Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК УМАЦОЎВАЕ СУВЯЗІ З ІРАНАМ І СЫРЫЯЙ


Юры Сьвірко, Менск

Іран, кіраўніцтва якога Захад часта абвінавачвае ў падтрымцы міжнароднага тэрарызму, паступова разьвівае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Афіцыйны Менск разглядае прыезд міністра культуры ды ісьлямскае арыентацыі гэтай краіны як важны этап падрыхтоўкі да афіцыйнага візыту ў Беларусь прэзыдэнта Ісьлямскае Рэспублікі Іран Махамада Хатамі.

Міністар Ахмад Масджэд-Джамэі заўтра адкрые Дні іранскага кіно ў Менску, што пройдуць у сталічных кінатэатрах “Мір” і “Піянэр”. Апрача гэтага, ён будзе прыняты Аляксандрам Лукашэнкам, сустрэнецца з кіраўніцтвам гэтак званага Нацыянальнага сходу і зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым. Зь міністрам культуры Леанідам Гулякам ён сёньня падпісаў мэмарандум аб узаемным супрацоўніцтве ў галіне культуры і мастацтва. Іранцы захацелі таксама наведаць у Менску Нацыянальны мастацкі музэй і Нацыянальную бібліятэку.

Тым часам беларуская дэлегацыя на чале зь першым намесьнікам міністра транспарту й камунікацыяў Мікалаем Верхаўцом знаходзіцца ў Тэгеране ды бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Іран–транзыт-2002”. Цяпер беларускае Міністэрства транспарту працуе над далучэньнем да міжнароднага транспартнага калідору “Поўнач–поўдзень”, пагадненьне пра які падпісалі Іран, Індыя й Расея.

Беларусь пашырае сувязі ня толькі з Іранам, але й з Сырыяй, якая таксама мае складаныя дачыненьні з ЗША. Аднак, на думку беларускага МЗС, Сырыя адыгрывае важную ролю ў працэсе блізкаўсходняга ўрэгуляваньня. “Палітычная вага Сырыі на міжнароднай арэне ўмацоўваецца дзякуючы яе незалежнай і ўзважанай палітыцы ў рэгіёне і ў сувязі з абраньнем Сырыі ў лік нясталых cяброў Рады Бясьпекі ААН на пэрыяд 2002–2003 гадоў”, — паведаміла беларускае дыпляматычнае ведамства.

Сёньня ў Менску працягвалася паседжаньне эканамічнай беларуска-сырыйскае камісіі, быў падпісаны адпаведны пратакол. Сустаршыня камісіі зь беларускага боку міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў адзначыў, што за тры гады беларуска-сырыйскі тавараабарот павялічыўся з 2 да 15,5 мільёна даляраў. Але беларускі экспарт значна большы за імпарт з Сырыі. Кошт экспартных паставак у Сырыю за першы квартал сёлета дасягнуў 6 мільёнаў даляраў.

Менск зацікаўлены ў стварэньні супольнае зборкі беларускіх трактараў у сырыйскім горадзе Алепа ды яшчэ сэрвіснае сеткі рамонту аўтамабіляў “БелАЗ”, а таксама ў мадэрнізацыі адной з тамтэйшых фірмаў з удзелам бабруйскага шыннага камбінату.

Беларусь таксама хоча пастаўляць абсталяваньне ды аўтатрактарную тэхніку для Сырыйскае нафтавае кампаніі. Вытворчае аб’яднаньне “Беларуснафта” мае досьвед працы ў Сырыі яшчэ пры канцы савецкага пэрыяду, таму хоча аднавіць супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG