Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕАГРАФІЧНЫ ЦЭНТАР БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Пухавіччына

Вёскі Бор і Антанова — два беларускія паселішчы, разьмешчаныя ў суседнім зь Менскім Пухавіцкім раёне. Гісторыя вёсак ды іх насельнікаў шмат у чым падобныя на лёс соцень іншых невялікіх месцаў, але тут ёсьць свая адметнасьць.

У 1996 годзе навукоўцы інстытуту “Белгеадэзія” ў прысутнасьці дробных раённых чыноўнікаў ды невялічкай купкі тутэйшага люду цырыманіяльна адкрылі нацыянальны сымбаль — геаграфічны цэнтар Беларусі. З гэтага й распачалася мая гутарка зь сярэдняга веку дзецюком Анатолем Буцкевічам — карэнным жыхаром вёскі Бор.

(Буцкевіч: ) “О-о-о! Вёска Бор зусім слаўная! Пуп зямлі тут знаходзіцца — цэнтар Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Што там ёсьць?”

(Буцкевіч: ) “Помнік стаіць, а больш нічога няма. Хацелася, каб што путняе паставілі, каб людзі маглі прыехаць паглядзець”.

Месьцічы яшчэ не забыліся, як чыноўнікі абяцалі стварыць тут культурны цэнтар ды арганізаваць паломніцтва айчынных і замежных турыстаў. Аднак за шэсьць гадоў не пастаўлена нават дарожных пазнакаў, а шлях да геаграфічнага цэнтру выпадковым вандроўнікам ці журналістам ахвотна паказваюць вяскоўцы.

Бывае, распавядаюць, што ў сапраўднасьці геаграфічны цэнтар Беларусі навукоўцы знайшлі ў агародзе 80-гадовай бабулькі ў вёсцы Антанова. І каб не турбаваць старую, гэты сымбаль разьмесьцілі ў полі паміж дзьвюма суседнімі вёскамі Антанова й Бор. Акрамя таго, у Антанове няма нават калгаснай фэрмы: кароўнікі ды сьвінакомплекс зачынілі, і цяпер яны стаяць апусьцелыя — як помнікі савецкай гігантаманіі.

Тут толькі два працаздольныя жыхары, якія вымушаныя хадзіць на працу за пяць кілямэтраў у вёску Бор. Адзін зь іх, Уладзімер Сянько, працуе там памочнікам загадчыка фэрмы. Як і мой папярэдні суразмоўца, вельмі ганарацца тутэйшай слыннасьцю й не задаволеныя, што ўлады яе занядбалі.

(Сянько: ) “Як адкрывалі цэнтар Беларусі, дык пасадзілі там дрэвы, але яны засохлі. І ніхто туды ня ходзіць, ніхто не глядзіць. Адзін камень стаіць. Так жа нельга: усё ж — геаграфічны цэнтар Беларусі. Можна было гатэль пабудаваць, зону адпачынку зрабіць, але нікому гэта не патрэбна”.

У сваю чаргу старшыня мясцовага калгасу “Іскра” Мечыслаў Міхайлоўскі перакананы, што геаграфічны цэнтар Беларусі, які знаходзіцца на тэрыторыі гаспадаркі, адмоўна паўплываў на яе разьвіцьцё. Гаворыць Мечыслаў Міхайлоўскі:

(Міхайлоўскі: ) “Рэч у тым, што побач з калгасам і геаграфічным цэнтрам Беларусі праходзіць чыгунка. З аднаго боку, гэта добра, а з другога — адток кадраў. Жанчыны ня так, а працаздольныя мужчыны — асабліва мэханізатары апошнімі гадамі, калі стала цяжка з выплатамі заробкаў — зьяжджаюць у Менск, уладкоўваюцца ахоўнікамі. Складана сказаць, якое выйсьце з гэтага стану. Спадзяемся на новы ўраджай, што будзем мець грошы і каб разьлічыцца зь людзьмі, і каб дапамагчы пэнсіянэрам. Бо з 680 сем’яў, што жывуць у вёсцы, у калгасе працуюць толькі 134 чалавекі”.

Менавіта малыя заробкі й затрымкі з выплатамі месьцічы называюць галоўнай прычынай, якая вымусіла працаздольных, маладых ды ініцыятыўных пакінуць пасады аграномаў ды настаўнікаў і шукаць лепшай долі ў сталіцы. Яны па-ранейшаму жывуць у дамах, пабудаваных у калгасе яшчэ за савецкім часам, але штодня дабіраюцца на працу ў Менск, які ад вёскі за 70 кілямэтраў.

На зямлі зь мясцовых засталіся працаваць 5–6 маладых трактарыстаў ды людзі перадпэнсійнага веку. На калгасным двары ў вёсцы Бор я сустрэла аднаго з такіх — найвядомейшага і самага паважанага падчас веснавой сяўбы — конюха Ўладзімера Мазаніка.

(Мазанік: ) “Я працую конюхам. Выхадных у мяне няма, а зарабляю 20 тысяч рублёў за ўвесь месяц. Хапае толькі на хлеб ды соль”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі ў лякарню паехаць, да прыкладу, зубы палячыць?”

(Мазанік: ) “Пра зубы ўжо і размовы няма. Во адзін застаўся, дык хай і будзе свой. Мо дажыву як. Мне ж ужо пяцьдзясят гадоў”.

Каб папоўніць гаспадарку працаўнікамі, кіраўніцтва калгасу мусіла зьвярнуцца да паслугаў папраўчых установаў Міністэрства ўнутраных справаў. І цяпер каля сотні асуджаных на вольнае пасяленьне, якіх вяскоўцы называюць “хімікамі”, жывуць у калгасным інтэрнаце, дзе некалі спыняліся “шэфы” зь Менскага заводу аўтаматычных лініяў. Адзін з тых вымушаных пасяленцаў — чалавек нявызначагана ўзросту — даглядае калгасных бычкоў.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі ў вас цялят?”

(“Хімік”: ) “Сто галоў”.

(Карэспандэнтка: ) “І вы адзін?”

(“Хімік”: ) “Адзін. Раней былі ўдваіх. Аднаго ўбралі. “Заляцеў”.

(Карэспандэнтка: ) “Піў ці краў?”

(“Хімік”: ) “Краў”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы за што адбываеце пакараньне?”

(“Хімік”: ) “За алімэнты. Усе ў асноўным за алімэнты”.

Дояры з “хімікаў” слабыя, і з-за недахопу жанчын у калгасе значна скарацілі статак кароў. Але нават тым, што засталіся, сёлета не хапіла кармоў — і пакуль выйсьці на пашу, рагулі пасьпелі нагаладавацца. А з надояў калгасьніцам налічваюць заробкі, таму й настрой у даярак, натуральна ж, быў адпаведным.

(Карэспандэнтка: ) “Як вам працуецца?”

(Іншая даярка: ) “А якая праца без заробку можа быць? Мучэньне, а ня праца. Куча дзяцей і сядзім без капейкі — ну які можа быць настрой?”

(Карэспандэнтка: ) “А як жывяце бяз грошай?”

(Даярка: ) “Так і жывом. Пазычаем адзін у аднаго”.

(Іншая даярка: ) “Крыху плацілі — пакуль выбралі Лукашэнку, пакуль выбары прайшлі. Прайшлі выбары — і заглохла ўсё на сьвеце”.

Днямі даяркі зладзілі першы ў гісторыі калгасу стыхійны страйк — два дні адмаўляліся даіць кароў, патрабуючы выплаты заробкаў. З прычыны адсутнасьці сярод іх лідэра ўгаворамі й пагрозамі жанчын прымусілі выйсьці на працу. Але пра тое, што вялікая палітыка не абыходзіць геаграфічны цэнтар Беларусі сьведчаць сьвежааблепленыя ўлёткамі слупы, на якіх напісана “Лукашэнка хлусіць”, “Лукашэнка злодзей” ды іншыя. Месьцічы яшчэ па-рознаму ставяцца да цяперашняй улады, але не задаволеных выбарамі тут усё больш нават сярод пэнсіянэраў.

(Пэнсіянэрка: ) “Што калгасьнікі гэтыя цёмныя: ім прывезьлі каўбасы заляжалай, цукерак ці мо якога пірожнага, дык яны й ідуць — абы схадзіць. І вот кажуць, што трэба пашпарты. Ды якія пашпарты? Адзін чалавек пойдзе й за дзесяцярых прагаласуе. Таму ў сельскай мясцовасьці й больш за ўсё галасоў. Ведае хто за каго галасуе? Абы прагаласаваць”.

Сталы электарат — пэнсіянэры — жывуць ня шмат лепш за калгасьнікаў. Перадвыбарчае падвышэньне пэнсіяў пацягнула затрымкі з выплатамі. Распавядаюць мясцовыя паштаркі Тацяна Пісарык і Людміла Лобач:

(Паштаркі: ) “Раней насілі грошы й усе дзякавалі, а цяпер людзі незадаволеныя — і у нас настрой псуецца. Канечне, людзі не задаволеныя, што грошы затрымліваюць”.

Адток маладога й адукаванага насельніцтва зь вёсак стварае ў геаграфічным цэнтры яшчэ й дэмаграфічную праблему. Дзіцячы садок у вёсцы Бор даўно зачынены й перабудаваны пад жылы дом. З кожным годам у мясцовую школу прыходзіць усё менш вучняў, а сёлета чакаюць толькі аднаго першаклясьніка. Настаўніца біялёгіі Тамара Макотра ўжо на пэнсіі, але й цяпер працягвае працаваць. У школе спадарыня Тамара ўсё жыцьцё, і ёй ёсьць што параўноўваць.

(Макотра: ) “На жаль, узровень вясковых школаў увесь час зьніжаецца. Я лічу, што нашае грамадзтва не зацікаўленае ў ведах. Мы тут дапрацоўваем старажылы, пэнсіянэры з Мар’інай Горкі прыяжджаюць. Маладым тут нецікава працаваць. Іх і няма. Дзе ім тут жыць? Чым займацца? Ну, якая ў іх пэрспэктыва? Ніякай”.

З чым у вяскоўцаў праблемаў няма, дык гэта з набыцьцём тавараў ды харчоў: макароны, крупы ды цукар прывозіць і літаральна разносіць па хатах прыватны прадпрымальнік з райцэнтру Мар’іна Горка. Каўбасамі й марозівам гандлюе мясцовая крама й нават пошта. А гарэлкай ды віном забясьпечвае тутэйшы жыхар з былых перасяленецаў-чарнобыльцаў. У вёсцы Бор ён мае прыватную краму, якую месьцічы называюць “точкай”, бо стаіць побач з хатай гаспадара й адчыняецца на запатрабаваньне. Гутарым з гандляркай крамы:

(Карэспандэнтка: ) “Што больш купляюць вяскоўцы?”

(Бабук: ) “Купляюць усё. Праўда, з грашыма ў людзей тугавата”.

(Карэспандэнтка: ) “А віно, гарэлка?”

(Бабук: ) “Гэта канечне. Гэта такі тавар, што ў нас не выводзіцца й не залежваецца. Валюта, як гаворыцца, круціцца й круціцца”.

Культурным асяродкам у геаграфічным цэнтры Беларусі ёсьць бібліятэка, разьмешчаная ў клюбе вёскі Бор. Папулярнае некалі кіно тут пакрысе саступіла месца дыскатэкам для моладзі. Але сталыя вяскоўцы ідуць у бібліятэку, а жанчыны-пэнсіянэркі стварылі нават самадзейны сьпеўны гурт і цяпер даюць канцэрты ў суседніх вёсках. Натхняльніцай такой актыўнасьці ёсьць бібліятэкарка Лілія Міхайлоўская, старшыніха — кажуць вяскоўцы, бо яна яшчэ й жонка старшыні калгасу.

Спадарыня Ліля — заснавальніца моднай цяпер традыцыі наладжваць Сьвята гораду альбо вёскі. Тут распачыналі зь вёскі Бор, распавядае Лілія Міхайлоўская.

(Міхайлоўская: ) “Сьвята вёскі Бор мы правялі на мясцовым стадыёне. Запрасілі старажылаў, жыхароў, найлепшых працаўнікоў, гасьцей. Наш самадзейны калектыў сьпяваў. А сёлета мы правядзём сьвята вёскі Скрыль. Цяпер з загадчыцай клюбу пройдзем па вёсках, хочам сабраць лапці, жорны, маслабойкі, каб зрабіць выставу народных промыслаў. Людзі паміраюць, і няхай гэта застанецца на памяць. Таксама праводзім сьвята зажынак, у асноўным у полі. Гэта ўжо сталася традыцыяй, якую людзі чакаюць з году ў год. Вось матэрыялы пра вэтэранаў, пра гісторыю вёсак — ня кожная бібліятэка можа гэтым пахваліцца”.

Лілія Міхайлоўская з гонарам паведаміла, што ў вёсцы нарадзіўся беларускі літаратуразнавец і крытык Раман Ляпіч, а таксама чэмпіён сьвету па армрэстлінгу Валеры Бабук. Бібліятэкарка марыць нават, каб стварыць свой гісторыка-этнаграфічны музэй.

А яшчэ спадарыня Лілія, як і ўсе мае суразмоўцы, шкадавала, што геаграфічны цэнтар пакуль не зьяўляецца сапраўдным нацыянальным сымбалем для ўсёй Беларусі. Гэтае месца цяпер можна пазнаць толькі па невялічкай мэмарыяльнай дошцы з надпісам “Геаграфічны цэнтар Рэспублікі Беларусь”. Над ім стаіць двухмэтровы чатырохкутнік з геаграфічнымі каардынатамі.

Тут няма пазнакаў, колькі кілямэтраў да буйных гарадоў альбо, напрыклад, да мяжы зь Літвой ці Ўкраінай. Зрэшты, гэтага ніхто й ня ведае, бо паводле навукоўцаў, геаграфічнага факультэту БДУ, цэнтар Беларусі вызначалі пры дапамозе штучнага спадарожніка зямлі, а гэта вялікія грошы, і на ўсе разьлікі іх не хапіла.

Геаграфічны цэнтар Беларусі — сымбаль глябальнай прывязкі беларускай дзяржавы да плянэты Зямля — так напісана ў пятым томе Энцыкляпэдыі Беларусі. Ён быў адкрыты навукоўцамі апошняй хвалі нацыянальнага адраджэньня. Таму новых выдаткаў на нацыянальны сымбаль ад цяперашніх уладаў, захопленых ідэяй інтэграцыі, чакаць пакуль не даводзіцца. Да лепшых часоў.
XS
SM
MD
LG