Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ З ЗАСУХАЙ ЗМАГАЮЦЦА ВЕДЗЬМАКІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Найбольш пацярпелі ад засухі Докшыцкі, Пастаўскі, Мёрскі, Глыбоцкі, Браслаўскі ды Шаркаўшчынскі раёны. Тут выязная камісія зь Віцебскага аблвыканкаму пастанавіла перасяваць пустыя ўчасткі кукурузай або аднагадовымі травамі. Зрабіць гэта некаторыя гаспадаркі проста няздольныя, бо на новае насеньне ды лішняе паліва для агратэхнікі няма грошай. Таму некаторыя кіраўнікі раёнаў спрабуюць вырашыць гаспадарчыя праблемы іншымі сродкамі, часам экзатычнымі.

Да прыкладу, супрацоўнікі Шаркаўшчынскага райвыканкаму запрасілі з Украіны ведзьмака, які паабяцаў выклікаць дождж. Паводле словаў мясцовых жыхароў, чараўніку далі асобны пакой у будынку райвыканкаму, і раённае кіраўніцтва аплачвае яму нумар у гатэлі ды магічныя вандроўкі па калгасных палях.

Чараўніцтва практыкуецца ў Шаркоўшчыне ўжо больш за тыдзень, а дажджу дагэтуль няма. Людзі адно сьмяюцца зь няздатнага чараўніка ды кпяць з раённага начальства, што дарма марнуе дзяржаўныя грошы.

У суседніх з Шаркаўшчынскім раёнах кіраўнікі вырашылі паўплываць на прыродную стыхію зь іншага боку: яны зьвярнуліся ў касьцёл. Тым болей, што да зьяўленьня ў Шаркаўшчыне ўкраінскага ведзьмака ўсе сьвятары паставіліся вельмі адмоўна. Так, ксёндз Аляксандар Амяльчэня, які займаецца ў віцебскай курыі стасункамі з рэгіёнамі, заўважыў падчас тэлефоннае гаворкі, што ня варта спадзявацца на дапамогу цёмных сілаў.

У мясцовых парафіях Глыбоцкага, Браслаўскага, Пастаўскага ды іншых раёнаў цяпер масава ладзяцца хросныя ходы. Ініцыятыву заклікаць дождж на калгасныя палеткі падтрымліваюць і праваслаўныя сьвятары. Кажуць, што асабліва адданыя вернікі так спадзяюцца на цуд падчас хроснага ходу, што нават бяруць з сабою парасоны. Але на Віцебшчыне па-ранейшаму сонечна ды горача.

Калі цяпер не ўратаваць пасеянае ад засухі, увосень у Віцебскай вобласьці паўстане новая праблема — праблема закупу кармоў ды сельгаспрадукцыі ў суседзяў, як гэта ўжо было два гады таму. Але цяпер сродкаў на гэта няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG