Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ТРАДЫЦЫЯНАЛІЗМ


Сяргей Харэўскі, Вільня

Вяртаньне да старых, кансэрватыўных спосабаў мастацкага выяўленьня адбывалася на працягу ХХ стагодзьдзя шматкроць, напрыклад, у паваенныя часы у Францыі, Ангельшчыне, альбо ў Амэрыцы, дзе гэтая зьява атымала назоў “рэгіянялізм”... Можна тут таксама прыгадаць розныя плыні ХІХ стагодзьдзя. Рэакцыйны традыцыяналізм, вяртаньне да народных узораў, мела два сэнсы.

Па-першае: гэта было вяртаньне да спрадвечнага, першапачатковага сэнсу мастацтва – адлюстроўваць жыцьцё людзтва. А па-другое: адваяваць месца нацыянальным, лякальным, традыцыйным культурам... У найноўшую эпоху традыцыяналізм, у розных сваіх праявах, і авангардныя плыні йшлі поруч.

Беларускае мастацва становіцца ўсё больш папулярным у Эўропе. Але не праз мадэрнісцкія экспэрымэнты. Калекцыянэры й выдаўцы кожнага разу часьцей зьвяртаюць свой пагляд на той традыцыяналісцкі, рэалістычны, ці як кажуць самія мастакі, “фігуратыўны” кшталт у нашым мастацтве... Іхныя імёны гучаць цяпер па ўсім сьвеце: Якавенка, Алісевіч і Татарнікаў.

Днямі ў Інстытуце Гётэ, што ў Менску, адкрылася чарговая мастацкая выстава, гэтым разам маладога, але ўжо славутага ў сьвеце графіка Паўла Татарнікава. Яна мае назоў “Дом, што збудаваны зь дзьвярэй...” Я зьвяртаюся да арганізатаркі тае выставы, супрацоўніцы Інстытуту Гётэ, спадарыні Шаўнінай:

(Харэўскі: ) “Скажыце, калі ласка, чаму вы абралі для экспазыцыі творы менавіта Паўла Татарнікава?”

(Шаўніна: ) “Павал Татарнікаў удзельнічаў у трэцім міжнародным праекце – “Вокны аднаго гораду”, і ў ім бралі ўдзел мастакі зь Беларусі, Польшчы, Нямеччыны. Тое, што Павал стварае, усім вельмі спадабалася, і узьнікла ідэя зрабіць ягоную выставу ў нашай галерэі...”

(Харэўскі: ) “А чым, скажыце, калі ласка, імпануюць ягоныя творы, Паўла Татарнікава, заходнім гледачам? Ці ягоная слава прыйшла праз кансэрватызм, які гэтак уласьцівы творам наймаладзейшае генэрацыі беларускіх мастакоў?”

(Шаўніна: ) “Я лічу, што ў Паўла вельмі шчырыя працы, ён укладае ў іх сваю душу, перад усім... Павал вылучаецца поўнай свабодаю ў творчасьці. Тэрмін “новы кансэрватызм” больш дастасоўны да творчасьці Андрэя Басалыгі. Калі гаварыць пра традыцыйную школу беларускае графікі, то трэба згадаць Васіля Пятровіча Шаранговіча, які быў, ёсьць і застаецца іх настаўнікам... І Павал адзін з апошніх ягоных вучняў. І, натуральна, гэткія цесныя стасункі з выкладчыкам пакінулі свой адбітак”.

(Харэўскі: ) “Добра, а хто наагул зь беларускіх мастакоў мае магчымасьць прадстаўляцца на Захадзе, у прыватнасьці, ў Нямеччыне?”

(Шаўніна: ) “Павал адзін з тых мастакоў, беларускіх мастакоў, якія атрымалі прызнаньне за мяжою. Іх зусім няшмат: Якавенка, Алісевіч і Татарнікаў. Можна казаць, што іх толькі трое: якія добра выстаўляюцца, добра вядомыя й маюць масу міжнародных прызоў”.

(Харэўскі: ) “Спадарыня Кацярына, як на вашую думку, чым гэтак адрозьніваюцца беларускія мастакі, ад, скажам, нямецкіх? У чым “сакрэт” беларускага посьпеху?”

(Шаўніна: ) “Яны розныя, яны абсалютна розныя. Справа ў тым, што нашыя мастакі працуюць РУКАМІ. Рукамі й галавой. А нямецкія мастакі абапіраюцца больш на тэхніку кампутарную. Яны ня будуць працаваць з пэндзлікам, нешта вырабляць. Напрыклад, Павал, ён жа з пэндзлем найтанчэйшыя рэчы робіць, цудоўнае якасьці. Немцы такія рэчы ня могуць рабіць. У іх зусім іншая падрыхтоўка.Зусім іншы ўзровень і іншы прынцып мысьленьня”.

Мастак Павал Татарнікаў атрымаў галоўны прыз Міжнароднае біенале кніжнае графікі, што ладзіцца пад эгідаю UNESCO ў Братыславе. Гэта найбольш прэстыжная ўзнагарода з усіх, што дагэтуль атрымлівалі беларускія мастакі кнігі. Свой Гран-пры, "Залаты яблык", Павал Татарнікаў атрымаў за афармленьне зборніку беларускіх народных казак "Царэўна ў падземным царстве". Казкі ў пераказе пісьменьніка Ўладзімера Ягоўдзіка выйшлі ў выдавецтве "Полымя". Апроч таго, сёлета гэты мастак, разам з двума сваімі калегамі, быў запрошаны ў Італію, на самы прэстыжны кірамашовы сход эўрапескіх графікаў, што адбываецца штогадова ў Балёньі. Я запытаўся ў спадара Татарнікава, як у ягоным уяўленьні бачыцца лёс беларускага мастацтва, зважаючы на на найноўшыя тэхналёгіі, кампутарную тэхніку?

(Татарнікаў: ) “Проста. Я бываю на выставах і бачу, што робіцца на вялікіх форумах. Напрыклад, апошняя Балёнская ярмарка, на якой праходзіць выстава ілюстратараў са ўсяго сьвету. Там узнагародаю ёсьць сэлекцыя мастака да выставы. У гэтым годзе прайшлі тры беларусы – я, Юрась Алесіевіч і Арынушкін Андрэй. А ў гэтым годзе выбіраўся адзін працэнт. З 12 з паловай тысячаў работ выбралі 150 недзе. Некаторыя эўрапейскія краіны наагул не прадстаўленыя там сваімі мастакамі. Утрох прайшлі – гэта вельмі добра! У агульным кантэксьце аказалася, што 6 працэнтаў беларусаў было. У тым годзе я адзін прайшоў, у гэтым годзе ўжо тры...”.

(Харэўскі: ) “Спадар Павал, а якія, як зважаць на такую дынаміку прадстаўніцтва, пэрспэктывы ў беларускіх творцаў у Эўропе? Я маю на ўвазе заасваеньне найноўшых тэхналёгіяў...”

(Татарнікаў: ) “А што тычыцца пэрспэктываў, то на Балёнскай ярмарцы бачна, што большая палова насельніцтва Зямлі яшчэ непісьменная. А кампутары ёсьць можа ў аднаго працэнта, можа ў трох. Глябалізацыя кранае, відаць, больш эканмічныя й палітычныя праблемы... А дзеці нараджаюцца. Ім трэба вучыцца чытаць. Зь дзяцінства бачыць добрыя кніжкі. Чытаць родныя казкі. З добрымі ілюстрацыямі...”

(Харэўскі: ) “Спадар Татарнікаў, апошняя Вашая выстава, што адбываецца гэтымі днямі ў Інстытуце Гётэ, што ў Менску, завецца “Дом, што зроблены зь дзьвярэй”. А чым, перадусім, ёсьць сымбаль дому для вас?”

(Татарнікаў: ) “Дом – гэта храм. Гэта й храм душы, і Божы дом. Гэта сымбаль таго, што стварае чалавек. Усё астатняе стварыў Бог. І толькі чалавек робіць дамы. Гэта галоўнае, што чалавек будуе ў жыцьці. Чалавек усё жыцьцё будуе. А калі ўзяць літаральна, то ў мяне ёсьць бацькоўскі дом, які ёсьць храмам успамінаў, дзяцінства...”

(Харэўскі: ) “Павал, вашыя творы ведамыя цяпер па ўсім сьвеце, вас запрашаюць на самыя прэстыжныя эўрапейскія выставы, вашыя настаўнікі, Вішнеўскі, Савіч, Баразна, слынныя творцы ў нашай культуры, сьцвярджаюць аднагалосна, што вы вялікі мастак. І ганарацца тым, што былі вашымі выкладчкамі... Вось прыйшла слава. Вы адчуваеце яе, эўрапейскую славу?”

(Татарнікаў: ) “Я ня ведаю, што гэта такое. Але, калі гэта тое, што я вычуваю, то можа нейкая слава і ёсьць. Не лічу, што я зрабіў гэтак ужо шмат, каб лічыцца самым таленавітым... Тыя посьпехі – па мойму, гэта натуральна. Проста таму, што я выстаўляюся часта. У адрозьненьне ад шмат якіх іншых нашых графікаў, якіх я лічу ня менш таленавітымі...”

(Харэўскі: ) “Калі я слушна разумею, то вы лічыце свае посьпехі адно справаю маладзёвага спрыту? Маўляў, у вас хапае імпэту паўсюль пасьпяваць...”

(Татарнікаў: ) “Часткова й гэта таксама. Таму што калі я першыя разы пачаў выстаўляцца, то толькі невялікая група, па пальцах можна пералічыць, якія выстаўляліся. Неяк ціха яны сябе паводзяць у гэтым сэнсе...”

(Харэўскі: ) “Павал, вы ілюстравалі багата кнігаў, розных аўтараў. Вас запрашаюць цяпер працаваць за мяжу. А над чым вам працаваць цікавей, я маю на ўвазе літаратуру?”

(Татарнікаў: ) “Казкі канечне бліжэй! Мала выдаецца. Мы ведаем, канечне, галоўныя беларускія казкі, але іх так шмат і так няшмат іх выдаецца... Гэта як вяртаньне ў дзяцінства, нейкая гульня, сам перажываеш. Зь дзядзькамі там цмокаў б’еш...”

(Харэўскі: ) “А зважаючы на вашую цяперашнюю папулярнасьць на Захадзе, ці не было спакусы кінуць тут усё й жыць сабе “там?”

(Татарнікаў: ) “На Захадзе гэта завецца эксклюзіўнымі кантрактамі. Калі ты сядзіш і не вылазячы нешта робіш. І калі прапануюць сэрыю кніжак зь ілюстрацыямі клясычных эўрапейскіх казак, адразу прыкідваеш, што гэта трэба рабіць некалькі гадоў, не адыходзячы. А шмат праектаў цікавых ёсьць у мяне”.

(Харэўскі: ) “Вы багата падарожнічаеце, вас запрашаюць на самыя прэстыжныя міжнародныя мастакоўскія форумы. Як выглядае, як на сёньня, беларуская мастацкая школа?”

(Татарнікаў: ) “Выглядае вельмі добра. Пра яе ўсе ведаюць у Эўропе. Усе ўсё добра ведаюць. Таму што ўсе памятаюць посьпехі беларускай школы графікі 1970-х і 1980-х гадоў.

Школа займае свой сэгмэнт мастацтва ў Эўропе. Нас адназначна адносяць, як і палякаў і літоўцаў, украінцаў, расейцаў, чэхаў са славакамі, да ўсходняй школы. Яна больш акадэмічная, больш клясычная, можна сказаць, фігуратыўная. Цэнтральна-заходнеэўрапейская – яна больш фармалістычная”.

(Харэўскі: ) “Як мы загаварылі пра “школу”, то натуральным будзе маё пытаньне: а каго б вы назвалі сваім настаўнікам?”

(Татарнікаў: ) “Усе вядомыя беларускія графікі выйшлі са школы, што сфармавалася з 1950-х гадоў, як узьнікла й Акадэмія. Паколькі я вучыўся ў акадэмічнай установе, сярэдне-кансэрватыўнай, якой зьяўляецца Беларуская Акадэмія Мастацтваў, то канечне, я быў знаёмы з гісторыяй мастацтва ад старажытных часоў. А сучасныя беларускія мастакі – то, ў першую чаргу, гэта Селяшчук, Вішнеўскі, Шаранговіч, Басалыга, Паплаўскі... Непасрэдны настаўнікам, які даў асновы кампазыцыі і навучыў думаць, гэта быў Савіч”.

(Харэўскі: ) “Павал, вяртаньне да кансэрватыўных, традыцыйных спосабаў творчасьці – справа ня новая. Можна згадаць тут мастацтва нямецкіх мастакоў “назарэйцаў” ці ангельскіх “прэрафаэлітаў”. Ці можам мы казаць, што надыходзіць новая эпоха ў беларускім мастацтве? Эпоха найноўшага традыцыяналізму?”

(Татарнікаў: ) “Цяжка сказаць, ці можа быць “новая эпоха” у мастацтве аднаго народу. Хутчэй не. Ні я, ні, ведаючы маіх сяброў, іншыя ня рвемся зрабіць такое новае, каб увесь сьвет зьдзівіўся. Відаць таму, што гэта ўжо немагчыма. Ну нейкім чынам мы нешта робім і нікуды не зьяжджаем!... Хочацца, каб мы нешта зрабілі для Радзімы”.

(Харэўскі: ) “Мастак графік Павал Татарнікаў сьцьвярджае, што зьдзівіць сьвет, як на сёньня, то ўжо немагчыма. І ягоная задача, як і пакаленьня ягоных раўналеткаў-мастакоў, адно ў тым, каб застацца вернымі самім сабе, сваёй традыцыйнай школе... Павал, а як бы ты акрэсьліў, вызначыў, стыль свайго мастацтва?”

(Татарнікаў: ) “У агульным кантэксьце сучаснага мастацтва яно ўсё пастмадэрнісцкае. І калі браць графіку ў кантэксьце пастмадэрнізму, то гэта дэкаратыўная графіка. Я яшчэ не навучыўся таму, што можна назваць маім стылем. Любоў да дэталяў, да іх апрацоўкі. Больш за ўсё я ілюструю дзіцячую літаратуру і...

Жаданьне, як бы я хацеў ў дзяцінстве выглядалі кніжкі й ілюстрацыі да іх. Калі я малюю нейкі сюжэцік, то я пачынаю гуляцца зь ім, як у дзяцінстве.... Гульня ў рэальнасьць таго, што ты малюеш”.

(Харэўскі: ) “Вернемся, аднак, да майго пытаньня пра спакусы жыцьця ў шчасьлівейшых краях... У іншых краінах вам бы плацілі болей, Вас бы пазнавалі на вуліцах...”

(Татарнікаў: ) “Магу так сказаць – я... не жабрую на Радзіме. А пачынаць з нуля на Захадзе... Няма тае цеплыні, што я атрымліваю ад паветра на Радзіме. І мяняць я нічога не хачу. А так я кожны год ежджу на якуюсьці выставу. Цікава паглядзець на цуды заходнія. Гэта трэба глядзець. Кожны чалавек беларускі павінен езьдзіць і глядзець. Але жыць трэба на Радзіме і працаваць...”

Павал Татарнікаў верыць у Бога, традыцыйныя каштоўнасьці – Дом і Сям'ю, шануе сваіх настаўнікаў і перакананы, што ён, як і ягонае пакаленьне, скажуць сваё важкае слова ў гісторыі найноўшага мастацтва Эўропы. Скажуць, ці, дакладней, вытвараць новы вобраз сваёй Бацькаўшчыны. Традыцыйнымі, старымі спосабамі. Што гэтак дорага цяпер каштуюць у сьвеце.
XS
SM
MD
LG