Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЛЯХЕЦКАЯ СЯМ’Я


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае культуроляг Вацлаў Арэшка

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Улада і чалавек — гэтае ня толькі нашыя стасункі зь дзяржаваю. Уладныя дачыненьні прысутнічаюць амаль ва ўсіх праявах грамадзкага жыцьця, а ці не ў найбольшай ступені — у жыцьці сямейным. Паводле сыстэмы ўлады вызначаецца палітычны лад грамадзтва — манархія, дэмакратыя, дэспатыя... Гэта дае магчымасьць адразу й выразна ахарактарызаваць асноўныя рысы пэўнага соцыюму. А які вось “палітычны лад” панаваў у шляхецкай сям’і ў эпоху “залатой вольнасьці”?”

(Вацлаў Арэшка: ) “Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе” — гэтая прымаўка выразна акрэсьлівала адносіны беларускага шляхціца зь дзяржаўнаю ўладаю, але яна ж ня менш яскрава адлюстроўвае і ўладныя адносіны ў шляхецкай сям’і эпохі “залатой шляхецкай вольнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Ці значыць гэта, што прынцыпы “залатой вольнасьці” — павага да права, недатыкальнасьць асобы — панавалі і ў шляхецкай сям’і XVII–XVIII стагодзьдзяў?”

(Арэшка: ) “Як ні парадаксальна, але зусім наадварот. Як адваротным бокам палітычнай вольнасьці Рэчы Паспалітай была шляхецкая анархія, гэтак і прыгожыя словы статутаў пра правы абываталяў зьнікалі ў сямейнай “загродзе”. Хатняе “ваяводзтва” шляхціца праяўлялася ў амаль не абмежаванай уладзе, якою ён карыстаўся ў сваёй сям’і. Тут можна прыгадаць яшчэ адно беларускае выслоўе: “гаспадар ў хаце галава”. Гэта трактавалася зусім літаральна”.

(Ракіцкі: ) “На каго ж распаўсюджвалася гэтая ўлада?”

(Арэшка: ) “На ўсіх. На жонку, на дзяцей, на малодшых і бяднейшых сваякоў, на слуг, нават на падданых, якія лічыліся часткаю сямейнай маёмасьці. Гаспадар, ён жа бацька сям’і, меў поўную волю над жонкаю. Менавіта муж распараджаўся ўсімі інтарэсамі сям’і, роля жонкі звычайна акрэсьлівалася як “першай служанкі”, якая павінна даглядаць дзяцей, пільнаваць слуг, трымаць дом у парадку й дагаджаць мужу.

Гэткі падзел функцыяў шмат хто імкнуўся зафіксаваць у розных хатніх “статутах”. Адзін з такіх “статутаў” склаў слуцкі магнат Геранім Флярыян Радзівіл. У сваёй “Адукацыі” ён піша да будучых дзяцей (якіх, дарэчы, так ніколі й не займеў):

“У вашых пастанаўленьнях, калі шчасьлівымі хочаце быць, жычу вам словам бацькоўскім і сэрцам тыя саблюдаць пункты:

Першае, двор мець непадзельны, гэта значыць ад вас выключна залежны.

Другое, грошай жадных у рукі жонцы не даваць, таго ж, чаго ёй да справаў ейных патрэбна, загадваць набыць, і рэчамі толькі аддаваць, не грашыма.

Трэцяе, ні найменшай дыспазыцыі жонцы, як да двору, гэтак і да маёнтку не дапушчаць, а найболей кагосьці пакараньня альбо арышту без распараджэньня ў тым мужа... Меркаваць трэба, што калі муж і жонка ёсьць патэнцыяй аднаго цела, дык на рангу мужа, гэта значыцца галавы, жонка быць не павінна, і нічога бязь ведамасьці яго ня мусіць чыніць, бо няма таго выпадку, калі хвост можа на месцы галавы быць...”


(Ракіцкі: ) “Але ж мы ведаем пра істотныя маёмасныя правы жонкі, зафіксаваныя, дарэчы, ў Літоўскіх Статутах. Шляхцянкі таксама карысталіся правамі асабістай свабоды, маглі выступаць як істцы ў судох”.

(Арэшка: ) “У жыцьці — як раней, гэтак, дарэчы, і цяпер — існуюць “пісаныя” законы і паралельна зь імі звычаі, традыцыі, якія часам заўважна адрозьніваюцца ад кадыфікаванага права. У сямейным жыцьці, у адрозьненьні ад грамадзкага, пераважалі звычаі, якія фармаваліся яшчэ ў час першабытнага патрыярхату. Менавіта гэтыя традыцыйныя, натуральныя дачыненьні найбольш вызначалі ўладныя стасункі ў прыватным жыцьці. Адпаведна ім муж ня толькі панаваў над жонкаю, але і, як бацька, над дзецьмі.

Улада бацькі адпавядала гонару, які аддавалі яму нават дарослыя дзеці. Яго трэба было называць “пан айцец”, у прысутнасьці яго моладзі забаранялася размаўляць уголас, ня можна было сесьці безь ягонага дазволу. Вітаючыся з бацькам, трэба было абняць яго за калені, пацалаваць руку. Дарослыя сыны йшлі на пэўнай адлегласьці ад “пана дому”, несучы ягоную шаблю, у касьцёле стаялі выцягнуўшыся побач лавы, на якой ён засядаў. Айцоўская забарона была абсалютнаю, адмова блаславеньня — найвялікшым няшчасьцем.

Канец гэтае ўлады наставаў толькі са сьмерцю бацькі, калі яго галоўны спадкаемца (звычайна старэйшы сын) пераймаў ягоную маёмасьць, ягонае становішча і, звычайна, таксама ягоныя замашкі.

Вызваленьнем ад айцоўскае ўлады былі служба ў войску ці пры двары для сыноў, замужжа альбо кляштар для дачок”.

(Ракіцкі: ) “Паўстае пытаньне: ці было ў гэткай сям’і месца жывым пачуцьцям, прыязнасьці між дзецьмі й бацькамі?”

(Арэшка: ) “Падобна, што дамінантаю адносінаў часьцей быў страх, чым любоў. Прынамсі, сьведчыць пра гэта францускі падарожнік XVIII стагодзьдзя Ватрэн:

“Улада бацькоўская выконваецца тут ва ўсім сваім натуральным аб’ёме, не абмяжоўвае яе ніякі закон. Ня ведаючы натуральных сродкаў ўпакорваньня волі, бацькі зьвяртаюцца ўрэшце да насільля, каб зламаць супраціў страхам. Латвасьць прымяненьня гэткай мэтоды зрабіла яе паўсюднаю, а ва ўмовах абсалютнай улады набыла яна рысы тыраніі. Страх, прышчэплены моладзі абодвух палоў, нічым не прыгадвае субтыльнага пачуцьця, што дыктуе, як трэба паступаць, каб не абразіць бацькоў ці настаўнікаў, але ёсьць гэта горкія ўспаміны болю, які быў учынены праз капрыз барбарынскай улады”.

Вядома, што найбольш суровыя адносіны былі ў сем’ях правінцыйных, малаадукаваных і забабонных, дзе звычаі і “сармацкія” традыцыі замянялі часам і адукацыю, і нават розум. Але вядома і шмат прыкладаў гарачай і шчырай бацькоўскай ці сыноўняй любові”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, самым яскравым прыкладам бацькоўскай улады былі шляхецкія шлюбы. Як вядома, шлюб зь нялюбым па волі бацькоў — адзін з распаўсюджаных літаратурных сюжэтаў...”

(Арэшка: ) “Падставаю для шлюбных кантрактаў пануючага саслоўя амаль заўсёды былі маёмасныя разьлікі альбо розныя палітычныя інтарэсы. Нават калі дарослы й самастойны шляхціц жаніўся сам, ягоны выбар звычайна дыктаваўся менавіта гэтымі прычынамі. А для залежных ад бацькоў дзяцей свайго выбару практычна не існавала. Шлюбы “па каханьні” былі рэдкасьцю і часам сканчаліся нешчасьліва. Сумную ролю ў гэтым часта адыгрывалі не задаволеныя ўласным выбарам дзяцей бацькі.

Прычым прадстаўнікі найбольш заможных фаміліяў, даволі “асьвячоныя” для свайго часу людзі, нярэдка вызначаліся асабліваю жорсткасьцю ў рэалізацыі сваёй сямейнай улады. Ксёндз Анджэй Кітовіч апісвае ў сваіх “Дзёньніках” такое здарэньне:

“На пачатку неяк панаваньня Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Станіслаў Патоцкі, сын Францішка Патоцкага, ваяводы кіеўскага, выпраўлены быў бацькам да чужых краёў, і праяжджаючы праз кракаўскае ваяводзтва, спыніўся выпадкова ў Камароўскага, старасты новамейскага, дзе пазнаўшы дачку ягоную, прыгажосьці дзівоснай, зь ёю ажаніўся. Патоцкі, ваявода кіеўскі, ганебна ўражаны гэткім быццам бы няроўным шлюбам сына, наслаў у дом Камароўскага людзей, якія ў масках на тварах, узброеныя ўвайшлі на пакоі, увялі ад уражанай кампаніі гэтую маладую пані і разам зь ёю ў цемры начной зьніклі.

Вывезьлі яе зь места на кані, далей возам; у дарозе важак тых насланцаў ужываў яе любоўна да сваёй волі. Прыведзеная да ваяводы і ваяводавай кіеўскіх, пабіта была яна розгамі, а потым завезеная ў Гуманшчыну і выданая замуж за простага казака, зь якім мела трох дзяцей. Няшчасныя бацькі ўвесь той час шукалі дачкі сваёй, ня ведаючы, кім была яна скрадзеная, і ўрэшце, пад канец, даведаліся. Выдалі позву ў суд ваяводзе кіеўскаму пра ўвядзеньне дачкі і наезд дому. Ваявода, які хацеў справу замяць, а найболей асьцерагаўся, каб тыранства і распуста зь ёй учыненыя ня выявіліся, загадаў нябогу ўтапіць, і так тая няшчасная паненка марна загінула...”


(Ракіцкі: ) “Цікава, што тут згадваюцца і ваявода, і ягоная жонка. Няўжо маці магла гэтак расправіцца з нават нялюбаю нявесткаю... І ўвогуле, якою была роля маці побач з так высокім становішчам бацькі?”

(Арэшка: ) “Звычайна ў абароне маёмасных інтарэсаў і бацька, і маці выступалі адзіным фронтам. А ў справах матрыманіяльных, пошуках шлюбных варыянтаў для сыноў ці дачок маці была амаль заўсёды больш актыўнаю, чым бацька. Вядома, звычайна маці была бліжэйшая і цяплейшая да дзяцей, чым бацька, асабліва да дачок.

Прывязанасьцю да дзяцей і клопатам пра іх вядомая была напрыклад Францішка Ўршуля Радзівілава, жонка Міхала Казімера Рыбанькі, якая нарадзіла шмат дзяцей (яна была цяжарнаю ажно 34 разы згодна дакладнаму “Дыярыюшу” мужа), зь якіх большасьць памерла. Маці, бывала, спыняла грозныя айцоўскія вырокі, патурала дзіцячым забавам і капрызам.

Пашана да маці гэтак жа высока ацэньвалася традыцыяй, як і ганараваньне бацькі, але па ягонай сьмерці панам дому станавіўся ўсё ж такі старэйшы сын. Хаця часам маці спрабавала пераняць айцоўскую ўладу над дзецьмі, нават дарослымі. Такою ўладарнаю кабетаю была маці Рыбанькі Ганна Радзівілава з Сангушкаў, якая адчувала сябе праўдзіваю галавою дому Радзівілаў і ўпарта імкнулася навязаць усім сваю волю.

Яна доўга і няўдала шукала добрую партыю для Міхала Казімера, а калі ён нарэшце знайшоў сабе нявесту сам, адчайна супраціўлялася гэтаму шлюбу. Вось як яна сустрэла сына (які на той час меў ужо 23 гады і займаў высокія пасады), калі ён вярнуўся з заручын:

“Проста ўвайшоў я да пакою маткi маёй. Колькi жывы, ня чуваў я гэткiх экспрэсiй халеры, што пачуў ад яе; нарэшце пытаюся:

— Што з таго далей будзе? Я заручыўся, кахаю й да сьмерцi не адступлюся.

— Ах ты, нягоднiку, сьпярша старства ад мяне выдраў, а цяпер i рэшту хочаш выдраць.

— Ня выдраў iх i аб iх ня дбаю, адмоўлюся ад тых сэсiй i парву iх.

I гэтак учыніў. Я тады быў па-першае, вельмi з дарогi стомлены, потым, у згрызоце, дык на вачах яе млець пачаў страшна, мала мяне апаплексiя не парвала, занесьлi мяне да майго пакою, кроў з нагi пусьцiлi, ледзьве прыйшоў да сябе”.


(Ракіцкі: ) “Падобна, што жанчыны, якія забіралі большую частку мужнінай улады, трымаючы “пад абцасам” ня толькі яго, але і ўсю сям’ю, увогуле былі даволі распаўсюджанаю зьяваю”.

(Арэшка: ) “Такіх у нас у даўнія часы называлі “ірад-баба”. Дарэчы, жанчыны з дому Радзівілаў нярэдка вылучаліся асаблівым свавольствам. Сустракаліся “ірад-бабы”, вядома, ня толькі сярод шляхты. Цікава, што бывалі выпадкі (звычайна ў сялянскім ці мяшчанскім асяродзьдзі), калі муж нават зьвяртаўся ў суд са скаргаю на непаслушэнства жонкі, а суд часам выносіў пастанову пакараць яго самога — за тое, што няздольны кіраваць сям’ёю. Увогуле ў ніжэйшых саслоўях, менш свабодных у тагачасным грамадзтве, уладныя дачыненьні ў сям’і былі значна менш “вэртыкальнымі”, чым у пануючым стане”.

(Ракіцкі: ) “Чаму ж вальналюбная шляхта гэткай аўтарытарнаю і дэспатычнаю праявіла сябе ў адносінах сямейных?”

(Арэшка: ) “Можна меркаваць, што адной з прычынаў і стала тая самая шляхецкая вольнасьць — інакш кажучы, слабасьць вэртыкальных сувязяў у грамадзтве, слабасьць дзяржаўнай улады. Ва ўмовах, калі дзяржава ня ў стане была гарантаваць (а ня толькі дакляраваць у законах) правы й бясьпеку слабой адзінцы, менавіта моцная сям’я магла падтрымаць і абараніць гэтую чалавечую адзінку. Як магутныя замкі, трымаліся магнацкія сем’і.

Каб ва ўмовах небясьпекі ўнутраныя сувязі функцыянавалі бездакорна, патрэбная была моцная сыстэма ўнутранай улады — падобна як у войску. Гэта ж было неабходна і для захаваньня і памнажэньня маёмасьці. Традыцыя дапамагала захаваць гэткі вайсковы лад сям’і. Сям’я, род былі сьвятымі рэчамі для шляхты. Калі дзяржаўная ўлада не набыла для яе сакральнасьці, дык сакральнымі заставаліся сямейна-родавыя сувязі”.

(Ракіцкі: ) “Але ж атрымліваецца так, што са стратаю вольнасьці згубілася і традыцыйная сыстэма сямейнай улады?”

(Арэшка: ) “Любая дзяржаўная сыстэма, арыентаваная на “парадак”, на эфэктыўную цэнтральную ўладу ў пэўнай ступені разбуральная для незалежных ад яе “лякальных уладаў” — значыць, і для моцных сямейных сувязяў. Так, калі шляхецкая дэмакратыя зьмянілася на расейскую імпэрыю, зруйнаваліся апошнія замкі, заняпалі магутныя роды...

Зь іншага боку, паспрыяла гэтаму асьвета, новыя эканамічныя дачыненьні. Трансфармацыя традыцыйнай сям’і ў расейскай імпэрыі, дарэчы, яскрава адлюстраваная расейскаю літаратураю — ад “Недоросля” Фанвізіна і “Грозы” Астроўскага да “Вишнёвого сада” Чэхава.

Апошні ўдар па сямейных сувязях нанёс савецкі таталітарызм. Ва ўмовах, калі трэба няспынна ператасоўваць тых, хто “быў нічым” і стаў “усім”, ніякія трывалыя й незалежныя ад дзяржавы сувязі непатрэбныя. Шляхта стала “ўзорным” ворагам савецкай улады, а героем “новых” сямейных стасункаў Паўлік Марозаў...”

(Ракіцкі: ) “Ці засталося што-небудзь нам, сучасным беларусам, у спадчыну ад старасьвецкай сямейнай дэспатыі, ды што ў гэтым можа быць добрага ці дрэннага?”

(Арэшка: ) “Мэнтальныя структуры, як мы ўжо ня раз зазначалі, зьмяняюцца больш павольна, чым гістарычныя ўмовы і структуры сацыяльныя. Аўтарытарная ўладная сыстэма ў нашых сем’ях яшчэ даволі актуальная, але няма ні той маёмасьці, ні іншых сродкаў утрыманьня ўлады.

Нікчэмны й разгублены беларускі сямейны панок ператвараецца ў пасьмешышча альбо ў дробнага хатняга хулігана, яго функцыю ў сям’і выконвае звычайна больш энэргічная й трывалая кабета. У палітычным пляне звыраднелая сямейная традыцыя вядзе да таго, што дробныя ўнутраныя праблемы — сяўба агуркоў ці наведваньне цёшчы — выглядаюць значна больш важнымі, чым пытаньні агульнакраёвыя: як, дзе і, увогуле, ці будзем жыць мы заўтра. І гэта пры тым, што мала хто памятае, як ён жыў яшчэ ўчора, ды кім былі ягоныя тата й дзед, ня кажучы ўжо пра прадзеда...”
XS
SM
MD
LG