Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ БУДУЦЬ КАШТАВАЦЬ ГЭТЫМ ЛЕТАМ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ВІЗЫ Ў ЗАМЕЖНЫЯ КРАІНЫ?


Ганна Соусь, Менск

З пачаткам турыстычнага сэзону кансуляты некаторых амбасадаў, што знаходзяцца ў Менску, зьмянілі кошты на візы. Як паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Баўгарыі, сёлета з 1 чэрвеня да 30 верасьня паменшаны кошт консульскага збору — з 50 да 20 даляраў. Увогуле вызваляюцца ад збору дзеці да 16 гадоў і пэнсіянэры пасьля 60-ці. Робіцца баўгарская віза за сем працоўных дзён. За гэты ж тэрмін можна атрымаць і румынскую візу, але каштуе яна даражэй — 35 даляраў.

Зь сёньняшняга дня падаражэла аднаразовая літоўская віза — з 10 да 15 даляраў. Нагадаю, што некалькі гадоў таму яна каштавала 20 даляраў, але потым кошт быў паменшаны ўдвая.

Што да іншых балтыйскіх краінаў, то латыская віза, як і раней, каштуе для дарослых 15 даляраў (для дзяцей да 16 гадоў бясплатна) і робіцца цягам дзесяці дзён. Эстонская віза на два даляры таньнейшая за латыскую. Але апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі многім беларусам адмаўляюць у латыскай і эстонскай візах. Амаль з кожным, хто прыватным чынам прэдэндуе на атрыманьне візы, праводзіцца адмысловае інтэрвію, і ня кожны пасьля яго мае шанец атрымаць дазвол на наведваньне гэтых краінаў.

Беларусам, што зьбіраюцца гэтым летам адпачываць у Турэччыне, у амбасадзе гэтай краіны раяць набываць візы адразу на мяжы — гэтак атрымаецца таньней, чым афармляць яе ў Менску. Тут гэта будзе каштаваць 80 даляраў, а на мяжы — толькі 10. Як паведамілі Радыё Свабода ў турэцкай амбасадзе, надоечы ўведзенае наступнае правіла — пры наведваньні Турэччыны трэба мець з сабой як мінімум 300 даляраў на чалавека.

Падобныя патрабаваньні існуюць і ў іншых краінах. Прыкладам, калі едзеш адпачываць у Славаччыну, то на мяжы трэба паказаць памежнікам па 50 даляраў на дзень для дарослых, і па 25 — на дзяцей. Што да кошту візы, то ён залежыць ад курсу славацкай кроны да даляра ЗША. Гаворыць супрацоўнік консулята славацкай амбасады:

(Супрацоўнік кансулята: ) “Ёсьць цьвёрдая стаўка ў славацкіх кронах, і таму мы заўсёды пералічваем курс Нацбанку паводле курсу даляра. З 4 чэрвеня на наступны й гэты месяцы аднаразовая гасьцявая, турыстычная ці транзытная віза ў Славакію каштуе 27 даляраў”.

Падобная сыстэма дзейнічае і ў чэскай амбасадзе — кошты на чэскую візу залежаць ад курса чэскай кроны да даляра — цяпер гэта 12 даляраў.

Ёсьць некалькі шляхоў для атрыманьня візаў. Адзін — па запрашэньні, і тады візу трэба афармляць самастойна непасрэдна праз кансуляты амбасадаў. У некаторых выпадках давядзецца прастаяць у чэргах, але віза будзе зробленая паводле вышэй названых коштаў. Другі шлях — праз турыстычныя фірмы. У дадзеным выпадку ўсе клопаты ў справе афармленьня й падачы дакумэнтаў возьмуць на сябе яны, але й кошты на візы будуць вышэйшыя — у некаторых выпадках удвая і больш.

Як паведамілі Радыё Свабода ў адной зь менскіх турыстычных фірмаў, пры іхным пасярэдніцтве літоўская і чэская аднаразовыя візы будуць каштаваць 25 даляраў, баўгарская — 35, а латыская — 40.
XS
SM
MD
LG