Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДРЭАГУЕ БЕЛАРУСЬ НА ЗЬМЕНЫ ВІЗАВАГА РЭЖЫМУ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ З БОКУ ЛІТВЫ?


Тацяна Поклад, Вільня

Міністэрства замежных справаў Беларусі за ўвесь час сваіх дачыненьняў з адноўленай незалежнай Літвой ніколі, як выглядае, не выступала ініцыятарам ў вызначэньні парадку візавага рэжыму для літоўскіх грамадзянаў, у тым ліку і для беларусаў, якія маюць літоўскае грамадзянства. Калі Літва падвышала ці зьніжала кошты візаў для беларускіх грамадзянаў – тое ж рабіла і Беларусь для грамадзянаў Літвы. Цяпер, калі Літва ад 8 чэрвеня ўзьняла кошты візаў для грамадзянаў Беларусі і папярэдзіла, што ад пачатку наступнага году будуць адмененыя ўсе магчымасьці бязьвізавага рэжыму, Беларусь пакуль нічога не зьмяніла ў візавым рэжыме для літоўскіх грамадзянаў.

Загадчык консульскага аддзелу пасольства Рэспублікі Беларусь ў Літве Іван Бондар паведаміў, што зьмены будуць.

(Бондар: ) “Гэта пастанова № 118 ад 4 чэрвеня, прынятая ўрадам Літвы, зьмяніла кошты на візы ад 8 чэрвеня. У міжнароднай практыцы існуе такая падстава, як узаемнасьць. Беларускі бок пакуль ніякіх крокаў не рабіў. У нас кошт візаў застаўся гэткім жа, як і быў і да 4 чэрвеня, і да 8 чэрвеня. Але на падставе ўзаемнасьці будуць прынятыя адпаведныя меры і зь беларускага боку.

Што да ўзаемных паездак грамадзянаў, то пакуль гэта вызначае пагадненьне, якое было падпісанае 25 лютага 1994 году, але ўжо наконт зьменаў вядуцца перамовы з літоўскім бокам.

Літоўскі бок з 1 студзеня 2003 году ўводзіць поўнамаштабны візавы рэжым для ўсіх катэгорый грамадзянаў Беларусі пры наведваньні Літвы, ў тым ліку і для пэнсіянэраў, і для жыхароў памежных тэрыторыяў, якія цяпер яшчэ бязь візаў наведваюць адзін аднога, ў тым ліку і для кіроўцаў рэйсавых аўтобусаў. Але гэта ўсё ініцыятыва зь літоўскага боку і, трэба чакаць, што ад 1 студзеня 2003 гэтак жа ўсе вышэйназваныя катэгорыі грамадзянаў Літвы ня будуць карыстацца бязьвізавым рэжымам пры наведваньні Беларусі”.

Беларусь не зьбіраецца і выказваць сваёй ініцыятывы ў клопаце пра беларусаў Літвы, нават тых, якія жывуць на беларуска-літоўскім памежжы і якія маюць блізкіх сваякоў на Беларусі. Пры гэтым Беларусь зноў спасылаецца на Літву.

(Бондар: ) “Усё будзе на падставе ўзаемнасьці. Як літоўскі бок ніякіх не прыймаў захадаў дзеля пэўных зьменаў у коштах на візы для сваіх суайчыньнікаў, так і мы адпаведна паступаем. Цяпер кошт літоўскай транзытнай візы ўзьняўся на 3 даляры, і на 5 даляраў – кошт візы на ўезд, – я лічу, што такія ж меры будуць прынятыя і беларускім бокам – у бок павышэньня коштаў віз. Усё будзе на падставе ўзаемнасьці”.

Як выглядае са словаў загадчыка консульскага аддзелу пасольства Рэспублікі Беларусь ў Літве Івана Бондара, самастойных рашэньняў у вызначэненьні візавага рэжыму з суседнімі краінамі ад беларускага міністэрства замежных спраў пакуль не прадбачыцца.
XS
SM
MD
LG