Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ РАЗГЛЕДЗЯЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ПРАБЛЕМАТЫКУ Ў МЕНСКУ І САРАТАВЕ


Уладзімер Глод, Менск

З тых дэпутатаў міжнароднага ўзроўню, якія маюць намер наведаць Менск, безумоўна, самы зацікаўлены — Вольфганг Бэрэндт зь Нямеччыны. Спадар Бэрэндт, як і раней, выконвае функцыі адмысловага дакладчыка ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Менавіта яму прыйдзецца сёлета ў верасьні дакладаць пра беларускую сытуацыю сваім калегам з Парлямэнцкай Асамблеі. І таму плянаваны маніторынг для яго надзвычай важны.

Больш за тое, Вольфганг Бэрэндт папярэдне зьвярнуўся да кіраўніцтва Беларусі з асабістай просьбай — наведаць у турме знакамітага беларускага прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Але дагэтуль улады не далі яснага адказу на запыт нямецкага парлямэнтара.

Безумоўна, самы цікавы пункт праграмы візыту ў Беларусь — прызначаны на 11 чэрвеня супольны сэмінар так званага нацыянальнага сходу і Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы на тэму нармалізацыі адносінаў Беларусі з гэтай арганізацыяй.

На сэмінары плянуецца абмеркаваць наступныя пытаньні: пашырэньне функцыяў парлямэнту і ўмацаваньне заканадаўчай улады ў Рэспубліцы Беларусь; пэрспэктывы стварэньня ў Беларусі інстытуту ўпаўнаважанага па правох чалавека; праблемы скасаваньня сьмяротнага пакараньня, а таксама пытаньні дэмакратызацыі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі й праблемы пабудовы грамадзянскай супольнасьці.

Чым можна патлумачыць нечаканыя кантакты міжнародных парлямэнтароў з так званым парлямэнтам Беларусі, чый статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ замарожаны яшчэ са студзеня 1997 году?

Вось як адказвае на гэтае пытаньне Ўладзімер Нісьцюк, які быў адзіным прадстаўніком беларускай палітычнай апазыцыі на апошняй сэсіі ПАРЭ:

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што гэты сэмінар праводзіць палата, можа па просьбе Рады Эўропы і з запрашэньнем дэлегацыі Рады Эўропы. Гэта ж зусім іншы рэглямэнт, іншы інструмэнт і іншыя праблемы і гэтак далей. Я скажу, што я на гэты сэмінар у палату прадстаўнікоў і не пайшоў бы, калі гэта праводзіць палата, якую мы не прызнаем. Па-першае, яны ж, канечне, нас туды не запросяць. Мы ім будзем як костка ў горле, альбо як кол у шасьцярні той машыны, якую яны спрабуюць збудаваць зараз. Па-другое, ісьці ў палату на мерапрыемства? Пра гэта трэба думаць, бо гэта будзе адзін з крокаў, які дапаможа ёй легітымізавацца”.

Некаторыя зь міжнародных парлямэнтароў, што будуць у Менску, маюць намер пераехаць адсюль у Саратаў, дзе на 13–14 чэрвеня заплянаванае паседжаньне выязной сэсіі юрыдычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. На ім будзе абмяркоўвацца пытаньне аб выкананьні правоў чалавека ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG