Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ ЎВОДЗІЦЬ БОЛЬШ ЖОРСТКІЯ ЎМОВЫ ЗНАХОДЖАНЬНЯ ГРАМАДЗЯНАЎ СНД НА СВАЁЙ ТЭРЫТОРЫІ


Ігар Карней, Менск

Паводле намесьніка кіраўніка дэпартамэнту міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Расеі Вячаслава Касталетава, які пагадзіўся адказаць на пытаньні Радыё Свабода, Расея апошнім часам ператварылася ў “прахадны двор”, а таму настаў час шматлікіх гасьцей, так бы мовіць, “сыстэматызаваць”.

(Касталетаў: ) “У Расеі цяпер вельмі шмат выхадцаў з СНД, якія прыяжджаюць у пошуках працы. Боўтаюцца, ня маюць ня тое што дзе працаваць, а нават пераначаваць. З гэтым цыганскім табарам трэба нешта рабіць. Мы дамагаемся цывілізаваных адносінаў зь дзяржавамі Садружнасьці. Калі ўжо да нас едуць, то павінны ведаць: навошта едуць, зь якой мэтай. А калі працаваць, то афіцыйна, а не падпольна.

Тое, што дагэтуль мы ня здольныя былі ажыцьцяўляць з прычыны сваёй слабасьці кантроль — гэта іншае пытаньне. Але зараз мы хочам навесьці парадак. І гэта будзе блізкім часам. Едзе любы іншаземец, карыстаючыся бязьвізавым рэжымам, і пачынае на мяжы тлумачыць: “Куды вочы глядзяць, туды еду, а раптам што-небудзь знайду”. Гэта што за вандроўкі, мы дзе жывем? Сувэрэнная дзяржава павінна ў тым ліку ахоўваць і свой рынак працы”.

Асноўны прыток працоўнай сілы ў Расею ідзе з краінаў СНД. Менавіта краіны былога Саюзу сталі пастаўшчыкамі нелегалаў. А як міграцыйныя службы глядзяць на беларусаў, якія ў бальшыні сваёй таксама працаўладкоўваюцца нелегальна?

(Касталетаў: ) “Пакуль мы разглядаем беларусаў як грамадзянаў замежнай краіны, бо ніяк не аформленая адзіная саюзная дзяржава з адзінымі нормамі і правіламі. Эканомікі ў нас розныя, грошы розныя, падыходы да многіх праблемаў таксама розныя; пакуль няма адзінай краіны з адіным грамадзянствам і кіраваньнем, мы гаворым пра беларусаў як пра змежных грамадзянаў. Таму яны павінны выконваць тыя нормы і правілы, якія ўстаноўленыя расейскім заканадаўствам. У прыватнасьці, датычна працы, прыцягненьня замежных адмыслоўцаў.

Чаму, дарэчы, прыцягваюць беларусаў, а не расейцаў? Меней плаціць можна. Не клапаціцца, пасяліць 50 чалавек у 30-мэтровым пакоі. А тыя нічога вякнуць ня могуць, бо калі што — парвалі кантракт (калі ён наагул ёсьць) ды выкінулі. Каб гэтага бяспраўя не было, мы будзем наводзіць парадак”.

Гэты самы парадак будзе рэгуляваць адмысловы міграцыйны закон, законапраект якога ўхвалены Дзяржаўнай думай і які, паводле прагнозу чыноўнікаў МУС Расеі, хутка пачне дзейнічаць. Запытваю Вячаслава Касталетава, як адчуюць гэта на сабе тыя, хто зьбіраецца патрапіць у Расею.

(Касталетаў: ) “Уліковы ліст іміграцыйнага кантролю будзе раздавацца на мяжы. Чалавек пазначыць імя, прозьвішча, куды і навошта едзе. Там будуць прастаўляцца адзнакі памежнай і іміграцыйнай службаў, прадугледжанае месца для штампу рэгістрацыі паводле месца часовага знаходжаньня. Вяртаецца назад, на мяжы зноў штампуюць гэты аркуш. Нам гэта патрэбна дзеля ўліку. Дагэтуль мы ведалі толькі агульную колькасьць тых, хто пераехаў мяжу. А хто, адкуль, куды едуць і навошта — гэтага не было. Вось дзеля гэтага і ўводзіцца уліковы ліст”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG