Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЭ СУСТРЭЛАСЯ ЗЬ ЮРЫЕМ БАНДАЖЭЎСКІМ


Валер Каліноўскі, Менск

Спадар Бэрэндт у інтэрвію Радыё Свабода найперш закрануў тэму канфлікту беларускіх уладаў з АБСЭ. Цяперашнюю сытуацыю ён назваў ня надта спрыяльнай:

(Бэрэндт: ) “Гэта, канечне, пэўнае, даволі моцнае палітычнае ўскладненьне для ўсіх нашых намаганьняў разьвіваць адносіны паміж Беларусьсю і міжнароднымі арганізацыямі. Мы хацелі б цяпер высьветліць, чаго чакаюць улады Беларусі ад групы АБСЭ. Такая група патрэбная, гэтае пытаньне ня ставіцца пад сумнеў, бо гэта частка пагадненьня, дасягнутага яшчэ ў Стамбуле. І я думаю, што ўсе краіны-сябры АБСЭ чакаюць, што Беларусь будзе выконваць узятыя на сябе абавязкі”.

На пытаньне, ці адзначаюць сёньняшнія сустрэчы дэлегацыі ПАРЭ ў нацыянальным сходзе і заўтрашні сумесны ўдзел у сэмінары, што Рада Эўропы пачынае прызнаваць нацыянальны сход як рэальны парлямэнт, Вольфганг Бэрэндт адказаў:

(Бэрэндт: ) “Не, гэта не азначае, што мы хочам прызнаць нацыянальны сход. Гэта азначае, што мы хочам пагутарыць з нашымі калегамі, атрымаць інфармацыю. Мы хочам ведаць, які прагрэс дасягнуты ў краіне і ў прыватнасьці ў справе пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту”.

(Карэспандэнт: ) “Калі, пры якіх умовах, на вашую думку, нацыянальны сход зможа атрымаць статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ?”

(Бэрэндт: ) “Я думаю, што галоўнымі крытэрамі для гэтага застаюцца пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека і свабоды СМІ. Гэта тры вельмі істотныя пункты для нас”.

(Карэспандэнт: ) “І ці бачыце вы тут цяпер нейкія пазытыўныя зьмены і паляпшэньне?”

(Бэрэндт: ) “Пакуль сёньня я не магу пра гэта гаварыць, бо гэта мэта нашага візыту, і я мушу абмеркаваць гэтую тэму з калегамі”.

Спадар Бэрэндт паведаміў, што ён сёньня сустракаўся з прафэсарам Юрыем Бандажэўскім у менскай турме.

(Бэрэндт: ) “Так, мы наведалі спадара Бандажэўскага ў турме, мы гутарылі зь ім, і мы бачылі ўмовы, у якіх ён знаходзіцца. Відавочна, што з нагоды нашага візыту ўмовы ягонага ўтрыманьня былі палепшаныя. Раней ён ня мог займацца навуковай працай, у мяне такое ўражаньне, што пасьля нашага візыту ў адміністрацыі турмы будзе жаданьне палепшыць умовы ягонага ўтрыманьня, і ён зможа працягваць сваю навуковую працу”.

Спадар Бэрэндт паведаміў, што падрыхтуе справаздачу па выніках цяперашняй шостай для яго паездкі ў Беларусь, якая, магчыма, будзе абмеркаваная ў Страсбургу на верасьнёўскай сэсіі ПАРЭ.
XS
SM
MD
LG