Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“KIRCH MEDIA” МОЖА САЧЫЦЬ ЗА ТРАНСЬЛЯЦЫЯЙ ФУТБОЛУ Ў БЕЛАРУСІ 24 ГАДЗІНЫ ШТОДНЯ


Алена Панкратава, Менск

Як паведаміла нашаму радыё з Сэулу мэнэджэр “Кirch Media” Крыстына Кнёпфлер, чэмпіянат арганізаваны выдатна, а адмысловая сыстэма мэдыя-маніторынгу дазваляе і FIFA, і “Кirch Media” кожны дзень на працягу 24 гадзінаў кантраляваць усе тэлевізійныя праграмы, якія купілі ў кампаніі права на вяшчаньне.

Як паведаміла спадарыня Кнёпфлер, з гледзішча трансьляцыі селётні чэмпіянат сьвету найбольш складаны.

(Кнёпфлер: ) “Выдаткі такія, нібыта гэта два чэмпіянаты. Трансьляцыі вядуцца з дваццаці стадыёнаў, на мінулым чэмпіянаце — толькі зь дзесяці. Мы маем справy зь дзьвюма адрознымі культурамі, дзьвюма абсалютова рознымі камунікацыйнымі сыстэмамі, двума трансьляцыйнымі цэнтрамі. Зразумела, выдаткі ўдвая вышэйшыя за тыя, што былі на мінулым чэмпіянаце. Аднак супрацоўніцтва зь дзьвюма краінамі, насуперак розным скептычным прагнозам, праходзіць выдатна”.

Паводле Крыстыны Кнёпфлер, “Кіrch Media” лічыць сёлетнія гульні вельмі прыбытковым гешэфтам, тым больш, што правы на паказ гэтага і будучага чэмпіянату ў 2006 годзе ў Нямеччыне (“Кіrch Media” зьяўляецца таксама манапалістам на гэты паказ) каштавалі параўнальна нядорага — 2,8 мільярда швайцарскіх франкаў.

Дзякуючы паведамленьням у сусьветных СМІ, “Кіrch Media” ў курсе ўсіх акцыяў беларускіх заўзятараў, у выніку якіх улады былі вымушаныя капітуляваць і нарэшце выкупіць правы на паказ гульняў. Паводле спадарыні Кнёпфлер, дзіўным у гэтае гісторыі выглядае тое, што беларускі бок яшчэ загадзя, да чэмпіянату, вёў перамовы з “Кirch Media” і высьвятляў умовы куплі правоў на трансьляцыю.

(Кнёпфлер: ) “Прадстаўнікі Беларусі чамусьці не прыйшлі да рашэньня загадзя заключыць з намі дамову. Магчыма, яны спадзяваліся, што змогуць, так бы мовіць, неафіцыйна, скарыстацца расейскімі рэпартажамі. Аднак, потым, як вы ведаеце, у выніку пэўных прычынаў Беларусь прыйшла да рашэньня заключыць пагадненьне з намі”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму адной з умоваў трансьляцыі паўстае такі момант як мова? Што тычыць Беларусі, то яна мае дзьве дзяржаўныя мовы — беларускую і расейскую, аднак, зыходзячы з умоваў пагадненьня, рэпартажы на Беларусь павінны весьціся па-беларуску?”

(Кнёпфлер: ) “Звычайна краіна купляе права трансьляцыі на сваёй нацыянальнай мове, ёсьць такі пункт — права трансьляцыі на пэўную тэрыторыю і на пэўнай мове... Мы чулі, што ў беларускіх рэпартажах гучалі пэўныя фрагмэнты на расейскай мове. Аднак гэтае пытаньне больш у кампэтэнцыі нашых юрыстаў. Я ведаю толькі адно: паводле дамовы, рэпартажы ў любым выпадку павінны весьціся па-беларуску”.

(Карэспандэнтка: ) “Я так зразумела, што ў вас ёсьць магчымасьці кантраляваць выкананьне ўмоваў дамовы...”

(Кнёпфлер: ) “Так. У нас выключная сыстэма мэдыя-маніторынгу, з дапамогай якой на працягу 24 гадзінаў кантралююцца ўсе тэлевізійныя праграмы на 215 усясьветных тэрыторыях, якім мы прадалі права на вяшчаньне. Такім чынам, мы назіраем за ўсім працэсам паказу чэмпіянату разам з FIFA”.
XS
SM
MD
LG