Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦI АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ МЯСЦОВЫХ ФУТБОЛЬНЫХ ЗАЎЗЯТАРАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Многiя берасьцейцы карыстаюцца магчымасьцю глядзець праграмы польскага тэлебачаньня, дзе ў запiсе трансьлююцца найбольш цiкавыя гульнi футбольнага першынства. Але нягледзячы на гэта, незадаволеных заўзятараў у горадзе вельмi шмат.

Iнiцыятыва правядзеньня акцыi пратэсту ля берасьцейскага кiнатэатру "Беларусь" належыць актывiстам Маладога Фронту. Сябры гэтай арганiзацыi прыйшлi з плякатамi, на якiх было напiсана: "Хочам глядзець футбол", "Ганьба БТ", "Нас зноў падаманулi". Сярод мiнакоў, якiх сёньня шмат сабралася на вулiцы Савецкай у Берасьцi, былi распаўсюджаныя адмысловыя ўлёткi. У iх гаворыцца, што "калi б цяперашняя ўлада зразумела, што Беларусь — незалежная краiна, а не расейская губэрня, яна не пазбавiла б мiльёны беларусаў адной зь нешматлiкiх радасьцяў".

Вельмi хутка да акцыi далучылiся iншыя берасьцейцы, якiя таксама былi абураныя адсутнасьцю тэлетрансьляцыяў з Чэмпiянату сьвету па футболе.

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнюю акцыю адзiн зь яе ўдзельнiкаў, сябра Маладога Фронту Алесь Ляўчук:

(Ляўчук: ) "Мы хочам, каб беларускi народ пабачыў футбол з Чэмпiянату сьвету. Такога не было нiколi, нават у савецкі час людзi маглi глядзець футбол. Было ўжо вядома за тыдзень, што расейцы ня будуць трансьляваць футбол, але Беларускае тэлебачаньне i беларускiя ўлады нiчога не зрабiлi. Мне вельмi шкада, што гэта адбылося ня ў год прэзыдэнцкiх выбараў".

(Карэспандэнт: ) "А як людзi ставяцца да сёньняшняй акцыi?"

(Ляўчук: ) "Большасьць ставiцца станоўча, бо бачаць, што мы робiм канкрэтную справу. Малады Фронт выступае за тое, каб iнтарэсы людзей былi задаволеныя".

Несанкцыяваная акцыя працягвалася больш за гадзiну i была спыненая мiлiцыяй. Мiлiцыянты пагражалi выклiкаць дадатковы нарад i затрымаць удзельнiкаў акцыi, калi яны не пажадаюць разысьцiся.
XS
SM
MD
LG