Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДЫНКУ МЕНГАРВЫКАНКАМУ ПАГРАЖАЕ АБВАЛ


Любоў Лунёва, Менск

Рабочыя, якія працуюць на рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці, днямі заўважылі, што пад аркай у будынку мэтрапалітэну вадой размыла глебу да самай плятформы. Вада дайшла да падмурку суседняга будынку — Менгарвыканкаму, і той цяпер пад пагрозай абвалу.

Будаўнікі мэтро паведамілі Радыё Свабода, што будынак упраўленьня мэтрапалітэну, які пабудавалі ў 1984 годзе паміж Менгарвыканкамам і корпусам БДУ, стаіць на спэцыяльных гумавых падушках. А вось калёны, якія трымаюць арку, стаяць на падмурку. Пад ім вада размыла глебу на 9 мэтраў. Плятформа, на якой месьцяцца гэты будынак і будынак Менгарвыканкаму, пачала апускацца.

Будаўнікі 73-га ўпраўленьня прасьвідравалі ўжо некалькі дзясяткаў сьвідравінаў. Туды заліваюць цэмэнт, каб замацаваць канструкцыю. Адрозна ад начальства, рабочыя пагадзіліся распавесьці Радыё Свабода пра сапраўдную сытуацыю на гэтым аб’екце.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якой мэтай закладваюць гэтыя шурфы?”

(Будаўнік: ) “Гэты бура-ін’екцыйныя сваі. Яны закладваюцца для ўмацаваньня падмурку. Тое, што падмурак пачаў асядаць, вельмі небясьпечна. Гэта можа пацягнуць разбурэньне будынка. Ён можа ў любы момант папросту абваліцца. Тут блізка знаходзяцца грунтовыя воды. Размыла глебу, ідзе падмыў плятформы. Грунтовыя воды ўжо вымылі ўсю глебу з-пад фундамэнтных блёкаў, пайшло прасяданьне будынкаў. Трэба як мага хутчэй заліць цэмэнтам гэтыя кавэрны.

Чаму так усё здарылася? Таму, відаць, што з самага пачатку не падумалі перад тым, як будаваць. Можа, хацелі пабудаваца менавіта ў самым цэнтры. Вось вам і вынік”.

Будаўнікі з “Мэтрабуду” пракладаюць ад офіса мэтрапалітэну падземную дарогу. Яны кажуць, што ведаюць пра небясьпечную сытуацыю, якая ўтварылася пасьля таго, як пабудавалі будынак адміністрацыі мэтрапалітэну. Але менавіта гэтаму будынку абвал пагражае менш за астатнія.

(Будаўнік: ) “Гэты будынак стаіць на гумавых падушках. Калі што й здарыцца, то ён не павінны абваліцца. А што тычыцца будынку БДУ, то я ня ведаю, ці дайшла туды вада. Там жа толькі пераход робяць на два мэтры пад зямлёй”.

Нягледзячы на аварыйную сытуацыю, супрацоўнікі і Менгарвыканкаму, і ўпраўленьня мэтрапалітэну, і Белдзяржунівэрсытэту працягваюць працаваць на сваіх месцах. Нікога ня выселілі з будынкаў нават на час правядзеньня работаў.

Адміністрацыі Менгарвыканкаму і мэтрапалітэну сытуацыю камэнтаваць адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG