Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯК СПЫНІЦЬ СВАВОЛЬСТВА ПРАДСТАЎНІКОЎ УЛАДЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Тацяна Равяка: ) “Гэтая гісторыя адбылася пасьля акцыі 19 красавіка. Я прыйшла ў суд Ленінскага раёну, каб прысутнічаць у якасьці назіральніка на працэсе над Любоўю Кучынскай. Судзьдзя запрасіў сьведку, супрацоўніка АМОНу, каб той даў паказаньні, і спытаўся, ці прысутнічае ў залі той чалавек, якога той затрымліваў. Амонавец агледзеў прысутных і, адказаўшы “Ёсьць”, паказаў на мяне... Гэта была відавочная мана, але нават такія сьведчаньні былі ўлічаныя, і Любоў Кучынскую прызналі вінаватай”.

Уласным досьведам дзялілася праваабаронца Тацяна Равяка з праваабарончага цэнтру “Вясна”. Паводле Тацяны, у цэнтры назьбіралася некалькі соцень прыкладаў таго, як прадстаўнікі ўлады ідуць на просты падман, каб дамагчыся сваіх мэтаў. Больш за ўсё скаргаў паступае на міліцыянтаў, сьледчых і супрацоўнікаў пракуратуры, якія маніпулююць законамі, спрабуючы атрымаць ад падсьледных патрэбныя ім паказаньні.

Ці можна гэта назваць сыстэмай рэпрэсіяў супраць усяго грамадзтва? Праваабаронцы не бяруцца рабіць такіх радыкальных высноваў. Яны заўважаюць, што праваахоўчыя органы робяць і карысную справу, змагаючыся са злачыннасьцю. Аднак часта сваю ролю ахоўніка законнасьці не выконваюць суд і пракуратура. Кажа праваабаронца з цэнтру “Вясна” Ўладзь Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Адна зь вялікіх праблемаў, гэта тое, што нашыя супрацоўнікі судовай сыстэмы лічаць, быццам міліцыянты заўсёды кажуць праўду. Прыклад — прысуды Паўлу Севярынцу, іншым удзельнікам масавых акцыяў пратэсту. Суд палічыў, што міліцыянты казалі праўду, але, на маю думку, да паказаньняў міліцыянтаў трэба ставіцца нават больш крытычна, чым да паказаньняў удзельнікаў акцыяў, бо супрацоўнік міліцыі наўпрост зацікаўлены ў тым, каб чалавек, якога ён затрымліваў, быў пакараны. Інакш міліцыянт будзе несьці адказнасьць за незаконнае затрыманьне”.

Праваабаронца цэнтру “Вясна” Ўладзь Лабковіч таксама адзначае выпадкі, калі міліцыянты карыстаюцца тым, што людзі ня ведаюць працэсуальных тонкасьцяў. Прыкладам, пад дыктоўку сьледчых чалавек піша заяву аб дапамозе адваката з моманту прад’яўленьня абвінавачаньня. Але потым за дзесяць дзён, калі чалавек знаходзіцца ў пастарунку да прад’яўленьня абвінавачаньня, зь яго рознымі шляхамі дамагаюцца патрэбных прызнаньняў.


* * *
Дарэчы, запалохаць чалавека ня вельмі цяжка. Дастаткова бывае выклікаць яго да сьледчага, а тым больш зрабіць гэта ноччу. Распавядае наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў:

(Астраўцоў: ) “У мінулыя выходныя ў кватэры спадара Юргеля раздаўся званок. Вось што апавядае пра гэта ён сам:

(Юргель: ) “Уначы ў нядзелю 2 чэрвеня быў званок сьледчага з Кастрычніцкага РАУС, які сказаў мне раніцай зьявіцца на допыт па крымінальнай справе. Пра гэтага сьледчага першы раз я чую. І ня ведаю, па якой крымінальнай справе. Я за свае 35 гадоў не прыцягваўся, і ня маю паняцьця, што гэта за справа”.

Раман Юргель паглядзеў на гадзіньнік. Была нядзельная ноч, 15 хвілінаў на першую. Першая думка, што гэта кепскі жарт. Каб ноччу званілі зь міліцыі, пабудзілі, выклікалі на допыт. Расхваляваўся. Але потым здагадаўся патэлефанаваць дзяжурнаму ў райаддзел міліцыі. Той пацьвердзіў, што сьледчы Ярмолік сапраўды існуе.

Начны званок зь міліцыі можна, канечне, расцаніць, як выпадковасьць. Аднак падобнае здараецца і зь іншымі.

Напрыклад, галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч аднойчы быў разбуджаны званком ў дзьверы на палову першай ночы. На парозе стаяў міліцыянт з позвай у руках. Маўляў, вам раніцай неабходна зьявіцца ў пракуратуру, — расьпішыцеся. Па словах Маркевіча, гэты начны візыт выклікаў у яго непрыемныя пачуцьці”.


Наш сёньняшні экспэрт Уладзь Лабковіч з праваабарончага цэнтру “Вясна” не зьдзівіўся выпадкам, пра якія распавёў Сяргей Астраўцоў. На думку спадара Лабковіча, мэтады ўзьдзеяньня на падсьледных сутнасна не зьмяніліліся з 1930-х гадоў, толькі што ня гэтак масава выкарыстоўваюць катаваньні. Але сутнасьць засталася той самай — паставіць чалавека на канвэер псыхалягічнага ціску. Таму і на допыты часта выклікаюць уначы, як калісьці ўначы арыштоўвалі.

(Лабковіч: ) “Іх немагчыма выхаваць, бо гэтая сыстэма быццам зацягвае. Іх заахвочваюць парушаць заканадаўства. Шмат хто са знаёмых сьледчых і міліцыянтаў прызнаюцца, што ім гэтак і кажуць: вашая задача ня выканаць закон, а перадаць справу ў суд, і вы павінны гэта зрабіць любым чынам”.

Уладзь Лабковіч раіць людзям, якія пацярпелі ад свавольства прадстаўнікоў улады, зьвяртацца па дапамогу ў недзяржаўныя праваабарончыя цэнтры, а таксама дасканала вывучыць Крымінальны, Адміністрацыйны і Працэсуальны кодэксы.


* * *
Завяршаючы выпуск, нагадаю пра ліст, зь якім сваякі рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў зьвярнуліся да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар, Вольга Завадзкая, Ірына Красоўская і Людміла Карпенка чарговы раз просяць спадара Пуціна пасадзейнічаць у актывізацыі расьсьледаваньня справаў сваіх мужоў. Ліст прымеркаваны да хуткай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу.
XS
SM
MD
LG