Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ НА МІНУЛЫМ ТЫДНІ?


Ганна Соусь, Менск

Над Курапатамі больш не лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Толькі ўспамінам пра яго выглядае кімсьці сьпілаваны флагшток. Папялішча ад вайсковага намёту прыбралі. Побач парваная мапа з плянам магільніка. Непадалёк ад яе ляжаць бэтонныя пліты. Іду далей на ўзгорак. Уздоўж Алеі Крыжоў скошаная трава — гэта надоечы зрабілі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Гэтак выглядаюць Курапаты празь некаторы час пасьля спыненьня кругласуткавай вахты памяці.

На кальцавой дарозе ля Курапатаў ужо пакладзены асфальт. Рабочыя тынкуюць сьцены падземнага пераходу. Апошнія дні будаўнікі ўсталёўваюць шумазасьцерагальную бэтонную сьцяну на ўчастку з боку мікрараёну. Будаўнічыя работы ідуць шпарка.

Галоўны інжынэр праекту Мікалай Крачэтнікаў з “Белгіпрадору” паведамляе Радыё Свабода, што будаўнікам пастаўленая задача цалкам здаць кальцавую дарогу да 7 лістапада — гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі. Спадар Крачэтнікаў распавядае, якія працы будуць праводзіцца па часе ў Курапатах.

(Крачэтнікаў: ) “Плянуем упарадкаваць тую пляцоўку ўнізе. Дзеля гэтага трэба адвесьці ваду, каб яна не цякла на пляцоўцы. Мы забярэм ваду ў калектар. Зьверху трубу перасыпаем грунтам. І плянавалася ўкладка пліткі. Але наконт пліткі катэгарычна супраць выступілі прадстаўнікі Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны й жыхары. Учора быў у Дэпартамэнце, і мы дамовіліся, што плітку класьці ня будзем. Фактычна перасыплем трубу грунтам, і потым гэтую пляцоўку засеем травой. Потым акантурым межы Курапатаў бэтоннымі слупамі”.

Мікалай Крачэтнікаў гаворыць пра складаную сытуацыю, якая ўзьнікла ў будаўнікоў у сувязі з пракладкай вадаводу на тэрыторыі ахоўнай зоны.

(Крачэтнікаў: ) “Гэты вадавод прадугледжаны ўздоўж зямельнага палатна на адлегласьці дзесьці 7–8 мэтраў. Пад яго ўжо падрыхтаваня прасека. Засталося толькі паракапаць траншэю і пакласьці. Але Мая Кляштораня й спадары Дайнэга й Чарняўскі з Дэпартамэнту лічаць, што гэты вадавод тут ня можа быць. Мяркуюць, што яго трэба будзе пэрыядычна рамантаваць, ладзіць нейкія раскопкі. Яны прапануюць цалкам перанесьці яго за межы, мэтраў за 80 у лес, і высячы новую прасеку шырынёй 12 мэтраў. Гэта зойме 2,5 гектара лесу, і значна падаражэюць працы. Мы дамовіліся сустрэцца ў панядзелак у Дэпартамэнце й пагаварыць на гэты конт”.

Пры наведваньні Курапатаў я не сустрэла валанцёраў, якія б ладзілі дзённае патруляваньне. Таму пазьней зьвязалася зь лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам, адным з каардынатараў дзённага нагляду.

(Севярынец: ) “Яны прыходзяць звычайна з раніцы, прыходзяць недзе а дзясятай, адзінаццатай гадзіне, а ўвечары бывае па-рознаму. Ад пяці да дзесяці гадзінаў. Два, тры, чатыры чалавекі з адпаведнай рады Маладога Фронту. Сём раённых радаў усталёўваюць дзяжурства й накіроўваюць сваіх сяброў на агляд. Ён доўжыцца паўгадзіны, гадзіну, імкнуцца абыходзіць урочышча па пэрымэтры, глядзець, як там адбываюцца будаўнічыя працы. Па вялікім рахунку, апроч гэтай шкоды, дробнай і подлай, што робіцца — нехта стэнд паламаў, шыльду зьнес, такіх асаблівых дзеяньняў не заўважаецца”.
XS
SM
MD
LG