Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКАЯ ДЫЯСПАРА АБУРАНАЯ ПУБЛІКАЦЫЯЙ "СОВЕТСКОЙ БЕЛОРУССИИ" ПРА "ХАХЛОЎ-ГАСТАРБАЙТЭРАЎ"


Юры Сьвірко, Менск

7 чэрвеня ў Горадні распачнецца ўжо чацьверты Ўсебеларускі фэстываль нацыянальных культураў, аднымі з найбольш актрыўных удзельнікаў якога ёсьць украінцы.

Аднак у мінулую пятніцу афіцыйны орган Аляксандра Лукашэнкі газэта "Советская Белоруссия" надрукавала матэрыял свайго карэспандэнта ў Берасьці з падзагалоўкам: "На Берасьцейшчыне ўсё больш гастарбайтэраў з украінскім акцэнтам". Пачынаецца публікацыя гэтак: "Мой сусед Іван Сьцяпанавіч кожны раз, калі вяртаецца з "рідной" Украіны, не хавае свайго абурэньня. Як жа так, яго, чыстакроўнага хахла, у Ратнаўскім раёне, дзе ён нарадзіўся й вырас, не прызнаюць сваім".

Нагадаю, што папярэдні прэм'ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын летась таксама назваў украінцаў "хахламі" ў інтэрвію журналістам, што выклікала тады скандал. Цяпер традыцыю падтрымала галоўная Лукашэнкава газэта. Гэта выклікала абурэньне ўкраінскае дыяспары ў Беларусі.

Гаворыць старшыня ўкраінскае суполкі "Січ" у Менску Валянціна Логвін:

(Логвін: ) "Я, вядома ж, адмоўна стаўлюся да такога слова. Заўжды, калі ў маёй прысутнасьці такое кажуць, калі мяне быццам бы й не жадаючы абразіць, называюць хахлушкай, я кажу: "Не, я не хахлушка. Я — украінка. Я ж вас не называю бульбашамі". І бульбашкамі не называю. Калі ты расеец, я ж не называю цябе кацапам".

Спадарыня Логвін падкрэсьліла, што мянушка зьявілася на старонках афіцыйнае газэты. А вось меркаваньне начальніка аднаго з упраўленьняў Міністэрства культуры Беларусі Тадэвуша Стружэцкага, які працуе з нацыянальнымі меншасьцямі:

(Стружэцкі: ) "Думаю, што гэта проста нетактоўнасьць таго карэспандэнта, які рыхтаваў матэрыял. На мой погляд, такіх выразаў, тым больш такіх думак не павінна існаваць. Але, на жаль, яны існуюць. І калі гэта абражае чалавека, калі яго крыўдзіць, дык гэта проста недаравальна. І ясна, што афіцыйнай газэце трэба вельмі дакладна ставіцца да публікацыі такіх матэрыялаў. Тактоўнасьць у адносінах, асабліва ў выкарыстаньні друкаванага слова, на радыё, тэлебачаньні — гэта вельмі, вельмі неабходная якасьць".
XS
SM
MD
LG