Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСПАЛЬВАЮЧЫ КАНФЛІКТ З АБСЭ, МЕНСК ШКОДЗІЦЬ ГАЛОЎНЫМ ЧЫНАМ САБЕ”


Алена Панкратава, Менск

Як пішуць аглядальнікі аўстрыскай “Die Presse”, канфлікт паміж беларускім рэжымам і Арганізацыяй Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе распальваецца. Выслаўшы з краіны назіральнікаў АБСЭ, якія імкнуліся ажыцьцяўляць у краіне праграмы дэмакратыі й правоў чалавека і такім чынам былі рэжыму бяльмом на воку, Менск сьвядома спальвае масты з астатняй Эўропай і выракае сябе на ізаляцыю.

“Сёньняшнія складаныя дачыненьні між Менскам і АБСЭ ёсьць пэўнага кшталту лякмусавай паперкай у стасунках паміж Беларусьсю і Захадам, — лічаць аналітыкі зь Нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі. — Усё больш эўрапейскіх палітыкаў выказваюць сваё абурэньне ў зьвязку зь дзеяньнямі беларускага кіраўніцтва. Гэта азначае, што цярплівасьць Эўропы хутка можа скончыцца”.

Швайцарскае выданьне “Schaffhauser Nachrichten” цытуе словы старшыні Сталай Рады АБСЭ Жуаў дэ Ліма Пімэнтэля, які неаднаразова заклікаў Менск сфармуляваць свае пажаданьні адносна далейшай дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі. “Замест гэтага, — гаворыць спадар Пімэнтэль, — беларускае кіраўніцтва працягвае скардзіцца на дзейнасьць былога шэфа місіі і ў абстрактных фармулёўках настойвае на зьмене мандату групы”. Іншымі словамі, жаданьне Менску наступнае: альбо місія будзе дзейнічаць выключна ў тым выглядзе, як гэтага хоча беларускі бок, альбо ніякай місіі ў краіне ўвогуле не застанецца.

Паводле адказнага супрацоўніка АБСЭ, падобная ўпартасьць ёсьць вялікай памылкай Менску. Што тычыць нежаданьня акрэдытаваць у Беларусі новага шэфа КНГ Эбэргарда Гайкена, які (падобна, як і ягоны папярэднік Вік) працуе ў найлепшых традыцыях нямецкай дыпляматыі, то гэта ёсьць самым нелягічным крокам беларускага кіраўніцтва. Менавіта дыплямат такога рангу і такога ўнікальнага досьведу, як Гайкен, сёньня, як ніхто іншы, здольны дапамагчы Беларусі наладзіць стасункі з Эўразьвязам.

“Выглядае, што Менск нібыта адмыслова сам сабе шкодзіць, — лічаць экспэрты зь Нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі. — У выпадку, калі Беларусь закрые місію, праблема будзе відавочнай, і краіна апынецца ў ізаляцыі. Бо мэта місіі АБСЭ — ня толькі вучыць, але і ўмацоўваць давер паміж краінамі, захоўваць той канал, які існуе для супрацоўніцтва і кантактаў. Не ў інтарэсах Беларусі, каб гэты канал зьнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG