Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АДПАЧЫВАЕ БЕЛАРУСКАЕ ЧЫНАВЕНСТВА?


Ганна Соусь, Менск

У большасьці краінаў Эўропы інфармацыя пра тое, дзе й як адпачываюць дзяржаўныя чыноўнікі (асабліва палітычныя лідэры) адкрытая для ўсяго грамадзтва. Даведацца ж пра тое, якім будзе адпачынак у прадстаўнікоў высокага беларускага чынавенства, даволі складана.

Дастаткова ўзгадаць, якой таямніцай сталіся напачатку вакацыі Аляксандра Лукашэнкі ў аўстрыйскіх Альпах. Што да ягоных падначаленых, то ў прэм’ера Генадзя Навіцкага адпачынак заплянаваны на пачатак ліпеня, але ягоная сакратарка ня ўпэўненая, што кіраўнік ураду скарыстае яго, з прычыны, як яна зазначыла, “апошніх падзеяў”.

У прыёмных практычна ўсіх міністэрстваў сакратаркі паведамляюць толькі тэрміны адпачынку, вызначаныя паводле графіку, складзенага прэм’ерам, але катэгарычна адмаўляюцца казаць, дзе будуць адпачываць міністры. Гэткім чынам, цяпер недзе адпачывае міністар адукацыі Пётар Брыгадзін; кудысьці зьбіраецца ў адпачынак міністар культуры Леанід Гуляка і гэтак далей. Пэўна, што старшыня Менгарвыканкау Міхаіл Паўлаў адпачывае выключна ў Беларусі, звычайна ля рэчкі з вудай у руках.

Паводле Анатоля Лябедзькі, які калісьці меў дачыненьне да намэнклятурных шэрагаў, для кожнай групы беларускага чынавенства існуюць свае прыярытэты.

(Лябедзька: ) “Для, так бы мовіць, самай нізкай намэнклятуры — узровень раённай вэртыкалі, можна і ў “Сосны”. Для тых, хто на больш высокім узроўні, частка тых жа дэпутатаў палаты — гэта Сочы і Туапсэ. А тыя, хто сядзяць непасрэдна на разьмеркаваньні, лабісты вышэйшага ўзроўню, тыя, натуральна, едуць у ваяжы ў Францыю, Харватыю, куды-небудзь на ўзьбярэжжа мора. Гэты мэханізм разьмеркаваньня, які належыць дзяржаве, прывабны для тых, хто займае пэўныя пасады. Той аказвае паслугі, і яму за гэта турфірма можа зрабіць пуцёўку для яго й ягонай сям’і. А што тычыць узроўню міністраў, то, мне падаецца, усе былі ўсьцешаныя адменай так званых чорных сьпісаў, калі міністры не маглі выяжджаць за межы Беларусі”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, некаторыя беларускія чыноўнікі ўсё ж аддаюць перавагу адпачынку ў Беларусі — звычайна на Нарачы ці ў Белавескай пушчы. Але большая частка намэнклятуры традыцыйна адпачывае ў беларускіх санаторыях у Сочы, Туапсэ, Друскеніках, Юрмале ды Трускаўцы, дзе для іх і іхных сем’яў існуюць значныя зьніжкі. Распавядае дэпутат палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Як аказалася, у дэпутата палаты прадстаўнікоў адпачынак — 36 каляндарных дзён. Гэта зашмат. Браць увесь адпачынак у гэтым годзе я ня буду. У рамках сваіх вакацыяў вазьму ўдзел у зьезьдзе Эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў (Расейска-ўкраінска-беларускі саюз) у Амэрыцы. Пасьля гэтага вяртаюся ў Беларусь і з задавальненьнем пабуду на сваёй загараднай, як я кажу, віле пад Фаніпалем. Сёлета зьмяніліся патрабаваньні, як я чуў, але сам не вывучаў, — як быццам, ужо льготы ліквідаваныя для дэпутатаў. А што было раней: дэпутат меў зьніжку на 30% ад кошту самой пуцёўкі”.

Адзін з найбольш папулярных у беларускай намэнклятуры санаторыяў — “Беларусь” у Юрмале. Міхаіл Марыніч, былы амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі й Фінляндыі распавёў Радыё Свабода, што звычайна беларускія чыноўнікі адпачываюць у ім у найлепшы сэзон — у ліпені–чэрвені. Астатні час санаторый працуе для беларускіх дзяцей. Пуцёўка ў “Беларусь” каштуе 150–170 даляраў на два тыдні.

(Марыніч: ) “У Юрмалу, мне падаецца, усе імкнуцца. Добрае паветра, сосны, мора. За савецкім часам многія чыноўнікі прызвычайліся. Бываюць літаральна ўсе — чынавенства з адміністрацыі прэзыдэнта, з ураду, з Нацыянальнага сходу”.
XS
SM
MD
LG