Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў САНКТ-ПЕЦЯРБУРГУ ПРОЙДЗЕ СУСТРЭЧА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ З УЛАДЗІМЕРАМ ПУЦІНЫМ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў Менску адбыўся круглы стол расейскіх і беларускіх прыхільнікаў інтэграцыі. Адзін з удзельнікаў нарады — намесьнік дырэктара Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў Расейскае Акадэміі навук Сяргей Бабурын — на маё пытаньне, чаго ён чакае ад сустрэчы Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу, адказаў вельмі проста: “Нічога”.

Аднак потым спадар Бабурын дадаў:

(Бабурын: ) “Не, я спадзяюся, што прэзыдэнты вызначацца з тым, каб правесьці саюзныя выбары саюзнага парлямэнту сёлета, але я ў гэта ня веру. Я спадзяюся, што прэзыдэнты, сустрэўшыся, можа быць, перад гэтым прачытаўшы дамову пра стварэньне саюзнае дзяржавы, прымуць рашэньне пра саюзнае грамадзянства й адзіны дакумэнт саюзнага грамадзянства, але я ў гэта ня веру”.

Сяргей Бабурын заявіў сёньня, што фармаваньнем гэтак званае саюзнае дзяржавы цікавіцца толькі ад 15 да 25% насельніцтва Расеі й Беларусі, а ўсе іншыя проста стаміліся ад рыторыкі.

(Бабурын: ) “За апошнія вось ужо два з паловай гады я бачу, што, на жаль, прагрэсу няма. Расейскі прэзыдэнт ні ў адным са сваіх пасланьняў фактычна пра саюзнае расейска-беларускую дзяржаву не сказаў ні слова. Калі ён ня лічыць гэта стратэгічным пытаньнем — вельмі шкада”.

А цяперашні сябра ніжняй палаты расейскага парлямэнту Мікалай Біндзюкоў абвінаваціў у замаруджваньні інтэграцыі аднаго з ключавых расейскіх міністраў Германа Грэфа і адзначыў:

(Біндзюкоў: ) “За апошнія гады два прадстаўнікі, найвышэйшыя кіраўнікі ЗША — дзяржсакратар і памочнік прэзыдэнта ЗША ў справах нацыянальнае бясьпекі Колін Паўэл і Кандаліза Райс — зрабілі шэсьць разоў публічныя заявы, што яны не пацерпяць у ніякай форме — я цытую агульныя іх выказваньні — стварэньня саюзнае дзяржавы на постсавецкай прасторы. Гэта датычыць найперш саюзу Расеі й Беларусі. Іх задавальняюць нашыя міждзяржаўныя стасункі, але каб не перацякала гэта ў палітычную плоскасьць — у стварэньне адзінае саюзнае дзяржавы. У РФ ёсьць у найвышэйшых эшалёнах улады асобы, якія вольна ці нявольна, сьвядома ці несьвядома, але йдуць у рэчышчы палітыкі ЗША. Неабавязкова, што гэта агенты ўплыву. Я адношу да іх і спадара Грэфа”.

Спадар Біндзюкоў мяркуе, што ніякіх выбараў у саюзны парлямэнт да 2005 году ня будзе.

(Біндзюкоў: ) “Кожны з прэзыдэнтаў прадстаўляе сваю дзяржаву, мае свой апарат, сваю думку й меркаваньне пра будучыню. У Расеі ўжо названыя тэрміны правядзеньня кампаніяў парлямэнцкае й прэзыдэнцкае, і думаю, што прэзыдэнту РФ выгадна будзе бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў нейкія крокі какнрэтныя зрабіць, каб на гэтай хвалі атрымаць галасы выбарцаў на сваю карысьць. Што да Лукашэнкі, дык мне цяжка зараз сказаць, выгадна яму ці невыгадна цяпер гэта рабіць. Мабыць, ён пойдзе на ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю, таму што ён ня можа больш выбірацца паводле дзейнай Канстытуцыі, так?” — сказаў Мікалай Біндзюкоў з фракцыі камуністычнае партыі ў расейскай Дзярждуме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG