Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ВЫТВОРЦЫ ШКЛАВАТЫ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ ХУТКІМ РОСТАМ ІМПАРТУ ГЭТАГА ВЫРАБУ З ЛІТВЫ


Тацяна Поклад, Вільня

Сёньня літоўскія інфармацыйныя агенцыі паведамілі, што да змаганьня за беларускі рынак збыту далучаюцца і ўрады абедзьвюх суседніх краінаў. Зараз праблема ўзьнялася вакол імпарту ацяпляльнага будаўнічага матэрыялу – шклаваты.

Доля імпартавой шклаваты на беларускім рынку павялічылася ад 13% у 1999 да 25% летась. Найбольшую частку гэтага імпарта кантралюе літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc”, якое прадае ў Беларусь шклавату ўласнага вырабу, а таксама прывезенную зь Фінляндыі і Польшчы.

Беларускія вытворцы шклаваты напісалі скаргу і запатрабавалі ўзьняць мытную пошліну на шклавату ад цяперашніх 15% да 50% ды ўсталяваць квоту на імпарт шклаваты – не вышэйшую, прынамсі, за ўжо дасягнуты ўзровень 25%.

Прадстаўнікі літоўскага боку сёньня тэрмінова выехалі на перамовы ў Беларусь. Найперш занепакоеннае літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc”, зь якога паведамілі:

(Прадстаўніца таварыства “Paroc”: ) ”Многія цяпер задзейнічаныя ў гэтай справе – і нашыя міністэрствы, і ў Беларусі. Увогуле справай займаецца Міністэрства гаспадаркі Літвы і разам зь ім Міністэрства замежных справаў. У Літве ўжо тэрмінова створаная адмысловая камісія для перамоваў і кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі”.

Літоўскае акцыянэрнае таварыства “Paroc” праз свайго дырэктара па маркетынгу Юліюса Мешкаўскаса паведаміла ў літоўскія сродкі інфармацыі, што скаргі і абурэньне беларусаў цалкам ня маюць падставаў, бо імпартаваная зь Літвы шклавата каштуе даражэй за мясцовую беларускую, але мае лепшую якасьць, таму пакупнікі абіраюць яе, так што скаргі і спробы рэгуляваць рынак дзяржаўнымі санкцыямі найбольш пашкодзяць беларускім спажыўцам, а не літоўскім бізнэсоўцам.
XS
SM
MD
LG