Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБРОЎЦА” ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ЗА ДЗЕНЬ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну Менску затрымалі Цімафея Дранчука позна ўвечары, калі ён ішоў па вуліцы Захарава. Абгрунтавалі затрыманьне тым, што ён знаходзіцца ў вышуку, бо павінен адседзець 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці на Дзень Волі.

Нагадаем, што 2 красавіка Цэнтральны суд сталіцы пакараў Цімафея Дранчука арыштам за сьвяткаваньне Дня Волі. Але Цімафей сышоў з будынку суда да абвяшчэньня прысуду. Паводле беларускага заканадаўства, 2 ліпеня канчаецца тэрмін, калі ў справе Дранчука можна ўжыць пакараньне. Цімафей падчас затрыманьня пасьпеў патэлефанаваць сваім сябрам. Ён распавёў Радыё Свабода пра тое, што зь ім адбылося:

(Дранчук: ) “У апошні момант, калі мяне затрымлівалі, я пасьпеў патэлефанаваць сваім сябрам з руху “Зубр”, і каля Партызанскага РУУСу сабралася каля дваццаці актывістаў руху “Зубр”. Яны стаялі на ганку і чакалі, пакуль мяне адпусьцяць. У пастарунак пачалі тэлефанаваць і мае паплечнікі з “Зубру”, і журналісты, і праваабаронцы. Міліцыянты занэрваваліся.

Апроч таго, мне крыху пагоршала, бо мяне пасадзілі ў маленькую камэру, дзе было восем чалавек. Не было чым дыхаць. Выклікалі “хуткую дапамогу”, і лекары сказалі, што ў мяне падвышаны ціск. Міліцыянты прынялі такое рашэньне: калі я сябе дрэнна адчуваю, то магу ісьці дамоў, а, калі буду ў добрым стане, то сам прыйду да іх”.

Цімафея Дранчука адпусьцілі позна ўначы.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова лічыць, што міліцыянты ўсё роўна будуць шукаць Цімафея, бо ён для іх ня проста правапарушальнік, а “палітычны”.

(Гразнова: ) “Цімафей Дранчук — гэта вядомы малады сябра апазыцыі. Улада за ім сочыць. Яна лічыць яго апазыцыйным дзеячом. Для міліцыянтаў ён ня проста правапарушальнік, нейкі хуліган. Для іх ён “палітычны”. Так было ў царскай Расеі, калі там сачылі за “палітычнымі”. Так гэта адбываецца ў сёньняшняй Беларусі. празь нейкі час мы будзем ганарыцца гэтымі людзьмі”.

Цімафей Дранчук паведаміў, што ісьці ў міліцыю, каб быць арыштаваным, ён не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG