго, што гэта будзе цалкам камэрцыйны праект, разьлічаны ня гэтулькі на беларускіх спажыўцоў і чытачоў, як на вонкавых: на Захадзе і на Ўсходзе. Можна меркаваць таксама, што ён будзе разьлічаны на шырокія густы. А гэта значыць, што ён будзе хутчэй патрафляць ім, чым іх фармаваць. Бадай, гэты праект прынясе спадару Прудому й посьпех.

Але пытаньні пра дасьледваньне беларускага мастацтва, інфармаваньня й асьвету нашае публікі новы часопіс не здымае. Але напэўна прынясе адчуваньне патрэбы свабоды для маладых крытыкаў, на што гэтак спадзяецца спадар Прудом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG