Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АПАЗЫЦЫЮ НА СЭМІНАР З УДЗЕЛАМ ДЭЛЕГАЦЫІ РАДЫ ЭЎРОПЫ НЕ ЗАПРАСІЛІ


Валер Каліноўскі, Менск

Адкрываючы сэмінар, адмысловы дакладчык па Беларусі Вольфганг Бэрэндт падкрэсьліў, што ў ПАРЭ не задаволеныя станам беларускага парлямэнту, ня лічаць яго дэмакратычна абраным. Гэтая пазыцыя не зьмянілася, але трэба сканцэнтравацца на канкрэтных праблемах, — заклікаў ён.

За чатыры гадзіны сэмінару разгледзелі пяць найбольш вострых праблемаў, на вырашэньні якіх Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы настойвае як на ўмовах для аднаўленьня статусу Беларусі ў сваёй арганізацыі. Гэта пашырэньне функцыяў парлямэнту, адмена сьмяротнага пакараньня, дэмакратызацыя заканадаўства аб СМІ, увядзеньне інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Назва апошняй тэмы гучала гэтак: “Грамадзянская супольнасьць у Рэспубліцы Беларусь: станаўленьне і шляхі разьвіцьця. Апазыцыя і грамадзтва”. Аднак на справе беларускія ўлады паказалі апазыцыі ейнае месца, нават не дапусьціўшы яе да абмеркаваньня гэтых надзённых тэмаў. Гаворыць прадстаўнік ПАРЭ Вольфганг Бэрэндт:

(Бэрэндт: ) “Так, я вельмі шкадую пра гэта, таму што першапачатковы плян прадугледжваў запрашэньне на сэмінар у Вільню прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады апазыцыйных партыяў ды недзяржаўных арганізацыяў. Гэты плян быў прапанаваны ня толькі намі, але і літоўскім урадам. Але, на жаль, ён ня быў прыняты беларускім парлямэнтам”.

Тым не менш спадар Бэрэндт падкрэсьліў, што эўрапейскія парлямэнтары гатовыя ўдзельнічаць у любых дэбатах, якія паспрыяюць пашырэньню паўнамоцтваў парлямэнту і дэмакратызацыі ў Беларусі. Спадар Бэрэндт найбольш высока ацаніў дыскусію аб магчымасьці адмены сьмяротнага пакараньня:

(Бэрэндт: ) “Мы вельмі цэнім гэтам, але зь іншага боку, мы разумеем, што павінны рухацца крок за крокам, бо цяжка дасягнуць усяго адразу. Але нават магчымае прыняцьце мараторыю на сьмяротнае пакараньне можна было б адзначыць як важны крок наперад”.

Спадар Бэрэндт наведвае Беларусь шосты раз, але ў Авальную залю, дзе засядае парлямэнт, трапіў упершыню. На просьбу Радыё Свабода ён параўнаў атмасфэру ў Авальнай залі з той, якая пануе ў ягоным парлямэнце — нямецкім Бундэстагу.

(Бэрэндт: ) “Я мяркую, што вы пытаецеся ў мяне пра палітычную атмасфэру — яна безумоўна адрозьніваецца. У Нямеччыне мы маем розныя палітычныя групы, розныя палітычныя праграмы. Тут жа я атрымаў уражаньне, што большасьць падтрымлівае агульныя падыходы, і толькі некаторыя асобы могуць процістаяць гэтай генэральнай лініі”.

Прадстаўнік нацыянальнага сходу Іван Пашкевіч фактычна падтрымаў ягоную ацэнку — ён зазначыў, што ніякага плёну з гэтых дыскусіяў ня будзе.
XS
SM
MD
LG