Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗАБЯСЬПЕЧЫЦЬ РОЎНЫЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ДЛЯ ВЫПУСКНІКОЎ ГАРАДЗКІХ І ВЯСКОВЫХ ШКОЛАЎ?


Ганна Соусь, Менск

Як адзначалі сёньня ў часе размовы за круглым сталом прадстаўнікі Міністэрства адукацыі й вядучых ВНУ Беларусі, узровень падрыхтоўкі сельскіх абітурыентаў традыцыйна ніжэйшы, чым у гарадзкіх. Таму сёлета чарговы раз праводзіцца мэтавы прыём для сельскіх абітурыентаў — а імі лічацца тыя, хто ня менш за два гады да паступленьня навучаліся ў вясковай школе. Паводле прадстаўніка Міністэрства адукацыі Віктара Цыбоўскага, мэтавы прыём ёсьць “дзяржаўнай замовай”.

(Цыбоўскі: ) “Калі казаць пра колькасьць прыёму сельскіх і гарадзскіх абітурыентаў па мэтавым прыёме, то гэта 20% па ўсіх спэцыяльнасьцях, за выключэньнем пэдагагічных, мэдычных і сельскагаспадарчых. Пастановай Савету Міністраў даводзіцца такая лічба да Міністэрства адукацыі ды іншых 10 міністэрстваў, якія маюць вышэйшыя навучальныя ўстановы. І яны ўжо вызначаюць колькасьць мэтавага прыёму для кожнай ВНУ паасобку. Асноўная яго задача — забясьпечыць рэгіёны, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, а таксама сельскія раёны, дзе невялікая замацаванасьць кадраў”.

Віктар Цыбоўскі распавёў, што ў часе сёлетніх уступных іспытаў сельскія абітурыенты будуць атрымліваць дадатковыя тры балы да ўжо набраных. Для параўнаньня: летась вяскоўцам дадаваўся толькі адзін бал.

У недзяржаўных навучальных установах няма мэтавага прыёму. Паводле першага прарэктара недзяржаўнага Інстытуту сучасных ведаў Аляксандра Калесьнікава, трэба шукаць больш эфэктыўныя падыходы дзеля забесьпячэньня роўных магчымасьцяў выпускнікоў. Прыкладам, ствараць філіі ВНУ ў рэгіёнах.

(Калесьнікаў: ) “Колькі б вы ні выдумлялі — тры балы дадаваць, сем, чатыры з паловай — гэта ўсё арыфмэтыка й адміністрацыйная праца. Увесь сьвет набліжае навучальныя ўстановы да насельніцтва. У Інстытуце сучасных ведаў у філіях па некаторых спэцыяльнасьцях узровень адукацыі вышэйшы за менскі інстытут. Трэба і дзяржаўным ВНУ разьвіваць свае філіі. Я прапаноўваў гэта Алякасандру Казуліну. Чаму БДУ дагэтуль не адкрывае філіі? Колькі б мы ні плюсавалі вяскоўцу, але ён ні за што не паедзе ў рэгіён”.

Паводле незалежнага экспэрта, доктара філялягічных навук Івана Саверчанкі, у сыстэме мэтавага прыёму ёсьць свае “за” і “супраць”.

(Саверчанка: ) “З гледзішча традыцыйных уяўленьняў пра сацыяльную справядлівасьць, гэта сапраўды належала б рабіць. Але ўсё ж грамадзтва ўступіла ў новую эпоху, калі задача дзяржавы — стварыць роўныя ўмовы для ўсіх. І якраз у гэтай частцы не ствараюцца роўныя ўмовы, бо дзеці са сталіцы, з абласных гарадоў пазбаўляюцца роўнага права ўдзельнічаць у конкурсе”.

Дарэчы, практыка мэтавага прыёму захавалася дагэтуль і ў суседняй Расеі. А вось у заходніх суседзяў Беларусі больш распаўсюджаная гэтак званая кантрактная падрыхтоўка.
XS
SM
MD
LG