Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ЛІЧЫЦЬ ПАДЫХОДЫ ДЗЕЙНАГА СТАРШЫНІ АБСЭ НЕДАЛЬНАБАЧНЫМІ Й ПА-РАНЕЙШАМУ ПАТРАБУЕ ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ МАНДАТ КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

(Латушка: ) "Мы настойліва адстойваем нашыя нацыянальныя інтарэсы ў супрацоўніцтве з АБСЭ й па-ранейшаму настойліва прапануем разгледзець на Сталай Радзе АБСЭ вынікі дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ з моманту заснаваньня ў 1998 годзе, а таксама вызначыць ейныя задачы, мэты, перагледзець мандат групы, паколькі бакі зусім па-рознаму разумеюць і мандат групы, і функцыі групы".

Павал Латушка дадаў, што з боку АБСЭ было б лягічным распрацаваць уніфікаваны дакумэнт з адзінымі падыходамі да працы палявых місіяў АБСЭ. На думку беларускага МЗС, сёньня ўсё вырашаецца кіраўнікамі палявых місіяў АБСЭ, а гэта не адпавядае духу каардынацыі супрацоўніцтва, улучна з пытаньнямі бясьпекі.

(Латушка: ) "Падыходы, якія сёньня адстойвае дзейнае старшынёўства АБСЭ, ёсьць недальнабачнымі ды ў пэрспэктыве вядуць да падрыву даверу да арганізацыі. АБСЭ мусіць улічваць у роўнай ступені інтарэсы ўсіх краін-удзельніц, а не адстойваць інтарэсы асобных дзяржаваў і палітызаваць пытаньні, па якіх можна знайсьці кампрамісныя рашэньні".

Павал Латушка таксама сказаў, што ў заяве старшынёўства Эўразьвязу "па-ранейшаму няма адказу на пытаньне, чаму гішпанскае старшынёўства ня бачыць мажлівасьці разьвіцьця прамога супрацоўніцтва паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю, а робіць акцэнт на разьвіцьцё такога супрацоўніцтва праз групу АБСЭ ў Менску".

Аднак учора з асобнай заявай пра Беларусь выступіла францускае МЗС. Францыя запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладна перагледзець рашэньне не падаўжаць візы прадстаўнікам АБСЭ ў Менску.

А часовы павераны ў справах Францыі ў Беларусі Алексіс Шахтахцінскі на вечары з нагоды 10-годзьдзя дыпляматычных стасункаў паміж дзьвюма кранамі сказаў: "Хачу разьвеяць ілюзіі наконт мажлівасьці пабудовы пасьпяховых двухбаковых дачыненьняў без наладжваньня пэўных кантактаў з усімі краінамі АБСЭ. Наша пазыцыя ясная: датрыманьне каштоўнасьцяў, сярод якіх павага да правоў чалавека, дэмакратыя й гэтак далей. Гэтыя прынцыпы падтрымліваюць ня толькі краіны АБСЭ, але й увесь Эўрапейскі Зьвяз. У нашым агульнаэўрапейскім доме гэта непарушна".

Спадар Шахтахцінскі выказаў шкадаваньне з нагоды фактычнай дэпартацыі зь Беларусі Эндру Карпэнтэра.
XS
SM
MD
LG