Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНАЯ КАМІСІЯ ПАД СТАРШЫНЁЎСТВАМ ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕРА ВЫЗНАЧЫЛА ГАЛОЎНЫ ВАРЫЯНТ ГІМНУ КРАІНЫ


Валянціна Аксак, Менск

Маёй першаю суразмоўцаю была пэнсіянэрка Ніна Аляксееўна, якая, каб дапамагчы дзецям, працуе дворнікам у цэнтры Менску. Пра выбраны варыянт гімну ведае, але рашэньнем камісіі зьдзіўленая. Асабліва яе ўразіла працэдура агучваньня трох тэкстаў на адну і тую ж мэлёдыю ранейшага гімну БССР.

(Ніна Аляксееўна: ) “Я думаю, што гэта спэктакль нейкі, непаважны спэктакль. Ну як гэта так, тры варыянты злучыць у адзін суцэльны на адну і тую ж музыку? Гэта ж зрабіць адзін, значыць... Хто гэта так мог параіць ім? Ці як гэта так зроблена? І што гэта за ўлада такая, што так прыдумала? Несур’ёзна ж так рабіць”.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк рашэньне дзяржаўнае камісіі лічыць лёгка прадказальным, а сцэнар гэтак званага конкурсу на гімн краіны не самастойным, а запазычаным з расейскага:

(Дранько-Майсюк: ) “Гэта было запраграмавана. Гэта так званы пуцінскі варыянт. Пуцін у Расеі аднавіў гучаньне былога гімну СССР, і гэта ж самае было зроблена ў нас. Думаю, што словы гэтага гімну ня будуць у нас сьпявацца, так як не сьпяваюцца словы гімну ў Расейскай Фэдэрацыі. Прыклад таму — цяперашні чэмпіянат сьвету па футболе.

Калі мы назіраем за расейскімі футбалістамі перад пачаткам матчаў, то пад гукі музыкі Аляксандрава словы Міхалкова і Эль-Рэгістана не вымаўляюцца футбалістамі, нават ня шэпчуцца. Нешта такое будзем назіраць і мы. Будзе гучаць музыка Нестара Сакалоўскага, але словы Міхася Клімковіча і Ўладзімера Карызны ніхто сьпяваць ня будзе”.

Моладзь жа наагул не цікавіцца кабінэтнымі рашэньнямі ўрадоўцаў, — кажа мой наступны суразмоўца, студэнт Беларускага ўнівэрсытэту культуры Віктар Мухін, — бо яна разумее часовасьць сёньняшняе ўлады. Асабліва адукаваная моладзь, якая ведае пра сапраўдныя нацыянальныя каштоўнасьці й сымбалі. І тое, што гімн БССР нейкі час яшчэ будзе сымбалем краіны, ня лічыць трагедыяй.

(Мухін: ) “Я думаю, што прыйдзе час, калі вернецца і наш сьцяг, і наш герб. Ды ім і ня трэба вяртацца, яны ёсьць, яны вечныя. Гэта тое, што не купляецца і не прадаецца, не набываецца, не прымаецца. Тое, што дадзенае нам нашымі продкамі, гэта немагчыма адабраць і немагчыма ўхваліць.

Асабіста мне зусім ня рупіць тое, што вызначаецца недзе ў калідорах адміністрацыі прэзыдэнта ці гэтак званае палаты прадстаўнікоў. Там жа сядзяць не беларусы, там сядзяць людзі, якім усё беларускае чужое, для якіх тут тэрыторыя, на якой яны робяць кар’еру і зарабляюць грошы. А для мяне тут — мая зямля, і з гэтага ўсё вынікае. Я сам выбіраю свае сымбалі, выбіраю з таго, што далі мне мае продкі”.

Старажытныя нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня ўжо трывала ўвайшлі ў сьвядомасьць моладзі, лічыць Віктар Мухін. Застаецца давесьці ёй праўду пра ўрачыстую дзяржаўную веліч музыкі сярэднявечнага “Полацкага сшытка”, і тады трыяда дзяржаўных сымбаляў натуральна вернецца ў жыцьцё краіны, — сказаў мой малады суразмоўца.
XS
SM
MD
LG