Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРМЭНІЯ НЯ ХОЧА Ў САЮЗ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Робэрт Качаран падкрэсьліў, што ў асноўным за ідэю далучэньня Армэніі да расейска-беларускага саюзу выступае камуністычная партыя Армэніі. Такія абставіны надаюць гэтаму саюзу элемэнты і намеры аднаўленьня СССР, — лічыць армянскі прэзыдэнт. Цікава, што гэтыя словы армянскага прэзыдэнта, сказаныя ім адразу пасьля прызямленьня ў менскім аэрапорце, не перадалі па Беларускім телебачаньні. Магчыма, з прычыны гэтых выказваньняў інтэграцыйная тэма публічна не паўставала падчас сёньняшніх перамоваў.

Абодва кіраўнікі пераважна гаварылі пра эканоміку, пра рост таваразвароту ў гандлі між дзьвюма краінамі. Аднак пры тым, што дынаміка росту сапраўды існуе, лічбы таваразвароту мізэрныя — летась ён склаў, паводле афіцыйных зьвестак, менш як тры мільёны даляраў.

Беларускі экспарт у Армэнію амаль не расьце, але армянскі імпарт у Беларусь павялічыўся ў параўнаньні зь леташнім пэрыядам у тры з паловай разы. Магчыма, адной з мэтаў візыту і было зацікавіць армянскае кіраўніцтва беларускай прадукцыяй, у тым ліку ваенна-тэхнічнага прызначэньня.

Прынамсі, сярод дакумэнтаў, якія мяркуецца падпісаць падчас гэтага двухдзённага візыту, пагадненьне аб узаемных пастаўках ваеннага абсталяваньня і тэхнікі. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі лічыць, што наўрад ці Армэнія мае матэрыяльныя магчымасьці закупляць у Беларусі ўзбраеньне — падпісаныя пагадненьні хутчэй за ўсё маюць на ўвазе рамонт ваеннай тэхнікі й закуп абсталяваньня.

(Казлоўскі: ) “У іх старыя сыстэмы СПА, тыпу С-75, якія былі раней на ўзбраеньні беларускага войску, а цяпер іх няма. Аднак запчасткі засталіся. У асноўным Армэнія бярэ запчасткі для рамонту. У іх няма сродкаў купляць нейкую тэхніку. У свой час Расея перадала ім ваенную тэхніку былога СССР, што знаходзілася на іхнай тэрыторыі. Вось сёньня яны і маюць патрэбу ў запчастках і адмыслоўцах для рамонту гэтых узбраеньняў".

На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы двух прэзыдэнтаў Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытаньні журналістаў. Ён выказаўся наконт новых дачыненьняў Расеі з NATO, зноў выяўляючы новыя матывы ў сваім стаўленьні да Паўночна-Атлянтычнага блёку. “Напэўна, у сьвеце будзе больш бясьпекі, калі абодва бакі ня будуць стаяць лоб у лоб, а будуць весьці дыялёг”, — зазначыў Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG