Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ АРГКАМІТЭТ НЕ ТРЫМАЕЦЦА СВАЙГО Ж ПЛЯНУ СЬВЯТКАВАНЬНЯ КУПАЛАВАГА ЮБІЛЕЮ


Галіна Абакунчык, Менск

На сёньняшні дзень рэальна выкананыя альбо на стадыі завяршэньня толькі 3 з 30 пунктаў заплянаванай дзяржавай праграмы юбілейных сьвяткаваньняў. Так, выпушчаны сувэнірны трохмоўны том “Новай зямлі”, на наступным тыдні ў продаж паступаюць срэбныя манэты да 120-годзьдзя Янкі Купалы й Якуба Коласа, на падыходзе паштовыя маркі й капэрты.

Выкананьне астатняй часткі пляну — упарадкаваньне мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю клясыкаў, усталяваньне помнікаў у Маскве й Санкт-Пецярбургу і нават выданьне сувэнірнай прадукцыі — яшчэ пад вялікім пытаньнем. Літаральна днямі ў музэі Янкі Купалы атрымалі грошы на аднаўленьне экспазыцыі, якіх тут чакалі больш за паўгода. Гаворыць намесьніца дырэктара музэю Лідзія Макарэвіч:

(Макарэвіч: ) “Гэта такая мізэрная кропелька, якая неабходная толькі, каб набыць матэрыялы, і ня больш. Дзевяцітомнае выданьне твораў Купалы было заплянаванае, але да юбілею яно ня выйдзе, ня будзе зроблена яшчэ шмат што. Да такой даты як 120-годзьдзе неабходна пачынаць рыхтавацца не пазьней, як за год. А калі мы ў апошнія дні нешта пачынаем рабіць, то пра тыя ранейшыя пляны гаварыць не даводзіцца. Мы проста не пасьпеем”.

У плянах Нацыянальнага камітэту ёсьць пункты, выкананьне якіх не патрабуе значных фінансавых выдаткаў, але яны таксама не выконваюцца. Да прыкладу, паказ дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў па творах Купалы й Коласа, стварэньне Інтэрнэт-старонкі, аднаўленьне спэктаклю “Тутэйшыя”. Узяць камэнтар у міністра культуры Леаніда Гулякі, які ёсьць намесьнікам віцэ-прэм’ера Дражына ў справе юбілейных сьвяткаваньняў, не ўдалося — як паведамілі ў міністэрстве, ён заняты дэлегацыяй Ірану.

Затое сябры Грамадзкага каміэту, створанага шэрагам найвядомейшых у краіне пісьменьнікаў, мастакоў і палітыкаў, перакананыя, што для годнага ўшанаваньня клясыкаў шмат значаць ня толькі грошы, але й добрая воля. Гаворыць кіраўнік Грамадзкага камітэту Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “У Грамадзкага камітэту, канечне, няма такіх фінансавых магчымасьцяў, няма такой распаясанай волі, як ва ўраду. Але Грамадзкі камітэт будзе падганяць і дзяржаўны. Гэта будзе, так бы мовіць, як бяльмо на воку ўраду”.

Старшыня саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава, якая ўваходзіць у абодва камітэты, перакананая, што гэтае цяперашняе падзяленьне ўрэшце адмоўна паўплывае на сьвяткаваньне юбілейных угодкаў. Але гэта цалкам застаецца на сумленьні дзяржавы. Гаворыць Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Думаю, што і адзін, і другі камітэт ўсё роўна ня зробяць дастаткова для таго, каб нашае грамадзтва ўшанавала Купалу так, як ён таго заслугоўвае. Але другая частка грамадзтва, у прыватнасьці, вось гэтыя людзі — разумныя, інтэлектуалы — яны як бы выцясьняюцца з жыцьця. А я лічу, што адхіляючы такі патэнцыял, дзяржава абядняе нас усіх”.

Сёньня Грамадзкі аргкамітэт вырашыў 2 ліпеня правесьці ў Менску міжнародную канфэрэнцыю “Янка Купала й Незалежная Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG