Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ ДАМАГАНЬНІ МОГУЦЬ ДЫСКРЭДЫТАВАЦЬ МІЖНАРОДНЫ ТРЫБУНАЛ


Кастусь Бандарук, Прага

Напэўна, ня ўсе памятаюць, што з 1 красавіка мінулага году, Слабадан Мілошавіч знаходзіўся ў белградзкай турме. Потым, пад ціскам з боку міжнароднай супольнасьці, насуперак рашэньню Канстытуцыйнага Суду прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч, напэўна зь ведама прэзыдэнта Каштуніцы, прыняў рашэньне аб экстрадыцыі Мілошавіча. Ён сьпешна быў перавезены ў амэрыканскую базу ў Тузлі, і адтуль брытанскім самалётам імгненна дастаўлены ў Гаагу. Джынджыч тлумачыўся, што нявыдача Мілошавіча пагражала-б краіне стратай замежнай дапамогі і міжнароднай ізаляцыяй.

З таго часу суд над Мілошавічам, марудна, зь перапынкамі, але працягваецца. Яму агулам прад’яўлена 66 абвінавачаньняў ў генацыдзе, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці ў Харватыі, Босьніі і Косаве за апошняе дзесяцігодзьдзе. Галоўны пракурор Міжнароднага суду Карла дэль Понтэ закінула Мілошавічу “сярэднявечнае барбарства”, усклала на яго адказнасьць за канцэнтрацыйныя лягеры, бойню ў Срэбрэніцы, абстрэл Сараева, за этнічныя чысткі, агулам за сьмерць двухсот тысячаў чалавек. Мілошавіч, са свайго боку, пасьлядоўна адмаўляе трыбуналу ў легітымнасьці, ён адкінуў дапамогу адваката і абараняецца сам. Суд паклікаў у якасьці сьведкаў 350 чалавек, а Мілошавіч патрабуе паклікаць ў якасьці сваіх сьведкаў заходніх лідэраў: былога прэзыдэнта ЗША Клінтана, прэзыдэнта Францыі Шырака, а нядаўна – спэцыяльнага пасланьніка ЗША на Балканах Рычарда Голбрука.

Неяк цяжка сабе ўявіць, каб былыя або цяперашнія прэзыдэнты і вядомыя палітыкі пачалі гаварыць ўсю праўду, бо ж паказаньні даюцца пад прысягай. Прыйшлося б сказаць шмат непрыемнай праўды…

Вось тут і ўзьнікла праблема. Ужо ў лютым сёлета Мілошавіч заявіў, што хоча, каб у якасьці сьведкі выступілі тыя, з кім ён некалі сустракаўся на роўных, якія тады размаўлялі зь ім як з аўтарытэтным палітыкам. Мілошавіч, у прыватнасьці, хоча, каб паказаньні даў былы пасланьнк ЗША на Балканах Рычард Голбрук. У 1995 годзе гэтак званыя “Дэйтанскія пагадненьні”, якія былі падпісаныя ў Парыжы, закончылі трохгадовую грамадзянскую вайну ў Босьніі паміж мусульманамі, харватамі і сэрбамі. Голбрук адыграў выключную ролю ў дасягненьні гэтай дамовы. Ён шэраг разоў сустракаўся зь лідэрамі Босьніі – Ізэтбэгавічам, Харватыі – Туджманам і Мілошавічам, які тады прадстаўляў інтарэсы басьнійскіх сэрбаў. Зараз ні ЗША, ні сам Голбрук вельмі не хацелі б, каб архітэктар дэйтанскіх пагадненьняў выступіў у якасьці сьведкі. Дзярждэпартамент ЗША дамаўляецца зь Міжнародным трыбуналам, каб паказаньні Голбрука, калі ён ужо мусіць быць сьведкам, былі засакрэчаныя, каб не прыйшлося гаварыць пра ўсе нюансы і акалічнасьці перамоваў. Апрача ўсяго, як адзначыў адзін амэрыканскі дыплямат, “Голбруку непрыемна было б разказваць пра тое, як ён піў зь Мілошавічам віскі”. Што цікавае, выглядае, што Міжнародны Суд гатовы пайсьці на саступкі.

Якія могуць быць наступствы гэтага? Наступствы для аўтарытэту Міжнароднага Трыбуналу, для лёсу самога Мілошавіча? Як адзначаюць некаторыя аглядальнікі – наступствы могуць быць вельмі сур’ёзныя. “Для самога Трыбуналу і для ўсяго рэгіёну вельмі важна, каб суд над Мілошавічам быў празрысты”, – заявіў адзін з дыпляматаў у ААН.

Выключэньне, зробленае для важнага сьведкі з ЗША, можа быць дрэнным прэцэдэнтам на будучыню. У такім выпадку іншыя краіны могуць заявіць: чаму мы павінны супрацоўнічаць зь Міжнародным Судом, калі ня хочуць гэтага рабіць Злучаныя Штаты”. А трэба памятаць, што менавіта Вашынгтон наймацней настойваў на стварэньні Міжнароднага Суду і на пакараньні ваенных злачынцаў у былой Югаславіі. А што тычыцца падсуднага, дык незьяўленьне ў суд важных сьведкаў, або засакрэчаньне некаторых паказаньняў, яму толькі на руку. Ён заўсёды можа сказаць, што ў часе сьледзтва былі істотныя працэдурныя парушэньні, а яму не была дадзеная магчымасьць даказаць сваю невінаватасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG