Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ’ЕР-МІНІСТАР ПОЛЬШЧЫ КАТЭГАРЫЧНА СУПРАЦЬ СТВАРЭНЬНЯ БЯЗЬВІЗАВАГА КАЛІДОРА ПАМІЖ КАЛІНІНГРАДАМ І АСТАТНЯЙ ТЭРЫТОРЫЯЙ РАСЕІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У часе саміту прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што ня можа пагадзіцца на такі разьдзел сувэрэннай тэрыторыі Расеі. Паводле расейскага прэзыдэнта, пасьля пашырэньня Эўразьвязу ня могуць быць абмежаваныя правы чалавека што да свабоднага перамяшчэньня ды кантактаў паміж сем’ямі. Раней, у часе сустрэчы лідэраў краінаў Эўразьвязу і Расеі ў Маскве, Уладзімер Пуцін быў яшчэ больш жорсткі ды заявіў, што не дазволіць, каб чыноўнікі чужых краінаў вырашалі, можа паехаць грамадзянін Расеі ў іншую частку сваёй краіны ці не.

Учора Ўладзімер Пуцін запрапанаваў вырашыць праблему Калінінграду так, як калісьці была вырашаная праблема Заходняга Бэрліну. Нагадаем, што у 1971 годзе была падпісаная дамова, паводле якой грамадзянам Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына дазвалялася пераяжджаць у Заходні Бэрлін і назад бязь візаў. Пры гэтым на тэрыторыі Ўсходняй Нямеччыны яны ня мелі права спыняць свае аўтамабілі, без прыпынкаў курсавалі і цягнікі.

Аднак, паводле польскага прэм’ера, Варшава ніколі ня прыме гэткіх прапановаў. Адначасова Лешэк Мілер заявіў, што Польшча ня хоча стварыць на сваёй усходняй мяжы новы “жалезны занавес” і гатовая працаваць над тым, каб зрабіць атрыманьне візаў як мага больш простым, танным і хуткім.

Напрэдадні, у часе візыту ў Маскву, тое самае заявіў і прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

“Само слова “калідор” мае ў Польшчы адмоўнае значэньне, бо зьвязанае з гісторыяй другой сусьветнай вайны, якая пачалася пасьля таго, як у 1939 годзе Польшча адмовіла Нямеччыне ў стварэньні праз сваю тэрыторыю “калідору” ад Усходняй Прусіі да Гданьску”, – сказаў Квасьнеўскі.

Такім чынам, цьвёрдая пазыцыя ў справе ўвядзеньня візаў з аднаго боку Масквы, а з другога – Варшавы, Вільні і Брусэлю можа спавадаваць значнае пагаршэньне адносінаў паміж Расеяй ды краінамі ня толькі Балтыйскага рэгіёну, але і ўсяго Эўрапейскага Зьвязу.

Нагадаем, што візы для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны Польшча ўвядзе ад 1 ліпеня наступнага году. Паводле прадстаўнікоў польскага ўраду, кошт візы будзе складаць 10-12 эўра, ці амаль на палову менш, чым польская віза каштуе цяпер.
XS
SM
MD
LG