Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА СУД НАД ЖУРНАЛІСТАМІ ГАЗЭТЫ “ПАГОНЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Мікола Маркевіч зьвярнуў увагу судзьдзі Тацяны Клімавай на наступныя абставіны. Абвінавачаньне трымаецца на цьверджаньні, што дзьве нататкі й верш, у якіх нібыта ёсьць паклёп на прэзыдэнта, былі распаўсюджаныя сярод чытачоў. Аднак нумары газэты, у якіх зьмешчаныя публікацыі, пракуратура сканфіскавала ў друкарні. А згодна з Законам аб друку, газэта робіцца сродкам масавай інфармацыі толькі пасьля таго, як яна трапіць да чытачоў.

Галоўны рэдактар таксама не прызнае абвінавачаньня ў тым, што арыштаваныя нумары газэты апынуліся ў Інтэрнэце на сайце “Пагоні”. Прычым, зазначае ён, Закон аб друку ня лічыць Інтэрнэт сродкам масавай інфармацыі — і не разглядае як спосаб распаўсюду паклёпу, у прыватнасьці, на прэзыдэнта.

Пра свае ўражаньні ад сёньняшняга дня гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Праблема ў тым, што паводзіны судзьдзі, паводзіны пракурора ня маюць нічога агульнага з тым прысудам, які яны рыхтуюць. Яны могуць быць карэктнымі, яны могуць быць ветлівымі. І разам з тым я, па нейкіх такіх момантах, амаль няўлоўных, адчуваю, што працэс вядзецца строга ў тых рамках, якія вызначыла нейкая нябачная рука. Пракурор і судзьдзя не адхіляюцца ад генэральнай лініі, выпрацаванай тым, хто сапраўды кіруе гэтым працэсам, ні на ёту. Такое ўражаньне з характара пытаньняў, якія задаюцца, што ў суду ўжо ёсьць меркаваньне на гэты конт”.

Сёньня адвакат Маркевіча Сяргей Цурко падаў хадайніцтва. Ён лічыць, што рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду аб закрыцьці “Пагоні” ўжо ўплывае на пазыцыю сёньняшняга суду.

Сяргей Цурко зазначае, што Вышэйшы гаспадарчы суд перавысіў свае паўнамоцтвы, закрыўшы газэту 12 лістапада летась. Таму адвакат просіць прыпыніць працэс і прапанаваць абласной пракуратуры зьвярнуцца з прадстаўленьнем у Вышэйшы гаспадарчы суд — каб той скасаваў сваё рашэньне аб спыненьні дзейнасьці “Пагоні”.

Працэс па справе Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі працягнецца 12 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG