Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАЯВУ ПРЭЗЫДЭНТА ПУЦІНА ПРАКАМЭНТАВАЛІ ШЭРАГ БЕЛАРУСКІХ ЧЫНОЎНІКАЎ


Сяргей Абламейка, Прага

У сваю чаргу дэпутат так званай палаты прадстаўнікоў і кіраўнік нядаўна ўтворанага дзяржаўнага голдынгу “Литература и искусство” Сяргей Касьцян заявіў, што Ўладзімер Пуцін ажыцьцяўляе волю Буша. Сяргей Касьцян сказаў таксама, што “ён не ажыцьцяўляе волю рускага народу, ну а калі ён не ажыцьцяўляе волю рускага народу, тады я ня ведаю, прэзыдэнтам якой краіны ён ёсьць і якой краіны ён зьбіраецца стаць прэыздэнтам”.

Былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч уважае словы прэзыдэнта Пуціна “халодным душам і шокам для кіруючага беларускага бамонду”. Іван Пашкевіч лічыць, што такім чынам расейскае кіраўніцтва папярэдзіла афіцыйны Менск аб неабходнасьці карэктыроўкі курсу ня толькі ў межах Саюзу, але і ў адносінах з Захадам. Пашкевіч таксама сказаў, што курс Лукашэнкі дыскрэдытуе Расею ў адносінах з Эўразьвязам і НАТО.

А расейская газэта “Коммерсант” сёньня ў перадавым артыкуле напісала, што заява Пуціна – гэта ня проста адказ Аляксандру Лукашэнку, які не пагаджаецца на расейскія ўмовы саюзу. Гэта, паводле “Коммерсанту”, завяршэньне расстаноўкі прынцыпова новых акцэнтаў у зьнешняй палітыцы Крамля.

Сябра так званага савету рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў, што "рабіць такія заявы прэзыдэнту, які дакладна ведае, што галоўны прынцып саюзу – захаваньне сувэрэнітэту дзьвюх краін, недапушчальна". "Ніякіх заяў з боку Беларусі пра пабудову нейкай аналягічнай Савецкаму Саюзу дзяржавы не было, і мы ніколі гэтую тэму не абмяркоўвалі", – сказаў М.Чаргінец.

Вельмі далёка пайшоў у сваім камэнтары і сьпікер верхняй палаты лукашэнкавага парлямэнту Аляксандар Вайтовіч. Ён заявіў, што тэрмін “саюзная дзяржава” не адбівае характару інтэграцыйных працэсаў паміж Беларусьсю і Расеяй. На яго думку, будуецца не агульная дзяржава, а інтэграцыйная структура зь дзьвюх незалежных дзяржаваў, і лепш называць яе Саюзам Беларусі і Расеі. Аляксандар Вайтовіч таксама заявіў, што хутчэй за ўсё так званая Эўразійская Эканамічная Супольнасьць “магчыма, паглыне Саюз Беларусі і Расеі...”
XS
SM
MD
LG