Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСЬЛЯ АВАРЫI БОЛЬШАЯ ЧАСТКА БЕРАСЬЦЯ АПЫНУЛАСЯ БЕЗ ВАДЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле афiцыйных паведамленьняў, аварыя здарылася ўвечары 10 чэрвеня на каналiзацыйна-помпавай станцыi №5 падчас замены адной з помпаў. Як вынiк, ужо ўчора была адключаная каналiзацыя i вада ў берасьцейскiх мiкрараёнах — Заводзкiм, Усходнiм ды ў Бярозаўцы. Сёньня зранку без вады засталiся жыхары iншых мiкрараёнаў i цэнтральнай часткi гораду.

Адключаныя таксама 32 дзiцячых садкі, 12 школаў, шэраг мэдычных установаў (у тым лiку i радзiльны дом). У шпiталях адмянілі плянавыя апэрацыi. Няма вады i на двух дзясятках прадпрыемстваў Берасьця. Некаторыя зь iх спынiлi сваю працу.

У Берасьцейскiм гарвыканкаме створаная надзвычайная камiсiя. Меркавалася, што наступствы аварыi здолеюць лiквiдаваць ужо ў другой палове дня 11 чэрвеня. Але крынiцы ў Берасьцейскiм упраўленьнi Мiнiстэрства надзвычайных сытуацыяў сьцьвярджаюць, што чакаць гэтага ня варта. Без цэнтралiзаванага водазабесьпячэньня большая частка гораду застанецца яшчэ некалькi дзён. Гэта можа выклiкаць дадатковыя праблемы: калi на працягу двух сутак вада ня будзе падключаная, можа здарыцца аварыя ўжо ў сыстэме каналiзацыi.

Увесь сёньняшні дзень па мясцовым радыё ды тэлебачаньнi гучалi паведамленьнi санiтарных службаў Берасьця. Людзей заклiкаюць карыстацца толькi гатаванаю вадою альбо набываць у крамах прыдатныя да ўжываньня напоi ў бутэльках.

Гарадзкiя ўлады паабяцалi арганiзаваць дастаўку вады да жылых дамоў берасьцейцаў. Пра тое, як гэта адбываецца, распавядае жыхарка мiкрараёну Ўсход Натальля Залеўская:

(Залеўская: ) “Развозяць па ўсім горадзе цыстэрнамi. Ёcьць графiк, з 11 да гадзiны дня — у нас каля стаматалягiчнай палiклiнiкi. Стаяць людзi ўжо дзьве гадзiны зь вёдрамi, чарга зьявiлася, але нiякай цыстэрны няма. Гэта што, i далей так будзе ў нас?”

Берасьцейскiя эпiдэмiёлягi забаранiлi купаньне ў рацэ Мухавец. Усе прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня ды гандлю, а таксама мэдычныя ўстановы пераведзеныя на адмысловы дэзiнфэкцыйны рэжым работы. Але мэдыкi заўважаюць, што калi ў хуткiм часе вада ня зьявiцца ў кватэрах берасьцейцаў, пазьбегнуць росту кiшэчных захворваньняў будзе немагчыма.
XS
SM
MD
LG