Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУША ПА-НАД ДНЯПРОЎСКАЮ СТРОМАЙ. КАРАТКЕВІЧАВЫ КРАЯВІДЫ


Сяргей Дубавец, Вільня

Пачатак лета ў Беларусі – як пачатак часу краявідаў. Натуральна, па-свойму цікавы і краявід зімовы, і веснавы, і восеньскі. Але менавіта летні – больш зьменлівы. І вось ужо тая рачулка, якую год таму было відаць за вунь тым узгоркам, сёлета надзейна схаваная новай лістотай і новым кустоўем. А старыя калгасныя хлявы, што бялелі на ўзьлеску, леглі ў траву, прапалі. Затое паднавілася, пасьвятлела капліца пазамінулага стагодзьдзя, цёмную руіну якой летась нельга было разгледзець з дарогі. І ўсё навокал – ужо ня так, усё па-іншаму. У адрозьненьне ад іншае пары, лета штогод паказвае нам у тых самых мясьцінах зусім іншыя беларускія краявіды.

Праўда, ёсьць сярод іх і хрэстаматыйныя, самыя-самыя. Як, да прыкладу, краявід са старой грушай на высокім беразе Дняпра, зь якой пачынаюцца знакамітыя Караткевічавы "Каласы пад сярпом тваім". Памятаеце?

"Груша цьвіла апошні год.

Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цьветам... І была яна такая магутная і сьвежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, ня будзе ёй зводу і ня будзе канца.

І, аднак, надышла яе апошняя часіна.

Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненьні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны... Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасьціва сьпяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў".

Гэтая самая груша ёсьць і ў іншым Караткевічавым творы-гімне пад назваю "Беларуская песьня". Тут аўтар грушу ў квецені над дзедаўскім садам параўноўвае з самой Беларусяй.

Старую грушу Ўладзімер Караткевіч пісаў з рэальнага дрэва ў вёсцы Азярышча пад Рагачовам. У самім Рагачове пісьменьнік шмат працаваў над сваімі раманамі. Мой калега Зьміцер Бартосік, апантаны пошукам забытых адрасоў беларускай культуры, адправіўся на пошукі той самай незвычайнай грушы на стромым дняпроўскім беразе.

(Бартосік: ) "Напэўна, я ніколі б не даведаўся пра гэты дом – нумар 59 на вуліцы Чкалава ў Рагачове, калі б не пачутае ў размове імя. Імя пісьменьніка, дзякуючы якому колькі пакаленьняў адкрывалі наноў сваю Беларусь. У сам Рагачоў мяне занесла са школьнымі канцэртамі. Натхнёны цёплым прыёмам, які мне наладзілі старшаклясьнікі мясцовай гімназіі, я не стамляўся дзяліцца аптымізмам адносна нашай будучыні з арганізатарамі імпрэзы: "Якія ў Рагачове разумныя дзеці! Вось што значыць гараджане". "А што ты хочаш ад дзяцей, калі па суседзтву Караткевіч свае "Каласы" пісаў?" "Дзе?" "Ды ў доме за вунь тым рогам. І "Каласы", і "Нельга забыць", і "Дзікае паляваньне", і "Ладзьдзю роспачы", і шмат чаго яшчэ..."

Перад наведаньнем гэтага дому, каб крыху паднавіць свае веды, мы зайшлі ў рагачоўскі музэй да гісторыка Аляксандра Рыкунова".

(Рыкуноў: ) "Калі было паўстаньне Кастуся Каліноўскага, тут мясцовы памешчык Тамаш Грыневіч сабраў сабе каманду інсургентаў, пытаўся ваяваць супраць царскіх войск. Ну яго салдаты й сяляне, каторыя не падтрымлівалі гэта паўстаньне, павязалі. І яго расстралялі ў раёне нашай цэрквы. Калі расстралялі, яшчэ па магіле прайшоў батальён салдат. Каб нават месца не засталося. Кажуць, што стаяў раней крыж на могілках вялікі ў яго памяць. Хтосьці паставіў потым з нашчадкаў. Дык вось, Уладзімер Караткевіч лічыў гэтага Тамаша Грыневіча сваім продкам непасрэдна па жаночай лініі. Таму што ў маці яго прозьвішча было Грынкевіч. Паколькі тут жыў яго дзядзька, юрыст быў, даволі вядомы ў Рагачове, то часьценька Караткевіч сюды наяжджаў".

(Бартосік: ) "Гэты дом позірк мінака вылучае адразу. Драўляны, высачэзны гарадзкі асабняк, з парадным уваходам. Нам адчыніў спадар гадоў 50-ці, які, мяркуючы па твары, пражыў няпростае жыцьцё. Як аказалася, гэта стрыечны брат пісьменьніка Грынкевіч Сяргей".

(Грынкевіч: ) "Вось разумееце, тут справа такая... Не ўспрымаеш челавека таленавітага, сваяка. Ну нейкі сваяк, ну і ўсё. А потым высьвятляецца, што гэта бог знае хто гэта... Ён такі ж чалавек, як любы... як мы. Пойдзем у дом, я пакажу... Туды, дзе мог заходзіць адзін Караткевіч і спаніэль Альма. Але ніхто з нас. Там усё напісана..."

(Бартосік: ) "Уявіце сабе вялізны сьветлы пакой са стольлю пад 4 мэтры. Дзе з мэблі толькі стол, крэсла й ложак. Калі сесьці за Караткевічава рабочае месца насупраць аднаго зь вялікіх вокнаў, дык увагу можа адцягнуць толькі неба па-над бэзам, што расьце каля вакна..."

(Грынкевіч: ) "Ну, тут усё напісана. Дарэчы, гэты стол, гэта ён купіў. Тут ён стаяў і сядзеў во тут. І звычайна пісаў. І дзьверы гэтыя звычайна закрытыя. І толькі магла сучонка Альма заходзіць. Ніхто з нас – не. Ну во тут стаяў круглы стол, і ён на ім пісаў. Ну, аднойчы прыяжджае, у яго ў Гішпаніі, па-мойму, "Нельга забыць", кніга выйшла. Яму заплацілі 3.50. А чалавек гэта быў далёка не сэнтымэнтальны. Ён прыяжджае сюды і ледзь ня плача. Кажа: "Рабята. Вы б мне не плацілі нічога”. А Саюз пісьменьнікаў атрымаў тады 90 тысяч. Гэта вялікія грошы. Навошта ж зьдзеквацца так? У самам дзеле".

(Бартосік: ) "Слухаючы Караткевічавага братана, я быў вельмі ўдзячны яму за тое, што гэты адрас забыты. Тут няма ніякага намёку на хатні музэй. Ні партрэта пісьменьніка на сьцяне. Ні ягонай кніжкі на стале. Для Сяргея Грынкевіча, падалося мне, Уладзімер Караткевіч так і застаўся менскім сваяком. Які даўно не прыяжджае што-небудзь папісаць на роднай мове. Дзякуючы чаму ў пакоі пануе дзіўная атмасфэра прысутнасьці таго, хто не дазваляў уваходзіць сюды падчас працы. Шпалеры, якія не мяняліся з тых часоў, назаўжды ўвабралі ў сябе пах "Беламорканалу", які паліўся тут бязь меры. Я нават адчуў пасьля хвіліны знаходжаньня ў пакоі вельмі выразны дыскамфорт. І справа не ў тытуню...

"Толькі вялізны сад аддзяляў дом ад Дняпра, вельмі шырокага ў гэтым месцы і вельмі пустога. Дно Дняпра хавала шмат цікавага: дзядзька, напрыклад, паліў печ мораным дубам, пасьпяхова выцягваў дубовыя падводныя палі з моста, які калісь навёў Напалеон. Андрэй любіў Сухадол, такі ціхі і павольны, любіў дзедаўскія тры клёны і таполю, што абапіраліся на дах, любіў вулкі, зарослыя рамонкамі – адвечны выпас гусянят, любіў клады над дняпроўскім адхонам... Увесь Сухадол быў такі, прыдатны хутчэй да таго, каб дажываць, чым жыць..."

Сухадол – гэта ў Караткевічавым рамане псэўдонім Рагачова.

Спадар Сяргей згадзіўся праводзіць нас уверх па Дняпры, да вёскі Азярышча. Вёскі, зь якой і пачынаецца гісторыя галоўнага героя "Каласоў пад сярпом тваім". Па дарозе спадар Грынкевіч ўзгадваў брата".

(Грынкевіч: ) "Дарэчы, во тут з Караткевічам цырк быў. Едзем на лодцы, а ён сядзіць на носе. Рукі во так у вадзе. Рана раніцай. І тут на табе! Праскоквае тапельніца. Ужо да таго разлажылася. Той рукі падымае: "Дзядзька, што мне рабіць!?" Ну, ладна. Ну, мы гэтую тапельніцу к берагу. Мяне адпраўляюць. А той гэта... ня знае, што з рукамі з гэтымі рабіць. У вадзе ж былі..."

(Бартосік: ) "Чытаючы кнігі, мы заўжды міжволі малюем у сваім уяўленьні мясьціны, што апісвае аўтар. Цікава, колькі такіх імгненных малюнкаў было народжана беларусамі падчас чытаньня "Каласоў"? Не памылюся, калі скажу – "мільёны". Бо чыталі, дзякуй школьнай праграме, усе. Мой малюнак быў ня з горшых. Але рэальная карціна той стромы, дзе ў далёкім 1963 адцьвітала Караткевічава груша, пераўзыходзіла фантазію".

(Дубавец: ) “У сёньняшняй перадачы Зьміцер Бартосік распавядае пра хрэстаматыйны краявід, які ўсе памятаюць з раману Ўладзімера Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" – пра старую грушу на дняпроўскай строме. Дзеля паўнаты адчуваньня мой калега сустрэўся зь людзьмі, якія ведалі пісьменьніка і ў якіх, паводле адной тэорыі, ён працягвае жыць датуль, дакуль жывыя яны. Прынамсі, уражвае голас ягонага стрыечнага брата – які ні зь якім іншым нельга пераблытаць. Менавіта такі самы, вельмі грудны і адначасова рэзкаваты голас быў у самога Ўладзімера Караткевіча.

Аднак, вернемся да краявіду, апісваць які, магчыма, і няўдзячная, але надта ж жаданая справа, бо ні ў якой іншай справе роднае слова не пачуваецца і не раскрываецца гэтак поўна і з задавальненьнем. Зьміцер Бартосік працягвае”.

(Бартосік: ) "Уявіце сябе на высокім беразе агромністага, круглага возера. Высокія, парослыя лесам берагі якога плаўна зьнікаюць за даляглядам. А пасярэдзіне возера – круглы лугавы востраў. Дык возера – гэта Дняпро, а востраў – ягоны супрацьлеглы бераг. Рэдка пабачыш такі дасканалы выгін ракі. Любавацца Дняпром тут не стамляешся, быццам перад табою мора. Прычым мы прыехалі ўдзень. А што тут робіцца на золку!

"Дняпро цячэ між высокіх берагоў спакойна і упэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад іх: наздраватыя вапнякі, чырвоныя зь лілёвым адценьнем пліткі жалязьняку і векавечныя, вараскіх часоў, дубы. Яны чорныя, як косьць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косьць. І калі бачыш на водмелі напаўзанесенае пяском мокрае бервяно – адразу становіцца зразумела, адкуль узяў народ паданьне аб волатах, што сьпяць, засыпаныя жвірам і заплеценыя травой, сьпяць, пакуль ня прыйдзе час вялікай бяды і пакуль іх не пакліча народ".

Спадарожнікі.

(Рыкуноў: ) "... Прыедзеш дамоў, адкрый "Калосьсе" і адразу запішы пад гэтым: "Я там быў".

(Грынкевіч: ) "... Справа ў тым, што іх падмывае кожны год. Тут недзе і бані стаялі. Бані плылі..."

(Рыкуноў: ) "... І во глядзі. Колькі тут азярышчанцы ня гадзяць, яно ўсё змывае паступова. Тут не застайваецца звалка. А стараюцца. Народ у нас старацельны".

(Грынкевіч: ) "... А вунь там... там яны катаюцца на задніцах".

(Бартосік: ) "Грушы няма. Рака змыла яе праз год, як і меркаваў Караткевіч.

А яшчэ ў Азярышчы жыве вельмі прыгожая пара. Стары бакеншчык Васіль Максімавіч, больш падобны да клясычнага боцмана, са сваёй старою. Ля самага дняпроўскага берага..."

(Васіль Максімавіч: ) "Што я пра яго магу ўспомніць? Прыяжджаў кой-калі. Яны кіно сфатаграфіравалі зьдзесь. А я работаў бакеншчыкам. Ліхтары паліў гэтыя. Ну, я ранкам устаю, ліхтары гэтыя іду паліць на Дняпро. Яны сфатаграфіруюць мяне тутака. Потым на лодцы выяжджалі мы. Падымалі дубы бальшыя такія на берагу. А кіно тое я й не паглядзеў, дзе яны яго дзелі?.. Харошы ён чалавек. Такі вясёлы, харошы, совесны".

(Бартосік: ) "А зараз бакены ўжо ня паляць?"

(Васіль Максімавіч: ) "А не, усё заглохла. Паламалі слупы. Нічога няма".

(Бартосік: ) "А што ён любіў пад'есьці?"

(Старая: ) "А знаеце, картошку й кехвір. Ну й сала кусочак пажарыш, яечка. А потым кехвір паставіш куўшыны два на стол. Яны яго кружкамі па-ап'юць, хлопцы".

(Васіль Максімавіч: ) "Толькі, кажа, калі выпіць, то сваю гэту. Самагонку. Во гэта ў яго першая".

(Бартосік: ) "А магазінную?"

(Васіль Максімавіч: ) "А не, не ўважаў вабшчэ. У нас была зь яблычнага соку, дык вось гэту ён уважаў. Чысты яблычы сок. І перабраджвае. І пах яблыкаў, і смачная такая. Дык вось гэта ён усягды ўважаў..."

(Бартосік: ) "Які гэта, напэўна, быў рай. Вырвацца ад менскіх сабутэльнікаў і стукачоў сюды. Да гэтых людзей. Езьдзіць разам са старым Васілём па Дняпры, запальваць над вечаровай ракою керасінавыя бакены. Піць тутэйшы кальвадос. І ня бачыць навокал прыкметаў савецкай цывілізацыі. Бо куды тут ні зірні – паўсюль краявіды, што былі і сто, і трыста гадоў таму.

Сам пра тое ня ведаючы, я ўжо бачыў гэты краявід на экране. І вы таксама бачылі. У фільме Рубінчыка "Дзікае паляваньне караля Стаха". Бадай, самыя ўдалыя й запамінальныя кадры тае карціны. Кажа сын Васіля Максімавіча, Мікалай Кірэйшын".

(Кірэйшын: ) "Маці яго выкладала ў свой час у Збарове. І там над Дняпром гара вялікая, там крыніцы ёсьць. І на гэтую гару езьдзілі так паглядзець заліўныя лугі. А там пад Кісьцяні разьліваецца такі вялікі абшар лугоў. І калі туман высьцілаецца вечарам, пад восень недзе, дык ён так нізка над лугам сьцелецца. І калі коні там во пасьліся, дык што ўразіла Караткевіча, што бяжыць конь і такое відовішча, што ён як бы не па зямлі бяжыць, а ляціць. Таму, што ніз схованы ў тумане. Во так, ён мне гаварыў, зарадзілася ідэя зьняць эпізод гэты "Караля Стаха".

"Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
І ўсё часьцей я ўспамінаў чамусьці
Лёт зімародка над ракой начною,
Бяссонныя шаломы курганоў,
Дубы часоў вараскіх у размывах
пустынных берагоў. Лістоты шум.
Бязгучныя, крывавыя зарніцы
І неадольны кліч маёй зямлі...
О мой народ! Даруй дурному сыну,
што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
Зь якога еў са сьвіньнямі свой хлеб...
Я больш ня мог. Я кінуў камяніцы.
О, як сьпяшаюцца ў дарогу ногі!
Які павольны бег у цягніка!
Як незваротна, бы з клепсыдры рымскай,
Пясок сьцякае з хісткіх колаў воза!
Вось дзядзькаў дом расьце, бы ў снах дзяцінства.
Спускаецца, як дараваньне, вечар"...

(Бартосік: ) "Калі будзеце ў Рагачове, зайдзеце ў прыватную, вельмі ўтульную кавярню "Стары горад". Гаспадыня кавярні, спадарыня Надзея, вас напоіць адмысловай кавай. А яшчэ прамоўце прозьвішча – Караткевіч".

(Надзея: ) "Добры чалавек, эмацыянальны. Мяне паражала, як ён любіў на Дняпры, на гэтай кручы глядзець на далёкі гарызонт, заліўны луг. Я хоць і была маленькая, але гэта кідалася ў вочы. Для мяне гэта было маё жыцьцё, я кожны дзень хадзіла па гэтай зямлі, глядзела на гарызонт. А калі я бачыла, што гэты чалавек... гэта ж пісьменьнік прыехаў да бацькі. І ён так глядзіць на ўсё гэта. І я другімі вачыма глядзела. Адчувалася ў ім гэтая любоў к прыродзе. Ну а так сьмяшыў. З аднаго языка пераходзіў на польскі, на ўкраінскі, на беларускі. Так гэта цікава было людзям зь ім абшчацца. І яшчэ я помню, тата сказаў: "Так гэта ж пісьменьнік". "Які пісьменьнік, так ён жа паглядзі, як з намі па-беларуску размаўляе, сьмяшыць нас. Просты быў чалавек..."

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік распавядаў пра сваю паездку ў Рагачоў – да Караткевічавых краявідаў.

Зьміцер кажа, што рэальны краявід пераўзыходзіць тыя, што малююцца ва ўяўленьні, калі чытаеш кнігу. У чым тут прычына? У тым, што краявід кепска выпісаны аўтарам, ці ў тым, што слабое ўяўленьне мае чытач? На маю думку, у тым, што рэальны краявід увесь час зьмяняецца і кожны год выглядае па-іншаму. Асабліва ўлетку. Вось жа няма той старой Караткевічавай грушы, але зьявіліся іншыя акцэнты. Зусім неабавязкова прыгожыя. Як тая звалка, што прыцягнула ўвагу рагачоўскага гісторыка і якую ўпарта змывае дняпроўская вада. Або тое, пра што казаў брат пісьменьніка – як азярышчанскія людзі ўпадабалі зьяжджаць з дняпроўскае стромы на задах. Прычым, упадабалі яны гэты занятак гадоў трыста назад, чаму і патрапілі з гэтай таксама нагоды ў кнігі нашага гістарычнага раманіста. Іншым акцэнтам можа быць і тая выспа, якой выглядае сёньня процілеглы бераг Дняпра і якая за Караткевічам магла так не выглядаць, бо ўвагу прыцягвала нешта іншае. Да прыкладу, неабсяжная, касьмічная прастора, што не ахопліваецца паглядам. І хто ведае, колькіх аўтараў натхніла на вершы ці прозу гэтая дняпроўская строма, зь якой так хораша пазіраць удалечыню. Кожнага разу – іншая”.
XS
SM
MD
LG