Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАДЗЯКАВАЎ АМБАСАДАРУ РАСЕІ ЗА ДАПАМОГУ Ў ЧАСЕ ВЫБАРАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Афіцыйны прыём, які праводзіць 12 чэрвеня ў Менску амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Вячаслаў Долгаў з нагоды нацыянальнага сьвята Расеі, будзе для яго разьвітальным.

Імя пераемніка Долгава ўжо вядомае. Гэта Аляксандар Блахін, кіраўнік дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Расеі. Яшчэ летась спадар Блахін займаў пасаду міністра Расейскай Фэдэрацыі ў справах фэдэрацыі, нацыянальнай і міграцыйнай палітыкі.

У замежнапалітычных ведамствах Беларусі й Расеі на прыватным узроўні з магчымага прызначэньня спадара Блахіна ня робяць сакрэту. Хаця афіцыйна пазьбягаюць камэнтароў да моманту афіцыйнага прызначэньня амбасадара.

Між тым, ад палітычных дзеячоў у Менску можна было сёньня пачуць, што беларускія ўлады не сьпяшаюцца выдаць агрэман, іншымі словамі даць згоду на тое, каб спадар Блахін прыступіў да працы. Як мне сёньня сказалі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, згодна зь беларускімі традыцыямі, на разгляд прапановы замежнай дзяржавы звычайна адводзіцца ад 30 да 45 дзён. Такім чынам, тэрмін ужо заканчваецца.

Паводле зьвестак ад дыпляматаў краінаў СНД у Менску, Аляксандар Блахін мае рэпутацыю прыхільніка дэмакратыі, лічыцца паплечнікам былога міністра замежных справаў Расеі Андрэя Козырава. Мажліва, менавіта з гэтым і зьвязаныя затрымкі з агрэманам.

Цяперашняму амбасадару спадару Долгаву Аляксандар Лукашэнка сёньня падчас разьвітальнай сустрэчы дзякаваў за дапамогу ў часе мінулых выбараў. Паводле агенцтва “Інтэрфакс–Захад”, Лукашэнка сказаў наступнае: “Тыя арыенціроўкі й інфармацыя, якія падчас прэзыдэнцкіх выбараў расейскае кіраўніцтва атрымала ад Вас, садзейнічалі нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі і стварэньню адпаведнага стаўленьня з боку службовых асобаў Расеі да працэсаў, што адбываюцца ў нашай краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG