Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ЗНОЎ АБВІНАВАЧВАЕ ПОЛЬШЧУ, ЛІТВУ Й ЛАТВІЮ Ў ПАРУШЭНЬНІ ПРЫНЦЫПАЎ АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі намесьнік міністра Аляксандар Герасіменка зноў нагадаў пра заяву МЗС ад 31 траўня наконт плянаў Польшчы, Літвы й Латвіі ўсталяваць поўнамаштабны візавы рэжым зь Беларусьсю. Польшча скасуе бязьвізавы рэжым для беларускіх грамадзян 1 ліпеня 2003 году, а ўжо з 1 студзеня 2003 году Літва й Латвія скасуюць спрошчаны рэжым перасячэньня мяжы для жыхароў памежных раёнаў. Таксама з пачатку наступнага году беларускія пэнсіянэры больш ня змогуць езьдзіць у Літву бязь візаў.

З гэтай нагоды спадар Герасіменка зазначыў:

(Герасіменка: ) “Мы заклапочаныя крокамі нашых суседзяў, якія скіраваныя на фактычнае абмежаваньне права грамадзянаў на свабоду перамяшчэньня ды вядуць да зьяўленьня новых лініяў падзелу ў Эўропе. Сытуацыя ўскладняецца тым, што ў цяперашні час у Польшчы, Латвіі й Літве пражывае значная супольнасьць этнічных беларусаў (адпаведна ў Польшчы 320 тысяч, у Латвіі — 97 тысяч і ў Літве — 65 тысяч), якія непарыўна зьвязаныя сёньня найперш сямейнымі, культурнымі ды эканамічнымі повязямі з насельніцтвам памежных раёнаў Беларусі. Да гэтага часу адсутнічае, на жаль, рэакцыя з боку вядучых эўрапейскіх структураў адносна парушэньня краінамі-кандыдатамі ў Эўразьвяз іхных забавязаньняў у рамках АБСЭ”.

Аляксандар Герасіменка дадаў, што рашэньні Латвіі, Літвы й Польшчы супярэчаць прынцыпам добрасуседзтва, а таксама галоўным дакумэнтам АБСЭ, згодна зь якімі дзяржавы-сябры АБСЭ забавязаліся паступова спрашчаць парадак уезду й выезду грамадзянаў. Паводле спадара Герасіменкі, беларускі бок настойвае на тым, што гэтая праблема мусіць стаць прадметам шырокага абмеркаваньня ў рамках эўрапейскіх арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG