Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫЕМСТВЫ Й КАЛГАСЫ НЯ МАЮЦЬ ГРОШАЙ НА “СОВЕТСКУЮ БЕЛОРУССИЮ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Пошта, ідэолягі й кіраўніцтва дзяржаўных выданьняў сумеснымі намаганьнямі павінны дасягнуць у падпісцы таго ж роўню, што быў сёлета ў студзені. Падпісная кампанія доўжыцца паўтара месяца, але на гэты час няма і 70% ад падпіскі першага паўгодзьдзя.

Больш за ўсё кіраўнікоў падпісной кампаніі хвалюе газэта “Советская Белоруссия”, астатнія дзяржаўныя выданьні — у другую чаргу. Паштальёнаў настойліва заклікаюць быць прапагандыстамі й агітатарамі менавіта галоўнай газэты.

Пад пільную ўвагу начальства ў Менскай вобласьці трапілі ўсе супрацоўнікі выканкамаў. Было заўважана, што чыноўнікі “вэртыкалі” актыўна выпісваюць “Белорусскую деловую газету” ды “Народную Волю” і пры гэтым забываюцца на “Советскую Белоруссию”. Цяпер у выканкамах складаюць сьпісы на падпіску, дзе пазначаецца, якія дзяржаўныя выданьні выпісаў той ці іншы супрацоўнік.

Ведамасная падпіска сапраўды зьвялася да лічаных асобнікаў. Кіраўнікі раёнаў, прадпрыемстваў і арганізацыяў, сельскіх гаспадарак катэгарычна заяўляюць пра поўную адсутнасьць грошай на падпіску.

Адказныя за ідэалёгію вельмі не задаволеныя скажонай інфармацыйнай прасторай. Таму што на месцах найбольш актыўна рухаецца танная падпіска на раённыя выданьні, дзе, акрамя праграмы тэлебачаньня, друкуюцца толькі віншаваньні ды спачуваньні.

Упраўленьні культуры райвыканкамаў, якія афармляюць падпіску для бюджэтных ўстановаў адукацыі й культуры, зьнізілі яе ў сярэднім на 500–600 асобнікаў на раён і гавораць, што такія ўмовы дыктуе бюджэт. Бібліятэкі Магілёўскай вобласьці засталіся без падпіскі на газэты і часопісы СНД, таму што нават не пагасілі запазычанасьць 12 мільёнаў за першае паўгодзьдзе.

Паштавікі скардзяцца на тое, што і ў людзей няма грошай, затрымкі ў выплаце заробкаў робяць вялікую падпіску немагчымай. Сталічнае начальства раіць паштальёнам ісьці да пэнсіянэраў, якія свае грошы атрымліваюць амаль што своечасова. Якраз пэнсіянэры цяпер асноўныя падпісчыкі дзяржаўных выданьняў.
XS
SM
MD
LG