Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ІТЭРА” ЧАКАЕ АД БЕЛАРУСІ ВЯРТАНЬНЯ ДОЎГУ


Міхал Стэльмак, Менск

“Ітэра”, як і папярэджвала, напалову абмежавала пастаўкі ў Беларусь прыроднага газу. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё прэсавы сакратар гэтай расейскай кампаніі Мікалай Семяненка:

(Семяненка: ) “З 13 чэрвеня мы скарацілі на 50% пастаўкі газу для кампаніі “Белтрансгаз” — гэта 5,55 мільёна кубічных мэтраў у суткі. Мы так зрабілі, таму што беларускі бок не зрабіў ніякіх захадаў дзеля прадухіленьня абмежаваньня. Хаця мы і пасылалі тэлеграму на адрас прэм’ер-міністра Навіцкага. Рэч у тым, што мы як камэрцыйная структура газ не пастаўляем, а прадаем. За тавар трэба плаціць, і пытаньне ня ў тым, сябры мы альбо не, альбо якія ў нас адносіны”.

Прэсавы сакратар “Ітэры” кажа, што сёньня “Белтрансгаз” нічога не паведаміў пра вяртаньне даўгоў.

Кіраўніца аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю “Белтрансгазу” Таіса Бародзіч паведаміла сёньня, што цяпер яе начальства шукае шляхоў для аднаўленьня партнэрства з “Ітэрай”. Аднак, паводле ейных словаў, прычына канфлікту палягае ня ў дзейнасьці “Белтрансгазу”, а ў невыкананьні фінансавых абавязкаў з боку беларускіх спажыўцоў газу.

Забесьпячэньнем палівам спажыўцоў у Беларусі займаецца канцэрн “Белпалівагаз”. Аб’ём паставак газу, які скараціла “Ітэра”, складае істотную частку беларускага імпарту паліва. Ужо неўзабаве перад “Белпалівагазам” паўстане пытаньне пра адключэньне спажыўцоў. Мяркуецца, што першымі ахвярамі стануць энэргетычныя аб’екты. Таму кіраўнікі канцэрну вельмі спадзяюцца, што грошы для “Ітэры” будуць знойдзеныя.

Вось што распавёў нашаму радыё начальнік упраўленьня палівазабесьпячэньня і маркетынгу “Белпалівагазу” Ўладзімер Зарэмба:

(Зарэмба: ) “Калі “Ітэра” сыходзіць, то, магчыма, нехта іншы прыйдзе, магчыма “Газпрам” павялічыць пастаўкі. Гэта ўсё залежыць ад “Белтрансгазу”, паколькі ён працуе са зьнешнімі пастаўнікамі. Але мы таксама не вінаватыя, бо спажываюць газ калгасы, заводы. А наша прадпрыемства паліва таксама не спажывае, яно таксама пасярэднік. Паставіла газ — а яму грошай не заплацілі”.

Паводле спадара Зарэмбы, найбольшыя даўгі за газ — у жытлова-камунальнай гаспадаркі й сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
XS
SM
MD
LG