Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ПРАПАНУЕ ПАРЭ ПРАВЕСЬЦІ АДМЫСЛОВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Такі ж зварот будзе накіраваны і ў іншыя міжнародныя арганізацыі — ПА АБСЭ, Эўрапарлямэнт, Міжпарлямэнцкую асамблею СНД. Аўтары ліста зыходзяць з таго, што цяпер міжнародныя арганізацыі, як адзначыў лідэр групы эўрапейскіх сацыялістаў у ПАРЭ Тэры Дэйвіс, знаходзяцца як бы між двух агнёў. Афіцыйныя ўлады Беларусі даказваюць ім адно, апазыцыя — супрацьлеглае. На думку лідэраў беларускай апазыцыі, з гэтай сытуацыі ёсьць выйсьце. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы прапанавалі Дэйвісу і ўсім астатнім мэханізм, каб ня быць між двух агнёў. А для гэтага трэба восеньню бягучага году правесьці адмысловую міжнародную канфэрэнцыю, запрасіць прадстаўнікоў улады, прадстаўнікоў апазыцыі, правесьці добры маніторынг сытуацыі сіламі міжнародных арганізацыяў. І вызначыцца, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Паставіць дыягназ і прапанаваць, як вырашыць гэтую праблему.

Фактычна для Беларусі патрэбны нейкі палітычны і эканамічны плян Маршала, у якім улада ўзяла б на сябе жорсткія абавязкі. Калі яны выконваюцца, міжнародная супольнасьць са свайго боку робіць крокі насустрач. І гэта ёсьць вырашэньнем беларускай сытуацыі”.

Наколькі гэты плян прымальны для той жа ПАРЭ — пакуль невядома. Адмысловы дакладчык Палітычнага камітэту гэтай арганізацыі Вольфганг Бэрэндт, які адначасова ўзначальвае і групу дэпутатаў, што цяпер знаходзяцца ў Менску, лічыць, што прапанова патрабуе дасканалага і ўважлівага разгляду.

Калі Вольфганг Бэрэндт прыехаў у Менск ужо шосты раз, дык дэпутатка зь Ліхтэнштэйну Рэнат Вольвэнд тут упершыню. Найбольшае ўражаньне на яе зрабіла сустрэча са сваякамі зьніклых.

(Вольвэнд: ) “Маю ўражаньне, што яны падтрымліваюць адна адну. І гэта вельмі пазытыўны фактар. Як мне падаецца, калі яны і далей будуць разам, іхныя намаганьні ня будуць дарэмнымі. Але з пункту гледжаньня абароны правоў чалавека, як я разумею, у вашай краіне няма афіцыйнай інстанцыі, якая б магла іх выслухаць”.

Затым я спытаўся ў спадарыні Вольвэнд, ці будзе яна асабіста далей сачыць за сытуацыяй вакол ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Адказ быў наступны:

(Вольвэнд: ) “Думаю, што так, бо гэтым людзям патрэбная дапамога. Але, як мне падаецца, сорамна, што людзі, якія жывуць у Беларусі, мусяць шукаць падтрымкі за мяжой”.

Чаму ў гэтай сытуацыі неабходная дапамога з-за мяжы? Вінцук Вячорка патлумачыў гэта спадарыні Вольвэнд наступным чынам:

(Вячорка: ) “Тое, што палепшаныя ўмовы побыту ў турме Бандажэўскаму, тое, што вызваленыя Кудзінаў і Клімаў, — гэта ёсьць вынік не дабрыні альбо зьменаў у рэжыме. Гэта ёсьць вынік салідарнага ціску на рэжым — нашага, дэмакратычных сілаў і эўрапейскіх дэмакратычных структураў”.
XS
SM
MD
LG