Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ ПРА ПІЦЕРСКІ САМІТ ПУЦІНА І ЛУКАШЭНКІ


Юры Сьвірко, Менск

(Ганчарык: ) “Я вельмі задаволены, што для яго гэта ўрэшце цяжкае пытаньне. Патрэбна было думаць аб гэтым, па-першае — ці патрэбны гэты саюз для Расеі й Беларусі. Я выступаю і выступаў за тое, каб была Беларусь, была Расея, былі незалежныя дзяржавы, добрыя адносіны ў эканоміцы, у палітыцы ды ў іншых сфэрах. Гэта галоўнае. Чаму ў нас так дрэнна разьвіцьцё ідзе пытаньняў эканамічных, сацыяльных ды іншых? І чаму гэтыя пытаньні супярэчаць адносінам да краінаў Захаду й іншых?”

Пасьля Ўладзімера Ганчарыка тэму стасункаў Беларусі з Захадам на тле саюзу з Расеяй закрануў Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што гэта праява чарговая таго, што адбылося ўчора. Учора Пуцін, Кучма, Шродэр вырашалі вельмі важныя пытаньні, якія маюць гістарычную важнасьць: дзе будзе труба, ці застанецца яна ва Ўкраіне або будзе ісьці празь Беларусь. Гэта праява агульнай тэндэнцыі — нас пачалі абыходзіць. Таму што ніхто ня хоча залежаць ад непрадказальнага беларускага рэжыму, нават Расея. У той час, калі гэтае вельмі важнае (найбольш, мабыць, важнае для Беларусі) пытаньне вырашалася ў Санкт-Пецярбургу Пуціным, Кучмам і Шродэрам, спадар Лукашэнка гуляў у хакей”.

(Гайдукевіч: ) “Сёньня спадар Лукашэнка цудоўна разумее, што ягоны блеф пра тое, што ўсё насельніцтва Беларусі чакае не дачакаецца ягоных саюзных рашэньняў, — гэта няпраўда, гэта падман. Гэта самы сапраўдны падман. Наколькі мне вядома, Расея ўзяла забавязаньні перад ЗША наконт Беларусі. Было ясна сказана, што дэмакратычныя працэсы ў Рэспубліцы Беларусь будзе гарантаваць Расея. Таму я лічу выказваньне Пуціна адным зь ягоных абяцаньняў Эўрапейскаму Зьвязу й Злучаным Штатам Амэрыкі й вітаю яго. Я думаю, Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін разумее, што сувэрэнная дзяржава Рэспубліка Беларусь, дэмакратычная дзяржава, якая будзе ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз, прынясе яму нашмат больш прыемных сноў і жыцьця, чымсьці дыктатура Лукашэнкі”.

(Лябедзька: ) “Гэта старая такая тэрміналёгія, якую выкарыстоўвае Лукашэнка й расейскія левыя, калі ім трэба вырашаць нейкія свае задачы. Яны заўсёды апэлююць не да канкрэтных нейкіх лічбаў, а да таго, што “народ хоча”. Нібыта ён мае цяпер нейкія паўнамоцтвы агучыць за народ тую ці іншую пазыцыю. Я думаю, што на гэтым этапе Пуцін ня вельмі хацеў бы рабіць інтэграцыю далей з Лукашэнкам. Разам з тым, Крэмль ня мае пераемніка ці таго, хто павінны зьмяніць Лукашэнку ў Беларусі. І адсюль мы бачым, што Лукашэнка будзе насядаць на Пуціна, на Крэмль, каб рабіць нейкія новыя інтэграцыйныя захады, а Пуцін да гэтага будзе ставіцца вельмі асьцярожна й выкарыстоўваць для гэтага пэўную рыторыку”.

А што думаюць беларускія палітыкі пра вывучэньне Ўладзімерам Пуціным вынікаў сацыялягічных апытаньняў у Беларусі?

(Ганчарык: ) “Вельмі добра, што людзі разумеюць: галоўная каштоўнасьць любой краіны, сэнс і багацьце — гэта ейная незалежнасьць. Але можна ўжо будаваць адносіны зь іншымі краінамі. Я разумею, што Пуцін — прагматычны палітык, і для Расеі больш патрэбная Беларусь незалежная, чым нейкі сатэліт”.

(Статкевіч: ) “Расеі, якая імкнецца ў Эўропу, імкнецца да адзінай Эўропы, імкнецца зрабіцца эўрапейскай краінай, пачынае замінаць гэта партнэр. І хаця значная частка расейскага істэблішмэнту ўсё ж такі хацела б нейкага посьпеху, нейкага далучэньня, нейкай інкарпарацыі, новае кіраўніцтва Расеі глядзіць на рэчы больш цьвяроза і прагматычна, яно проста імкнецца неяк адмежавацца ад беларускага рэжыму, усталяваць нейкую дыстанцыю ды ўжо нязгоднае абменьваць нафту на пацалункі”.

(Гайдукевіч: ) “Можа быць, нехта памятае словы Гайдукевіча, які прамовіў у знамянальным 1999 годзе: “Лукашэнка яшчэ зразумее, куды ён пайшоў у Расею. Ён будзе рукамі трымацца за дзьверы, калі зразумее, што асноўную ролю ў тым, што ў яго ня будзе ў будучыні сувэрэннае Беларусі, адыграе менавіта Расея”. І вось мае словы — дай Божа — збудуцца. Мы шчыра дапамагаем яму ў гэтым, каб ён як мага хутчэй перастаў мучыць беларускі народ”.

(Лябедзька: ) “За апошнія сем месяцаў прайшлі істотныя зьмены, якія сьведчаць, што паміж Пуціным і Лукашэнкам існуюць не тактычныя разыходжаньні, а розныя стратэгіі й розныя канцэпцыі разьвіцьця іхных краінаў. І я думаю, што чым далей мы ідзем, тым больш мы будзем заўважаць несупадзеньні ў словах, у пазыцыях Пуціна і Лукашэнкі. Я думаю, што вось гэтае канкрэтнае выказваньне Пуціна сьведчыць пра тое, што ён, магчыма, робіць спробу вызваліць беларуска-расейскія дачыненьні ад налёту палітычнага папулізму”.
XS
SM
MD
LG