Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ІТЭРА” ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ ЭКАНАМІЧНЫМІ САНКЦЫЯМІ


Міхал Стэльмак, Менск

Эканамічныя санкцыі “Ітэра” мае намер увесьці 13 чэрвеня з 10-й гадзіны раніцы. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграме старшыні праўленьня маскоўскай кампаніі Валерыя Атчарцова, які даслаў яе на адрас прэм’ер-міністра Беларусі Генадзя Навіцкага.

Як паведаміў сёньня нашаму радыё прэсавы сакратар прадстаўніцтва “Ітэры” ў Беларусі Яўген Дзьмітрыеў, такое рашэньне выкліканае тым, што Беларусь нясвоечасова разьлічваецца за пастаўленае паліва:

(Дзьмітрыеў: ) “У тэлефанаграме ўказана, што такія крокі выкліканыя бягучай запазычанасьцю. Надзвычайнага тут нічога няма. Мы вымушаныя ўводзіць часовыя прыпыненьні паставак энэргарэсурсаў. Напярэдадні аналягічная сытуацыя мела месца, калі прыпыняліся пастаўкі ў Беларусь расейскай электрычнасьці. Магчыма, гэтая практыка і ня вельмі цывілізаваная, але яна сёньня выкарыстоўваецца. Такая практыка стымулюе нейкім чынам ўзаемаразьлікі, і найперш іх грашовы складнік”.

Паводле словаў спадара Дзьмітрыева, Беларусь завінавацілася расейскай кампаніі каля 24 мільёнаў даляраў. Выглядае, аднак, што беларускае кіраўніцтва ня можа зьліквідаваць гэтую запазычанасьць.

Падчас пецярбургскага саміту кіраўнікоў Расеі й Беларусі Аляксандар Лукашэнка перадаў Уладзімеру Пуціну ліст з просьбай пра эканамічную дапамогу. Адметна, што першы пункт гэтага ліста якраз і тычыцца паставак паліва. Лукашэнка зьвярнуўся да Пуціна, каб той паўзьдзейнічаў на “Газпрам” ды зьнізіў транзытныя тарыфы для “Ітэры”.

Вось як пракамэнтаваў гэта нашаму радыё кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру “Мізеса” Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Відавочна, што пасьля ўчорашняй сустрэчы “ў вярхах” расейцы пабачылі, што дамоўленасьці не выконваюцца. І што Беларусь толькі дакляруе эканамічныя, але найперш палітычныя мэты. Даўгі беларускай эканомікі за газ ужо перавышаюць 250 мільёнаў даляраў.Такім чынам, “Ітэра”, як і “Газпрам” мае ўсе правы зьменшыць пастаўкі газу ў Беларусь і патрабаваць альбо выплаты доўгу, альбо перагляду кантракту, альбо зрабіць так, каб Беларусь разьлічылася маёмасьцю. І гэта трывожны сыгнал для Лукашэнкі перад восеньню, якая будзе для яго вельмі “гарачай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG