Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАЛІТЫЧНЫ АДДЗЕЛ “ECONOMIST”: У 2003 ГОДЗЕ КУРС БЕЛАРУСКАГА РУБЛЯ ДА ДАЛЯРА БУДЗЕ 3.400


Вольга Караткевіч, Прага

Паводле прагнозаў, Аляксандар Лукашэнка й надалей будзе панаваць на палітычнай сцэне і прадухіляць пагрозу альтэрнатыўнай палітычнай сілы, дзяржава будзе кантраляваць эканоміку, курс беларускага рубля ў дачыненьні да даляра зьнізіцца на паўтары тысячы ў параўнаньні зь цяперашнім.

Варта адзначыць, што аналітычны аддзел брытанскага часопісу “Economist” – сусьветны лідэр у пастаўцы інфармацыі пра пэўныя краіны. Ён распачаў свае досьледы 55 гадоў таму. За гэты час ва ўсім сьвеце была створаная сетка з больш як пяцісот аналітыкаў, рэдактараў, карэспандэнтаў. Аддзел рыхтуе макраэканамічныя прагнозы амаль для двухсот краінаў. Аналіз тычыцца палітычнай сытуацыі ў краіне, міжнародных дачыненьняў, разьвіцьця эканомікі.

Што да сытуацыі ў Беларусі, дык аналітыкі “Economist” лічаць, што Аляксандар Лукашэнка будзе працягваць дамінаваць у палітычным жыцьці краіны, сканцэнтруецца на тым, каб не дапусьціць зьяўленьня моцнай альтэрнатыўнай сілы. Эканоміка застанецца пад кантролем дзяржавы. Для таго, каб захоўваць сацыяльную стабільнасьць, будзе павялічаная нагрузка на бюджэтныя крыніцы, і ўзьнікне неабходнасьць у пэрыядычнай лібэралізацыі грашовай і крэдытнай палітыкі.

Для ўмацаваньня свайго становішча, адзначаюць спэцыялісты аналітычнага аддзелу “Economist”, беларускі лідэр будзе абапірацца на службы бясьпекі і міліцыю, падаўляць дэмакратычную апазыцыю і запалохваць галоўных асобаў з намэнклятуры.

З мэтаю не дапусьціць пагрозы з боку альтэрнатыўнай палітычнай сілы, абапертай на рэгіянальныя ўлады і дзяржаўных кіраўнікоў у галіне эканомікі, Аляксандар Лукашэнка таксама будзе працягваць рабіць непрадказальныя кадравыя зьмены ў сваёй адміністрацыі.

У міжнароднай палітыцы беларускія ўлады паспрабуюць палепшыць імідж краіны у вачах Захаду. Адна з прычынаў гэтага – вострая патрэба у інвэстыцыях і крэдытах. Аляксандар Лукашэнка нават можа зьмякчыць сваю дагэтуль катэгарычную антызаходнюю рыторыку, тым больш што Эўрапейскі Зьвяз, верагодна, будзе заклікаць да больш блізкага супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

Але гэтыя захады дзеля лібэралізацыі ў Беларусі наўрадці стануць больш пасьпяховымі за папярэднія, - піша аддзел аналітыкі ангельскага часопісу Economist.

У 2003 годзе ў Беларусі прагназуецца рост інфляцыі ў 85 працэнтаў, аднак расейскія стабілізацыйныя крэдыты і прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў з удзелам расейскага боку могуць захаваць цяперашні ўзровень інфляцыі, якая складае 50 працэнтаў.

Што да курсу беларускага рубля, экспэрты прагназуюць, што ў гэтым годзе ён складзе 2.100 рублёў за адзін даляр ЗША, а ў наступным ён зьнізіцца да 3.400 беларускіх рублёў за даляр.

Падрабязна пра сам аддзел і яго працу, у тым ліку інфармацыю пра Беларусь, можаце знайсьці ў Інтэрнэце: www.viewswire.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG