Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІ КІРАЎНІК У РОСПАЧЫ”


Алена Панкратава, Менск

Рабочая група ў справах Беларусі, да якой належыць і мой суразмоўца, адказны супрацоўнік Фэдэральнага таварыства замежнай палітыкі Аляксандар Рар, заснаваная некалькі гадоў таму пры нямецкім Фондзе навукі й палітыкі.

Як лічаць эўрапейскія аналітыкі, менавіта Нямеччына ёсьць для Беларусі пэўнага кшталту палітычным мостам, які зьвязвае Менск з Эўразьвязам. Сярод сяброў рабочай групы вядомыя прадстаўнікі нямецкай дыпляматычнай і палітычнай клясы, былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Вік, цяперашні (не прызнаны Менскам) кіраўнік гэтае групы Гайкен, дэпутаты Бундэстагу Цапф і Бэрэндт, шмат іншых асобаў, якія разумеюць беларускую праблематыку як ніхто іншы ў Эўропе.

Паводле Аляксандра Рара, у часе паседжаньня групы ўдзельнікі выказвалі сваё вялікае расчараваньне і непаразуменьне ў зьвязку з палітыкай Лукашэнкі.

Аналізуючы цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, большасьць удзельнікаў паседжаньня сышліся на тым, што Лукашэнка ў роспачы.

(Рар: ) “Летась за тры месяцы да выбараў ў Бэрлін прыяжджаў міністар Хвастоў і адкрыта даваў нам, Захаду, зразумець, што Менск шукае інтэграцыі з Эўразьвязам. Было відавочна, што Лукашэнка баяўся расейскіх алігархаў, таго, што яны выкупяць у Беларусі ўсё — і такім чынам пахісьнецца ягоная ўлада. Аднак далей Менск пачаў весьці нейкія незразумелыя гульні, у прыватнасьці, у дачыненьні да АБСЭ. Лукашэнка, хутчэй за ўсё зразумеў, што заходні ўплыў на беларускую эканоміку можа быць такім моцным, што пагрозу для ягонай улады можна чакаць з гэтага боку. Сёньня Лукашэнка канчаткова разгубіўся : ён ня ведае, чаго хоча ад яго Расея. Цяперашняе праўленьне Лукашэнкі — гэта поўная роспач”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы можаце пракамэнтаваць сёньняшнюю заяву Пуціна адносна гэтак званага ідэалягічнага шалупіньня і кашы беларускага лідэра?”

(Рар: ) “Натуральна, што Пуцін зьмяніў стратэгію. Расея ўсё больш становіцца часткай Захаду. Натуральна, ня будзе яна дзяліцца сваёй уладай зь Менскам. “Дваццатка”, цяперашнія стасункі зь Нямеччынай — усё адбываецца вельмі спрыяльна для Пуціна. Палітыка Лукашэнкі ў гэтым зьвязку моцна перашкаджае яму. Пуцін ня ведае, што рабіць зь Беларусьсю. Ён бачыць дзьве магчымасьці.

Першая: эканоміка Беларусі рухне, і гэты рэгіён будзе прасіцца ў склад Расеі. Ня ведаю, наколькі гэта прымальна для Пуціна, аднак прымальна для расейскіх шавіністаў. Альбо другі варыянт: ён вымушаны будзе прымусіць Лукашэнку сьледаваць расейскай палітыцы ў дачыненьні NATO і Эўразьвязу”.

(Карэспандэнтка: ) “Якую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі прапануе вашая рабочая група?”

(Рар: ) “Нашая рабочая група будзе выносіць на больш высокі ўзровень у Нямеччыне шэраг прапановаў. Размова ідзе пра далейшыя кантакты з дэмакратычнымі сіламі: апазыцыяй, дэпутатамі ў мэтах будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці. Другі момант — нарошчваньне эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Бо ізаляцыя Беларусі, да якой крочыць афіыцыйны Менск — гэта пагібель для беларускага народу.

Вельмі пазытыўна нашыя аналітыкі ацэньваюць той факт, што кансультацыйная рада, якая дзейнічае пры беларускім ўрадзе, складаецца на 25% зь немцаў. Уплыў Нямеччыны можа пазытыўна адбіцца на асваеньні беларускай эканамічнай прасторы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG