Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ПАРЭ ПРЫЕХАЛІ Ў МЕНСК ПРАВЕСЬЦІ ЧАРГОВЫ МАНІТОРЫНГ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Замест 17 сябраў ПАРЭ, якія першапачаткова зьбіраліся вывучаць сытуацыю ў Беларусі, у Менск прыехалі толькі сямёра. Сярод іх — адмысловы дакладчык у справах Беларусі Вольфганг Бэрэндт і былы кіраўнік Палітычнага камітэту, а зараз лідэр групы эўрапейскіх сацыялістаў у ПАРЭ Тэры Дэйвіс зь Вялікабрытаніі. Астатнія рэпрэзэнтуюць Бэльгію, Італію, Літву, Ліхтэнштэйн і Нідэрлянды. Большасьць зь іх у Беларусі ўпершыню.

У сёньняшняй праграме групы — перамовы з Аляксандрам Вайтовічам і Вадзімам Паповым, якія ўзначальваюць палаты Нацыянальнага сходу. Заплянаваная першапачаткова сустрэча зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым была адмененая, паколькі ён выляцеў разам з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбург.

Ці існуе у дэлегацыі ПАРЭ ўзгодненая праграма дзеяньняў зь дзьвюма іншымі парлямэнцкімі структурамі — ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнтам? Калі раней у Беларусь прыяжджала так званая “тройка”, такога пытаньня не ўзьнікала. Тэры Дэйвіс, да якога я зьвярнуўся па тлумачэньні, на гэта адказаў так:

(Дэйвіс: ) “Я думаю, што вашыя назіраньні правільныя. Але і раней былі выпадкі, калі дэлегацыі прыяжджалі самастойна. Напрыклад, прадстаўнікі АБСЭ назіралі за выбарамі. Гэты працэс ня ёсьць новым. Уласна кажучы, кожная з трох арганізацыяў можа прысылаць свае дэлегацыі тады, калі палічыць гэта патрэбным. Потым мы, дарэчы, заўжды супастаўляем нашыя назіраньні. Я, напрыклад, ёсьць шараговым сябрам ПА АБСЭ, і тут я яе не прадстаўляю. У дадзенай сытуацыі я прадстаўляю дэлегацыю ПАРЭ”.

Тыя міжнародныя парлямэнтары, што прыехалі ў Менск, відавочна, разумеюць, што беларускія праблемы, зьвязаныя ня толькі з ПАРЭ. Напрыклад, кіраўнік дэлегацыі літоўскага сэйму ў ПАРЭ Ёнас Чэкуоліс лічыць, што пачынаць разьвязваньне праблемы патрэбна з ПА АБСЭ, з справы КНГ АБСЭ ў Беларусі.

(Чэкуоліс: ) “Вельмі крыўдна тое, што адбылося тут зь місіяй АБСЭ. Гэта вельмі непакоіць, і з гэтага патрэбна пачынаць”.

Другі дзень знаходжаньня ў Менску група ПАРЭ пачне сустрэчай са сваякамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG