Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА ПА ДЗЯРЖАЎНЫМ РАДЫЁ І ТБ УПЕРШЫНЮ ПРАГУЧАЛІ ПЯЦЬ МУЗЫЧНЫХ ТВОРАЎ, ЯКІЯ ПРЭТЭНДУЮЦЬ НА ДЗЯРЖАЎНЫ ГІМН КРАІНЫ


Валянціна Аксак, Менск

Музычных варыянтаў будучага афіцыйнага гімну краіны ня пяць, як тэкстаў, а толькі тры. Бо на старую музыку аўтара гімну БССР Нестара Сакалоўскага свае тэксты прапанавалі ажно тры сучасныя аўтары.

Прычым, калі словы Ўладзімера Карызны і Зьмітрака Марозава прайшлі сіта афіцыйнае камісіі, то тэкст галоўнага прэзыдэнцкага ідэоляга Івана Карэнды патрапіў у прэтэндэнты ўжо пасьля завяршэньня першага туру конкурсу. Як гэта адбылося, выразнага тлумачэньня ні сябры камісіі, ні аўтар даць журналістам так і не змаглі.

Зрэшты, істотнае розьніцы ў зьмесьце ўсіх трох тэкстаў да бэсэсэраўскае мэлёдыі Нестара Сакалоўскага гледачы БТ не адзначаюць, тым больш, што гучаць яны суцэльным блёкам на фоне калгасных ляндшафтаў ды купалоў праваслаўнае архітэктуры.

Першым жа ў якасьці варыянту гімну на экране БТ і ў эфіры дзяржаўнага радыё падаецца таксама добра знаёмая старэйшаму пакаленьню мэлёдыя Ўладзімера Алоўнікава на словы Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая”. Просьценькі патрыятызм вершаў, спалучаны зь лёгка запамінальнай музыкай, выклікае ў душах старэйшых слухачоў ня менш настальгіі па савецкім шчасьці, чым мэлёдыя ранейшага гімну “Мы, беларусы, з братняю Русьсю...” Нестара Сакалоўскага.

І толькі другі з агучваных ад учора і да 9 чэрвеня ўлучна варыянтаў новага гімну краіны можна лічыць сапраўды новым. Ён належыць славутаму стваральніку і кіраўніку папулярнага, але таксама за савецкім часам, эстраднага ансамблю “Верасы” Васілю Раінчыку і вядому паэту-песеньніку Леаніду Пранчаку.

Гэткім чынам, грамадзкасьці прапанавана ацаніць толькі афіцыйна прапанаваныя варыянты музычнага сымбалю краіны. Між тым, думкі й прапановы гэтай самай грамадзкасьці ўжо праігнараваныя ўладнымі структурамі. Нагадаем, што на сваім агульным сходзе напярэдадні Дня Волі грамадзкая камісія па вызначэньні дзяржаўнага гімну агульным галасаваньнем назвала свой варыянт.

У якасьці варыянтаў тады разглядалася першай таксама песьня Алоўнікава на вершы Бачылы “Радзіма мая дарагая”. Далей ішлі “Полацкі сшытак” у апрацоўцы Кузьняцова, “Пагоня” Багдановіча з двума музычнымі варыянтамі — Равенскага і Шчаглова-Куліковіча, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Краўцова–Тэраўскага і “Магутны Божа” Арсеньневай–Равенскага. Шосты варыянт набраў найбольшую колькасьць галасоў удзельнікаў агульнага сходу і быў прапанаваны на разгляд дзяржаўнае камісіі. Тая, аднак, ня толькі не ўключыла да канчатковага разгляду гэты варыянт, але ня дала ніякага адказу аўтарам прапановы.

Атрымліваецца якраз як у парадыйным варыянце гімну, які напісаў летась у сваім “Вершы на свабоду” вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк:

Я жыву у калхозі “Свабодны пуць”
І мне у ём харашо, пакуль
Плывуць вутаўкі маі — вуць, вуць, вуць!
Ходзяць курачкі маі — пуль, пуль, пуль!
XS
SM
MD
LG