Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПАБІЛІ ШЫЛЬДУ З ПЛЯНАМ-МАПАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Раскіданыя кветкі, пакінутыя на месцы былога валанцёрскага лягеру; мноства сьлядоў ад спартовага абутку; разьбітая камянямі плян-мапа ўрочышча — гэта тое, што можна было ўбачыць у Курапатах пасьля сёньняшняй ночы. Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо лічыць гэта невыпадковым:

(Юхо: ) “Адбылася барбарская выхадка: схему Курапатаў, якая прастаяла тут шэсьць месяцаў, дзе адзначаныя магілы й дарога, нехта такім дзікім спосабам пабіў камянямі з дарогі, якія адкідвалі будаўнікі. Відаць, што ўлада заахвочвае да такіх паводзінаў, бо ніякіх дзеяньняў ня будзе”.

Учора й сёньня спадар Юхо наведваўся ў Курапаты як дзяжурны ад сваёй партыі. Сёньня ён аглядаў магілы, на якіх неабходна скасіць траву, а таксама месцы пад новыя крыжы, якія будуць ўсталёўваць падчас чарговай талакі ў наступную суботу. Паводле спадара Ўладзімера, дзённых вартаўнікоў ад моладзевых арганізацыяў ён тут ня сустракаў.

Але ў Курапаты наведваецца шмат звычайных менчукоў. Толькі падчас нашай гутаркі каля крыжоў спыніліся каля дзясятка чалавек. Чаму яны сюды прыйшлі? – пытаюся ў дзяўчыны, якая трымае за руку юнака.

(Юля: ) “Мяне зваць Юля, а жыву ў Малінаўцы”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы прыехалі сюды сёньня?”

(Юля: ) “Захацелася ўспомніць людзей, якія загінулі тут ні за што. Тут пахаваныя многія выдатныя людзі: вучоныя, пісьменьнікі. І гэтыя крыжы, якія мы тут сёньня бачым, сымбалізуюць наш боль, боль усяго беларускага народу. І мы павінны гэта памятаць і часьцей тут бываць”.

Таксама сёньня ноччу згарэла гаспадарчая пабудова з дошкамі й рыштункам каля будучай праваслаўнай капліцы, якая ўзводзіцца на пагорку побач зь лясным масівам. Будаўнікі лічаць, што гэта быў наўмысны падпал, але паведаміць нейкія падрабязнасьці адмовіліся, спасылаючыся на забароны даваць любую інфармацыю без дазволу сьвятара. Ці зьвязаныя гэтыя два выпадкі паміж сабой — невядома, бо ніякага сьледзтва праваахоўчыя органы не праводзяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG