Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ МОГУЦЬ БЫЦЬ УЖЫТЫЯ САНКЦЫІ З ПРЫЧЫНЫ АДСУТНАСЬЦІ ЗАКОНАЎ АБ БАРАЦЬБЕ З ГАНДЛЕМ ЛЮДЗЬМІ


Віталь Тарас, Прага

Дзяржаўны сакратар Колін Паўэл, выступаючы ўчора на прэзэнтацыі гэтай справаздачы, падкрэсьліў:

“Гандляры людзьмі эксплюатуюць найбольш неабароненую частку чалавечай супольнасьці, парушаючы фундамэнтальныя правы гэтых людзей, асуджаючы іх на дэградацыю й жабрацтва”.

У дакладзе дзярждэпартамэнту згадваецца і Беларусь – сярод краінаў, якія нічога ня робяць для выпраўленьня сытуацыі.

19 краінаў, паводле дзярждэпартмэнту ЗША, зусім нічога ня робяць – у тым ліку на заканадаўчым узроўні, каб запабегчы гандлю жывым таварам, альбо дапамагчы ахвярам рабства. Гэта Афганістан, Армэнія, Беларусь, Босьнія-й Гэрцэгавіна, Іран, Кыргыстан, Расея й Таджыкістан. Супраць урадаў гэтых краінаў могуць прынятыя эканамічныя санкцыі як з боку ЗША, гэтак і Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнгага банку.

Наступная катэгорыя краінаў – іх 52 – прымаюць, на погляд дзярждэпартамэнту, недастакова намаганьняў у барацьбе з гандлем людзьмі. У іх ліку Баўгарыя, Грузія, Казахстан, Латвія, Украіна, Эстонія ды іншыя краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл падкрэсьліў, што гандляры жывым таварам прымушаюць сваіх ахвяраў – а гэта ў асноўным жанчыны й дзеці, займацца парнаграфіяй і прастытуцыяй, што мае для іх ня толькі жахлівыя псыхалягічныя наступствы, але і фізычныя, бо яны маюць максымальную рызыку захварэць на СНІД. Трэба сказаць, што ў Беларусі няма, канечне, рабоў, але зь яе нелегальна вывозяць людзей за мяжу, а таксама тэрыторыя краіны выкарыстоўваецца як транзытная ў гандлі жывым таварам.

Амбасадар Нэнсі Элі-Рафел, якая прадстаўляла справаздачу, сказала:

“Паколькі мы ўвайшлі ў 21-е стагодзьдзе, гандаль людзьмі ёсьць выклікам усяму сьвету. З гэтым гандлем трэба скончыць. Справаздача скіраваная на тое, каб надаць моцы кожнаму ў змаганьні за сканчэньне рабства у 21-м стагодзьдзі.”

Нэнсі Элі-Рафел прызнала, што праблема існуе таксама ў ЗША, куды штогод кантрабандай увозяць да 30 000 чалавек. Але ў ЗША ёсьць законы, ськіраваныя на барацьбу з такім гандлем, і вядзецца праца над вырашэньнем праблемы.

Дзярждэпартамэнт прапануе ўжыць санкцыі супраць некаторых краінаў, якія нічога ня робяць дзеля барацьбы з рабствам. Якія крытэры тут працуюць і ці могуць быць уведзеныя санкцыі ў гэтай сувязі супраць Беларусі?

Па-першае, сама справаздача рабілася на падставе аналізу паведамленьняў паслоў ЗША ў розных краінах, а таксама такіх аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў, як Фонд ААН у справе дапамогі дзецям, Amnesty International, Human Rights Watch ды іншых. Паводле дзейнай сыстэмы градацыі, у першую катэгорыю залічаныя краіны, у якіх ёсьць законы, аналягічныя амэрыканскаму Закону аб абароне ахвяраў гандлю людзьмі. У першую катэгорыю трапляюць, скажам, Чэхія й Польшча.

Што да Расеі, якая залічаная да трэцяй, апошняй катэгорыі, дзяржаўны дэпартамэнт робіць для яе выключэньне, таму што ў гэтай краіне, і гэта адзначаецца ў дакладзе, пачынаюць сур’ёзна працаваць над вырашэньнем праблемы. Гэта як бы ўскосны адказ і на тое, ці могуць быць ужытыя санкцыі супраць Беларусі.

Напрыклад, Паўднёвая Карэя, якая яшчэ летась залічвалася да трэцяй катэгорыі краінаў, сёлета перайшла адразу ў першую, дзякуючы энэргічным захадам уладаў у барацьбе з рабствам.
XS
SM
MD
LG